Выбрать главу

Яніна. Мы самі яму хутчэй скажам аб гэтым. Хопіць гуляць у хованкі!

Уваходзіць Анатоль.

Анатоль. Ідзі, Яня, копы растрасаць, а то сена не высахне.

Надзя. Ідзі, Янечка, і я зараз іду, толькі хату падмяту. (Бярэ венік і мяце хату.)

Яніна выходзіць.

Анатоль. Ты сёння незвычайная, Надзя, свежая, румяная.

Надзя. Як крапіва пад плотам.

Анатоль. Не-е, як ружа гародняя.

Надзя. Ну-у, выдумаў!

Анатоль. У цябе любы пан можа закахацца, калі ўбачыць.

Надзя. Што гэта табе прыйшло ў галаву хваліць мяне?

Чуецца тупат ног за дзвярыма.

Анатоль (незадаволена). Некага ж нясе сюды нячыстая сіла.

Уваходзіць Люба.

Люба. Добры дзень.

Надзя. Добры дзень, Любка.

Люба. Ну, Толік, я прыйшла па грошы за поліва.

Анатоль. А колькі ж табе належыць?

Люба. Па злоту за дзень, як і дамовіліся, а за два дні — два злоты, значыць.

Анатоль. Не дам я табе па злоту: за табой палавіну травы засталося. Калі хочаш, па пяцьдзесят грошаў заплачу.

Люба. Дзе ж там тая трава? Што ты выдумляеш?

Анатоль. А дзе гэта хто бачыў, каб бабы па злоту ў дзень зараблялі?

Люба. Ты не будзь хітрэй свайго бацькі. Ён хоць і скупы, але калі дамовіўся, то не скруціць.

Анатоль. На табе паўтара злота і не барабань тут, як малатарня! І гэтага зашмат для цябе. (Дастае з кішэні і працягвае іх Любе.)

Люба (беручы грошы). Няхай табе майго паўзлота праз бок вылезе, круцель! Ну, больш ты мяне не ашукаеш. (Выходзіць.)

Анатоль (услед ёй). Кляні, кляні! Але на сябе бяры.

Надзя. О, ты ўжо, бачу я, лепш за бацьку за гаспадарку бярэшся? Ці не жаніцца задумаў толькі?

Анатоль. А ты пойдзеш за мяне замуж?

Надзя. Не смейся з мяне.

Анатоль. Я не смяюся. Я сур’ёзна пытаю, бо ты мне падабаешся.

Надзя. Я ж сястра твая.

Анатоль. Якая ты ўжо сястра мне? Траюрадная — дзесятая вада на кісялі, як кажуць.

Надзя. У цябе ж Антаніна ёсць.

Анатоль. Антаніна… Нашто яна мне — рабая, старая.

Надзя. Але ж у яе панчоха золата. А я ж бедная.

Анатоль. Тваё хараство даражэй яе багацця, калі хочаш ведаць.

Надзя. Не веру я ніводнаму слову твайму!.. (Ставіць у кут венік і хоча выйсці з хаты, але Анатоль заступае дарогу ёй.) Што табе трэба ад мяне?!

Анатоль. Я люблю цябе і буду з табой жаніцца. (Раптам абдымае Надзю і цалуе.) Ты не бойся мяне, што б я не зрабіў з табой, я цябе не кіну. (Прыціскае яе мацней да сябе.)

Надзя падымае крык. На крык убягае Лабыш. Анатоль пускае Надзю.

Надзя (да Анатоля). Нахабнік! (Выходзіць.)

Лабыш (да Анатоля). Эх ты, скаціна бязрогая… Жаніўся б, калі так ужо не церпіцца.

Анатоль. Што, можа, з ёй і жаніцца скажаш?

Лабыш. А чаму б і не з ёй? Чым кепская дзеўка?

Анатоль. Ну, каб жа яе цудоўныя ножкі ды мелі дзесяцін дзесяць зямлі пад сабой або каб да яе прыгожага твару ды хоць пару тысяч злоцікаў, дык можна было б і пра жаніцьбу падумаць.

Лабыш. Дык вось прыйшоў час адкрыць табе, хто такая Надзя. Аб ёй тут ніхто нічога не ведае, таму што яна папала да нас здалёку і зусім маленькая, а я знарок трымаў усё ў таямніцы. Яе бацькі пасля смерці пакінулі ёй валоку зямлі. Тую зямлю я прадаў і грошы паклаў у банк на яе імя.

Анатоль. А чаго ж ты, бацька, раней не гаварыў мне аб гэтым. На чорта ж я час марнаваў з зязюляй старой — Антанінай Пясецкай.

Лабыш. І тая дзеўка добрая.

Анатоль. Дык Надзя маладзейшая, харашэйшая.

Лабыш. І ў хаце ўжо ў нас.

Анатоль. Не ведаў я, што яна дзеўка цёплая, не было б таго. Але нічога, я сваю памылку папраўлю.

Лабыш. Ну, ты ўжо, можна сказаць, у парадку, застаецца толькі Яню ўпарадкаваць.

Анатоль. Цьфу ты! Я ж і забыўся зусім, для яе ж жаніх добры здараецца — пан Ганецкі. Заўчора ён аб’явіў аб сваім жаданні парадніцца з намі.

Лабыш. Ганецкі!.. Дык ён жа паляк.

Анатоль. Рускі ці паляк — усё адно хрысціянін. Лепшага жаніха не падбярэш.

Лабыш. Ды я не аб гэтым. Ён жа пан…

Анатоль. А мы што — лыкам шыты. (Папраўляе пояс на стралецкім мундзіры і канфедэратку на галаве і збіраецца ісці.)