Выбрать главу

Адась. Але. У кіно ці ў тэатр у нас жа не сходзіш. (Бярэ вянок.)

Лявон. Яшчэ добра, што паліцыя нам варажыць не забараняе. (Узяўшы вянок.) О, які мне прыгожы папаўся!

Усе хлопцы бяруць па вянку і па прыкладу дзяўчат надзяюць іх сабе на галовы.

Люба. То ўставайце, пакуль курч у ногі не ўбіўся, ды на бераг хутчэй.

Міхась (устаючы). А, сапраўды, у мяне ўжо змярцвела адна нага.

Усе ўстаюць і ідуць на бераг ракі спяваючы.

Між гор, між даліны Цякуць тры ручаіны. Каля тых ручаёчкаў Малойчык пахаджае, Ручаёў аглядае. Адзін ручаёчак — салодкі мядочак, Другі ручаёчак — зеляно віно, Трэці ручаёчак — крынічная вада. Салодкі мядочак — для маладога малойца, Зеляно віно — для дзяўчыны яго, А крынічная вада — для варанога каня.

Люба (здымаючы з галавы вянок). Ну, каралі і каралевы, скідайце свае кароны.

Усе здымаюць вянкі з галоў.

Аддадзім мы іх у дар цару вадзяному, і няхай ён нам за гэта пакажа, хто з кім пажэніцца ў сёлетнім годзе. (Лічыць.) Раз, два, тры!

Усе кідаюць вянкі ў ваду і сочаць за імі.

Надзя. А чые ж гэта вянкі сышліся?

Лявон. Адзін — мой.

Яніна. Другі — мой.

Люба. О, вяселле! Вяселле будзе!

Дзяўчаты і хлопцы акружаюць Лявона з Янінай і пяюць ім:

Свякроў нявесткі жадом жадала, Па ўсіх дарожках старажоў стаўляла. — Не едзь, нявестка, ка мне фарсіста — Прыедзь, нявестка, ка мне шчасліва Ды пусці шчасце па маёй хаце, Ды пусці долю па маім полі.

Лявон. Дык вось найгоршая бяда, што ў мяне поля ніякага няма.

Люба. Але ж вы любіце адзін аднаго.

Лявон. Адкуль ты ўзяла гэта?

Міхась. А дзе там Лявону прыступіцца да Яніны за асаднікам. Ганецкі ж за ёй, як цень, па пятах ходзіць.

Лявон. Ды хіба ж можа што быць паміж парабкам і яго гаспадыняй.

Люба. Шыла ў мяшку не ўтоіш. Гэта там Лабыш пад носам у сябе не бачыць нічога, а людзям збоку лепш відаць.

Лявон. Людзям часамі і мурашка канём здаецца.

Яніна. Ды ты ўжо не апраўдвайся, Лявон!

Адась. Правільна, бо не ашукаеш нікога.

Люба (да музыкантаў). А цяпер, музыканцікі, вы нам польку рэзніце, але такую — драбней маку! Каб нашы непаваротлівыя хлопцы і на адной назе выкруціцца не маглі.

Музыканты іграюць польку ў паскораным тэмпе.

Міхась (падыходзячы да Любы). Ну, давай жа паспрабуем, ці выкруцімся.

Адась (падыходзячы да Надзі). Давай і мы.

Уся моладзь ідзе танцаваць, Лявон танцуе з Янінай.

Міхась (танцуючы, да Любы). Ты сама мешкаватая, я гляджу.

Люба. А цябе, мусіць, нейкі віхор круціць, толькі не музыка.

Міхась. Эх ты?.. (Камандуе.) Дзеўкі! Трымайся за дзягу: полька ўлева!

Усе пары круцяцца шпарка ў левы бок. З’яўляецца Альжбета з кіем у руках.

Альжбета (падыходзіць да музыкантаў і кладзе руку на гармонік). Досыць іграць!

Музыка сціхае.

Альжбета (да Адася). Дзяцюк, марш дамоў!

Адась (адпусціўшы Надзю). Чаго гэта?

Альжбета. Яшчэ пытаецца — чаго, неслух! Думаеш, не бачу, што ты з гэтым смеццем — служанкай Лабышавай — круцішся!

Адась. Яна мая нявеста.

Лявон. Брыдка, цётка, абражаць так дзяўчыну, брыдка!

Альжбета. Ты не адвакат яе і не суддзя мне, так што не сунь свайго носу, куды не трэба.

Надзя непрыкметна ідзе да лесу і знікае.

Люба. Дык, па-вашаму, цёця, я таксама смецце, раз я бедная, так выходзіць?

Альжбета. Я да цябе нічога не маю: ты не вяжашся да майго сына!

Адась. Ідзі спаць, старая, што табе тут трэба?

Альжбета (стукаючы кіем у зямлю). Як што? Павянчаць вас прыйшла! Пакуль поп, дык я першая хачу! (Заўважыўшы, што Надзі няма.) Во, як яе змяло, цяпер і я магу ісці дахаты.

Адась (убачыўшы, што Надзя знікла). Надзя! Надзя! Пачакай! (Бяжыць шукаць яе, але ў процілеглы бок.)

Альжбета (услед яму). Каб ты ногі паламаў! Каб ты вочы высадзіў! Вярніся!.. От, божа мой мілы, людзі зямлі шукаюць, людзі грошы пытаюць, а ён жа ж хоць бы карову ці свінню якую ўзяў…