Выбрать главу

Максім. І шкодная.

Люба. Што шкодная, то праўда. Гэта ж малако ад каровы адбярэ, і крапіва не памагае, што на Купалле над хлевам павесіш.

З’яўляецца Ляснічыха.

Ляснічыха (складаючы накрыж рукі). Літасць боская на ўсіх веруючых і гнеў божы на ўсіх недаверкаў…

Міхась. Выходзіць, вы ў бога верыце, а кажуць жа, што з нячыстай сілай звязаны.

Ляснічыха. Мне падуладны дваякія сілы: неба і пекла.

Адась. А якой жа магіяй вы больш займаецеся, белай ці чорнай?

Ляснічыха. Нараўне. На добрых людзей я ангелаў насылаю, на ліхіх — чарцей пускаю.

Дзед Струкач. Ты, баба, хітрая, але ты б узяла паказала нам цуд які.

Яніна. Што вы, дзядуля?

Ляснічыха. Хто сілу сваю растрачвае без патрэбы, той не можа быць моцным… (Дастаўшы карты і тасуючы іх.) Ну, каму паваражыць, усю праўду далажыць: што было, што будзе, згадаць; добрую параду даць… Як, ніхто не хоча варажыць?.. Тады, можа, каго палячыць? Я зелляў шмат маю і ўсім памагаю — ад кашлю і колькі, ад усялякай болькі…

Дзед Струкач. Ведаю: ты і здароваму хваробу ўгаварыць можаш.

Міхась. І грэшнага ў рай адправіць.

Адась. Нічога дзіўнага. Лекі папраўляюць і атручваюць.

Ляснічыха. А я кабета спагадлівая: нікому ні ў чым не адмаўляю… Але ў мяне няма атруты. У мяне ёсць толькі жывая і мёртвая вада.

Максім. А што ў вас яшчэ ёсць, цікава?

Ляснічыха. Усё ёсць. Калі хлопец не кахае, зелля дам — і спадабае. Каб дзяўчыну ашукаць, магу і такога зелля даць.

Дзед Струкач. А ты старога памаладзіць можаш?

Ляснічыха. Магу, толькі гэта вельмі, вельмі дорага каштаваць будзе.

Дзед Струкач. А брыдкага прыгожым таксама зрабіць можаш?

Ляснічыха. Вядома. Толькі і гэта не па мужыцкай кішэні… А чаму ты пытаешся?

Дзед Струкач. Бачыш, і мне б хацелася дзеўкам падабацца.

Ляснічыха. Табе? Дзеўкам?

Дзед Струкач. А што? Ды я яшчэ каб абняў каторую ды пацалаваў, дык яна б не ведала ад шчасця на якім свеце знаходзіцца.

Ляснічыха. Абняў, пацалаваў… А далей што?

Дзед Струкач. І далей не падкачаў бы, стары конь баразны не псуе.

Ляснічыха. От лунь сівы!

Дзед Струкач. Я сівы, але яшчэ маю кавалак сілы. Я яшчэ б і ажаніўся, каб так дзе кабеціну ўсмятку знайшоў.

Ляснічыха. Ат, што мне зубы з табой скаліць! Няма ў мяне часу на гэта. (Да моладзі.) Дык прыходзьце да мяне, мілыя, усяго магу даць: любізніку, разлюбізніку — чаго каму трэба будзе. (Выходзіць.)

Адась. Во дзе шарлатанка!

Яніна. Чыстая шайтанка! Добра, што і пайшла адсюль.

Дзед Струкач. Пайду і я. Не буду перашкаджаць вам. Паглядзеў на вас крыху, і хопіць з мяне. Гуляйце, весяліцеся сабе. (Выходзіць.)

Люба. Ну, а зараз, хто хоча ўбачыць у сне свой лёс або свайго суджанага, няхай памыецца ў пшанічнай расе і, не размаўляючы ні з кім, адпраўляецца спаць. Тое, што прысніцца ў гэтую ноч, збудзецца абавязкова. Так што бягом да пшаніцы!

Дзяўчаты выбягаюць.

Адась (адвёўшы Міхася, Лявона і Максіма ўбок). Мне трэба, хлопцы, пагаварыць з вамі. Правядзём крыху дзевак і назад вернемся.

Міхась. Ёсць што новае?

Адась. Ёсць.

Лявон. Дык добра.

Прыбягаюць дзяўчаты, усе з мокрымі тварамі.

Лявон. Яня!

Міхась. Люба!

Адась. Што вы, паглухлі?

Лявон (пяе):

Разлятайцеся, прыпеўкі, Пад самае неба, Панямелі нашы дзеўкі, Нам такіх не трэба.

Смех.

Міхась (да Любы). Можа, цябе правесці дахаты?

Люба. Я і без цябе зайду… Цьфу, спакуснік!

Яніна (гледзячы на Любу). Ха-ха-ха!

Лявон (да Яніны). Што, і ты прагарэла?

Яніна. Не, я ж толькі… А каб цябе немач!

Весела гамонячы паміж сабою, моладзь і музыканты разыходзяцца.

Лявон. Пачакай, Янечка. Раз нашы вянкі, як і душы, сышліся, дык дазволь мне пярсцёнак падарыць табе. На, вазьмі разам з сэрцам маім.

Яніна. Я буду берагчы яго і клянуся табе святым Іванам Купалам, што я буду твая.

Лявон. А калі бацька ўсё-такі не захоча выдаць цябе за мяне?

Яніна. Клянуся табе яшчэ раз: я буду твая… або нічыя.