Выбрать главу

Лявон. Дык пройдзем, мая радасць, я правяду цябе крышку.

Лявон і Яніна адыходзяць. Нейкі момант на поплаве пуста, потым з’яўляюцца Ганецкі і Анатоль. Анатоль у форме фашысцкай арганізацыі «Стралец».

Ганецкі. Хутарызацыю мы павінны правесці. Гэта наш абавязак дапамагчы паважанаму сялянству, як бы там не супраціўлялася галата…

Анатоль. Ціха, нехта ідзе сюды. Можа, якая-небудзь бесклапотная парачка начлег тут сабе аблюбавала. Давайце схаваемся ды паглядзім.

Ганецкі і Анатоль хаваюцца ў кусты. З’яўляюцца Адась, Міхась і Максім.

Адась. А дзе ж Лявон?

Міхась. З каханай, відаць, ніяк не можа развітацца.

Максім. І чым гэта ў іх скончыцца, цікава?

Адась. А вунь і ён ідзе.

З’яўляецца Лявон.

Міхась (да Адася). Дык кажы, што там за навіны.

Адась. На Мядзельшчыне паўсталі нарачанскія рыбакі. На Палессі бастуюць лесарубы, у Лідзе — чыгуначнікі…

Лявон. Здорава.

Адась. У Беластоку і Брэсце ў дэманстрацыях удзельнічалі і сяляне. Тут змяшаліся і палякі, і беларусы, і яўрэі… Што там рабілася — жах! А паліцыя баялася і нос выткнуць на вуліцу.

Максім. Дзе ты чуў гэта?

Адась. Сёння ў валасным камітэце збіраліся сакратары ячэек.

Міхась. Трэба і нам дапамагчы гораду.

Адась. Так. Але не толькі прадуктамі, а і жывой сілай. Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады…

Міхась. Ясна. А што рабіць з паліцыяй, якая цяпер разам з каморнікамі за хутары ўзялася? Там не гаварылі часам?

Максім. Каламі, каламі яе з поля!

Адась. На паліцыю трэба пускаць жанчын з дзецьмі. Гэта памагае, кажуць. Штрафаў не плаціць. Растлумачваць народу, што грошы са штрафаў ідуць на ўтрыманне тайнай паліцыі, а таму лепш адседзець колькі сутак, чым плаціць.

Лявон. Лістоўкі ёсць?

Адась. Ёсць. (Дастае з-за пазухі жмут лістовак.) Таварышы з горада не скупяцца на іх. Можна ўсе хаты ў вёсцы абляпіць імі. (Дае частку лістовак Лявону, частку Міхасю.) Вы іх расклейце ў вёсцы сёння. Ты, Максім, вазьміся за збор хлеба бастуючым рабочым.

Максім. Гэта дробязь. Я яшчэ бяруся каменданта і войта ўкакошыць.

Адась. І што з таго? На іх месца другія стануць. Рабі тое, што табе загадана… Ну, пойдзем адсюль, бо зараз і ноч разбяруць людзі… (Устае са свайго месца.)

Хлопцы адыходзяць. З кустоў вылазіць Ганецкі, за ім Анатоль.

Ганецкі. О, калі напалі на бальшавіцкае гняздо. Вось хто народ муціць.

Анатоль. Я вярнуся на пастарунак і заяўлю ў паліцыю. Зробім з імі тое, што з Міколам Глінскім і Сцёпкам Бутовічам. Схапіць свалату сёння ж.

Ганецкі. Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з карэннямі знішчыць крамолу.

Анатоль. Я з іх вока не спушчу цяпер. Басата праклятая!.. Ну, бывайце, нам ужо не па дарозе.

Ганецкі. Да відзэння. Не забудзьце перадаць ад мяне прывітанне ойцу і панне Яніне. Скажыце ойцу, што я ў вас днямі буду, і намякніце яму аб маіх намерах.

Анатоль. Я ўсё, пане Ганецкі, зраблю, што ад мяне залежыць.

Анатоль і Ганецкі разыходзяцца.

Заслона.

АКТ ДРУГІ

Карціна другая

Пакой у доме Лабыша. Злева, бліжэй да гледачоў, уваходныя дзверы; насупраць — дзверы ў суседні пакой. У левым куце на лаве стаіць прасніца з кудзеляй, пры ёй на падлозе — калаўрот. У правым куце пад абразамі — доўгі кухонны стол і тры табурэткі. Каля ўваходных дзвярэй — шырокая канапа. У пакоі Яніна і Надзя. Яны прыбіраюць са стала рэшткі ежы.

Надзя. Дык хоць я і люблю яго, але прыйдзецца выкінуць з сэрца. Нашто ж мне цярпець такую абразу? Ці на ім ужо свет клінам сышоўся? Учора і свята было, але я знарок яму на вочы не паказвалася.

Яніна. А хіба ён вінаваты, што ў яго маці гэтакая?

Надзя. Няхай яна выбірае яму, каго сабе хоча, а я і без яго пражыву.

Яніна. Нічога, усё будзе добра. Матка не перашкодзіць яму ў жаніцьбе. Калі яна не супакоіцца, дык ён і аддзяліцца ад яе можа. Я вось у горшым становішчы, ды і то духам не падаю. Мой бацька не гэтак заскача, як пачуе, што я Лявона кахаю.

Надзя. І пачуе, бо людзі паднялі ўжо на языкі.