Выбрать главу

- Параюся са знаўцамі, але думаецца мне, што мы, таварышы, дарэмна тут капаемся. З такімі бразготкамі і званочкамі перасоўваліся пракажоныя, каб людзі да іх не набліжаліся. Мне паказвалі рыхтык такія ў Менску, у музеі.

Больш яны туды не хадзілі. Рэм нават рыдлёўку, апаганеную заразнай зямлёю, выкінуў.

Корвус пасля распавёў вынікі сваіх роспытаў. Туды, у гіблае месца за рэчкай, сапраўды адсялялі са Старавежска і ваколіцаў смяротна хворых. І не толькі. Здаралася, падчас чумы захварэлы ацаляўся. Яго маглі палічыць вечным увасабленнем пошасці, і ацалеламу небараку даводзілася сыходзіць да такіх жа ізгояў. Вар’ятаў таксама адпраўлялі ў страшнае паселішча... Таму і агароджы няма: хто ж пойдзе да заразных і шаленцаў? Хіба якісь Францыск Асізскі. Італійскі святы адмыслова жыў у такіх вось суполках, каб сцвердзіць міласэрнасць Божую.

Затое тут усе былі роўныя. І князь, і жабрак. Прыгонны больш не належаў пану. Жонка не належала мужу. Злачынца мог не баяцца пераследу за былыя грахі. Ніхто, акрамя Смерці, не меў улады над жыхарамі праклятага паселішча.

Грузавік тузануўся, кола ледзь не загразла ў глыбокай калюжыне. Матор зарычэў, як звер, што рвецца з пасткі... Дзякуй лёсу, выехалі. Галава Корвуса зноў стукнулася аб дно кузава. Рэм, трымаючыся адной рукой за борт, падсунуў настаўніку пад патыліцу ўласную шапку і пастараўся галаву непрытомнага трохі павярнуць набок, як Малгося вучыла. А то столькі высілкаў, а яшчэ і жывым не давязем. У Люцыяна нос пераламаны, ён можа ў крыві захлынуцца. Н-да... Вочы запухлі. Ілбом як мур таўклі... Вусны разбітыя. Якія там яшчэ пашкоджанні, лепш не гадаць, Люцыян прыкрыты да падбароддзя выпэцканым у крыві шынялём.

А ўсё ж так добра пачыналася... Не трэба было слухацца Малгосю. Трэба было паслаць упартага Корвуса на сухі лес з ягонай навуковай апантанасцю. Але Малгося ўпёрлася: мусім дапамагчы. Урэшце, жыццём Корвусу абавязаныя. А ён за праўду змагаецца, за развіццё савецкай навукі, супраць сабатажнікаў і фальсіфікатараў.

Вось і арганізавалі Магістру сустрэчу з самім начальнікам аддзела па барацьбе з сабатажам, таварышам Рыгорам Піліпавічам Самусем. Былым рыцарам Ордэна захавальнікаў. Які здабыў у сістэме дзяржбяспекі мянушку Касталом і рэпутацыю чалавека непадкупнага, вернага сталінца і непераўзыдзенага дазнавальніка.

Праўда, Малгося, якая працавала ўрачом у вайсковым шпіталі, сцвярджала, што Рыгору ні ў якім разе не варта было займаць пасаду, дзе ёсць нервовая напруга і дзе ён мае ўладу над людзьмі. Яму пралячыцца до­бра трэба. Атрыманыя на вайне пашкоджанні прагрэсуюць. Рэм і бачыў падчас усё радзейшых сустрэч, што сябрук раптам робіцца сам не свой, вочы пустыя, як гільзы, праз сціснутыя сківіцы толькі адно: “Сволачы.

Ворагі. Недабіткі праклятыя”. А яшчэ чуў Рэм ад таго-сяго з саслужыўцаў, што гэткі стан - нічога, яшчэ нармальна для Касталома. Вось калі ў яго сапраўды штось перакліньвае ў галаве, асабліва падчас допытаў...

Але Цвічок адмахваўся. У ягонай натуры, на шчасце ці няшчасце, та­кое было: прапускаць міма вушэй непрыемнае, тое, што разбурае звыклую карціну свету. Ну які Рыгор Касталом? Ён герой, які можа захінуць сабою сябра ад кулі, з адным пісталетам бяжыць на ўзвод фашыстаў... Добры, верны Рыгорка... Як шкадаваў, што ім не васямнаццаць, не бяруць на фронт! Калі сям’ю сакратара гаркама эвакуявалі сярод першых, збег, застаўся са сваім Ордэнам захавальнікаў, каб усім разам далучыцца да чырвонаармейцаў. Хто ж ведаў, што апынуцца ў акупацыі... І Корвуса выратаваў, пасля вайны ўжо, калі таго хацелі арыштаваць як фашыстоўскага паслугача. Усім сумнеўным даў перцу з імберцам, даказваючы, што Люцыян працаваў у немцаў перакладнікам па заданні партызан. Сведкаў прывёў, дабраўся ў маскоўскі шпіталь да камандзіра партызанскай брыгады, які з Магістрам справы вёў. Урэшце Корвуса нават узнагародзілі медалём “За адвагу” - але тут нічога не скажаш, заслужыў. Калі сышоў у атрад, колькі жыццяў выратаваў, як доктар, і колькі адняў, як жаўнер... Рэм таксама мае на сабе дзве латкі Корвуса - той зашываў яму раны на правым баку і на левай лытцы.

Цяпер жыццё лёгка падзяліць на серыі, як кінастужку. Да вайны. Ад пачатку вайны да вызвалення Старавежска. Ад прыходу нашых - да Перамогі.

Старавежск... Дымяцца руіны... Танкі з чырвонымі зоркамі... Корвуса ўзялі на працу ў палявы шпіталь. Малгося і Жэнька запісаліся на курсы санінструктараў. Рэм - на фронт. Рыгор - на камандзірскія курсы. Шляхі рыцараў Ордэна захавальнікаў нібыта разышліся назаўсёды. Але пасля Перамогі Рэма знайшла ў вайсковай частцы паштоўка: Рыгор і Жэнька запрашалі на вяселле ў Менск!