Выбрать главу

У сангарадку была добрая самадзейнасць. Ну яшчэ б, нават народныя артысты сярод зэкаў. Адзін паэт-беларус (геолаг не называе яго прозвішча) напісаў п’есу. Неверагодна фальшывая, але ідэалагічна правільная гісторыя перавыхавання сабатажніка ў іх лагеры. Гэткія “Кубанскія казакі” ў ГУЛАГу. Але, пакуль дайшло да першай рэпетыцыі, аўтара застрэлілі ахоўнікі нібыта за спробу пабегу. Натуральна, твор злачынцы не мог быць пастаўлены. А самадзейны тэатр - гэта і пайка, і цяпло, і, магчыма, выратаванае жыццё! Тым больш сярод артыстаў дзве зняможаныя жанчыны, якія калісь ігралі ў сапраўдным тэатры ў Тбілісі, і іх маглі адправіць назад у лес, цягаць бярвенне... Трэба было ратаваць спектакль. Параіліся, і Дзякловіч, найбольш цанімы начальствам, згадзіўся назваць аўтарам п’есы сябе.

Прэм’ера адбылася ў бальнічнай актавай зале. Зэкі весяліліся. А начлагера вырашыў, што ўсё дзейства - пратэст, бунт, падбухторванне... Ды яшчэ і асабістую абразу ўгледзеў. Яму гэта давялі шасцёркі, якія зайздросцілі “халяўшчыкам”.

Вельмі нагадвае гісторыю з драматургам Васілём Шашалевічам. Ён таксама ў зняволенні напісаў п’есу пра свой лагер, яе паставілі ў лагернай сталоўцы, начальнік абурыўся і адправіў Шашалевіча валіць лес... Васіль быў сухотны, таму сядзеў ля вогнішча з фанеркай і адзначаў нормы. І там на яго знарок павалілі бярозу. І так, што тая, упаўшы, прыціснула драма­турга да вогнішча. Дрэва магутнае, не падняць... Давялося распілоўваць... Пакуль вязня вызвалілі - абгарэў. Ажно вочы выцеклі. Але яшчэ быў жывы, памёр у лагпункце.

Дзякловіча таксама ў пакаранне адправілі на цяжкую працу - рабіць цэглу. Крымінальнікам далі ўказанне: расправіцца з нягоднікам. Як мага больш жорстка, няхай памучыцца. Але каб выглядала як няшчасны выпадак.

Гэта былі не “законнікі”, а “сукі” - крымінальнікі, якія супрацоўнічалі з лагерным начальствам. Злодзеі ў законе, магчыма, не сталі б забіваць доктара - персону імі паважаную, альбо зрабілі гэта не так жорстка. А для “сук” не існавала ніякіх межаў у вычварэнствах над “мужыкамі”. З доктара здзекваліся цэлыя суткі. Побач з цагельным цэхам быў швейны... Камусь у галаву прыйшла “дасціпная” думка: доктар робіць уколы, цяпер трэба зрабіць уколы доктару. Набралі іголак... Не, не змушайце мяне расказваць... Я сама хачу забыць. Ха-чу за-быць...

Потым здарыўся і “няшчасны выпадак”: доктар “уваліўся” ў печ, дзе абпякалі цагліны. Уваліўся па пояс. І некаторы час быў яшчэ жывы.

Ха-чу за-быць...

Дарэчы, забойцаў цудадзейнага доктара Дзякловіча пасля другія зэкі пералавілі і таксама ўчынілі “няшчасныя выпадкі”... А жонцы забітага крадма аддалі жменю голак, змяшаную з попелам. Яна сказала - пахавае ў роднай зямлі, куды доктар так марыў вярнуцца.

Я сядзела, апусціўшы галаву на стол, як Гойя на гравюры, над маёй галавой таксама віліся пачвары, і мне хацелася прачнуцца. Абудзіцца ў свеце, дзе нічога падобнага не можа быць, ніхто не заганяе ў жывога чалавека голкі за тое, што ён іначай думае. Нікога не бэсцяць, не залічваюць у падонкі проста таму, што ён не любіць сістэму ці нейкую ідэю. Дзе не можа быць пад помнікам пахаваная толькі жменя абгарэлых іголак.

І я разумела, што напісаць менавіта так, як вычытала ва ўспамінах геолага, я не змагу. Гісторыя майго героя будзе іншай.

Так, балючай і трагічнай. Але іншай.

І можа быць, хтосьці з тых, хто яе прачытае, аднойчы адмовіцца выбіраць між ролямі ката, здрадніка ці ахвяры.

Таму што застанецца чалавекам. Проста чалавекам на сваёй зямлі.

Ну неяк так... Хопіць пафасу? Альбо яшчэ падкінуць? Я магу. Вось толькі не магу забыцца на забытых.

Мнемазіна ступае па нашай гісторыі свінцовымі абцасамі. Чуеце?

Каментарыі:

Трандуіл: хня фанф не панімаю што за пляскі вакол такой хні адмін выдалі фанф Рублеўскай

2016