Выбрать главу

Зрабіць доктара прататыпам галоўнага героя мяне змусіў кароткі ўспамін беларускага паэта, які ў турме-“амерыканцы” ў 1952-м годзе апынуўся ў адной камеры з біёлагам Люцыянам Корвусам па мянушцы Канкістадор. Таго арыштавалі па справе ўрачоў-забойцаў. Габрэям не быў, але зацята бараніў калегаў, што “падпадалі”, і быў прызнаны саўдзельнікам. Прысуд - дзесяць год лагероў. Ці выжыў - невядома. Корвуса прыносілі з допытаў страшэнна збітага. Саджалі ў карцар, дзе можна было толькі стаяць, а перад вачыма міргала зыркая лямпачка. Пасля такога карцару ў чалавека яшчэ доўга ў такт з тым, як міргала лямпачка, заплюшчваліся і адплюшчваліся вочы, і ўсе мышцы твару сціскаліся і расслабляліся. Чала­век вар’яцеў. У Корвуса, аднак, такога не здарылася. Наадварот, спакойна заявіў, што цудоўна выспаўся. І ўсё, што ад яго маглі дабіцца на допытах -лацінскага выслоўя “Conscienta mille testes”. Сумленне вартае тысячы сведкаў. Спадар доктар упарта паўтараў гэта на ўсе цытаванні даносаў і сяброўскіх прызнанняў. Следчыя шалелі. Лічылі за здзек. Корвус яшчэ і лекаваў суседзяў па камеры - без медыкаментаў, рукамі. Здымаў боль. Упраўляў вывіхі. Спыняў кроў. Пасля суда хуткага і няправеднага шляхі паэта і біёлага разышліся.

Згадзіцеся, людзі, якія праяўляюць незвычайную трываласць у экстрэмальных абставінах, чапляюць. Хочацца прасачыць іх лёс. А тут яшчэ падчас блуканняў па Вайсковых могілках натрапіла на помнічак, на якім было выбіта “Люцыян Станіслававіч Корвус”, і не мелася ніякіх датаў. Загадка! Я вырашыла, што Люцыян Корвус стане героем майго новага рамана... І ў пошуках звярнулася да надзейнай крыніцы - стваральніка папулярнага сайта “Дзе-Беларусь”.

І ўсё-ткі, чаму звестак няма? Можа, я раблю якую-небудзь памылку, прычым відавочную?

Я адкрыла файл з успамінамі рэпрэсаванага геолага Уладзіміра Пятровіча Багацько, які адбываў пакаранне там жа, дзе і мой герой. І хутка натрапіла на згадку пра Лук’яна Сцяпанавіча Дзякловіча, ссыльнага доктара, які працаваў у сангарадку Затока.

Корвус-Дзякловічы! Можа, памылка мая ў тым, што я шукала Люцыя­на Корвуса, а ён, маючы падвойнае прозвішча, для сяброў прадстаўляўся Корвусам, афіцыйна называўся Дзякловічам, і фігуруе ў крыніцах пад абодвума імёнамі? Неверагодна - але ўсялякае бывае... “Корвус” - гэта ж для эпохі татальнай падазронасці занадта замежна. А ў высылцы ягонае “Люцыян Станіслававіч” цалкам маглі памяняць на прывычнае “Лук’ян Сцяпанавіч”.

Чытаць успаміны былых вязняў ГУЛАГа страшэнна цяжка. Іх аўтары часта людзі інтэлігентныя, якія маглі аналізаваць, што адбываецца. У ла­геры, дзе “перавыхоўваліся” геолаг і доктар, меліся ўсе нацыянальнасці... Польскія “акаўцы”, баптысты з Валыні, этап чачэнцаў і інгушоў... Хло­пец з Мураму, які ў шаснаццаць гадоў збег з завода на фронт, ваяваў, а пасля быў асуджаны на пяць гадоў лагероў за дэзерцірства з працоўнага фронту... Венгерскія габрэі, чые сем’і знішчылі ў Асвенцыме, а іх, працаздольных мужчын, фашысты сагналі ў атрады і змушалі капаць акопы. А пасля вызвалення ўсіх з тых атрадаў адправілі ўжо ў савецкія лагеры. Ваеннапалоннымі небарак не назавеш. Таму на іх лёс проста... забыліся. Сядзяць - і сядзяць.

А яшчэ з аўтарам успамінаў працаваў адзін пралетарый з Ташкента, слесар трэцяга разраду, якога заграблі за тое, што выпісваў газету “Правда Востока”. У сорак чацвёртым гэты цалкам правільны орган ЦК Кампартыі

Узбекістана надрукаваў ліст югаслаўскага галоўнакамандуючага Броз Ціта да савецкага галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна. Узбекскі наборшчык прапусціў адну літару. У загалоўку перад прозвішчам “Сталін” буйным шрыфтам красавалася “гаўнакамандуючы”. Усю рэдакцыю расстралялі. Наклад канфіскавалі. Але газетка ўжо разышлася па падпісчыках, адным з якіх і быў наш слесар. Яго заспелі, калі ўслых чытаў прыхопленую на працу “Правду Востока”, а паколькі кашчунны загаловак быў павернуты да ўсіх супрацоўнікаў, гэта палічылі прапагандай. Напэўна, сумленны слесар сто разоў пракляў ліквідацыю непісьменнасці ва Узбекістане...

Доктар Лук’ян Дзякловіч быў у гэтым пазасвецці аўтарытэтам. Нават для крымінальнікаў, якія лічыліся прывілеяванай кастай. Лекаваў лагернае начальства. А мясцовыя жыхары празвалі яго добрым чараўніком з Затокі. Багацько ўспамінае, што Дзякловіч напісаў трактат пра пелагру - страшную хваробу, якая ўзнікае ад недахопу пэўных рэчываў у харчаванні, потым даследаванне пра наступствы працяглага галадання... Праілюстраваў каляровымі малюнкамі... Абедзве працы былі адасланыя “ў цэнтр” і зніклі ў маскоўскіх архівах. Манаграфію пра антыбіётыкі Дзякловіч проста падарыў адной маладой дактарыцы, каб друкавала ад свайго імя. Яшчэ геолаг згадваў, што жонка Дзякловіча сядзела ў лагеры непадалёк, а ён пра гэта не ведаў. Высветлілася толькі пасля смерці вусатага вупыра. Але сустрэцца не паспелі.