Выбрать главу

— Мне ўжо даводзілася чуць ад вас жа, як вы ставіцеся да вядомасці. Ды ўсё ж — яшчэ раз — як?

— Вядомасць — паняцце адноснае. Сапраўды, на адной вуліцы пазнаюць, а на суседняй не вітаюцца. Бальшыне паэтаў проста здаецца, што іх занадта добра ведаюць. А на самой справе аднаго ведаюць па якой-небудзь шумнай гісторыі ці па радку, што трапіў у газетны загаловак, другога проста па выступленнях перад чытачамі ці па тэлеэкрану. Тэлебачанне — вялікая спакуса. Але можна і проста прамільгацца, прамільгацець. Даводзіцца зазначаць сумна, што беларускіх паэтаў з прычыны іхняй прыроджанай нацыянальнай сціпласці, ці што, ведаюць мала. Помню, як апошні раз выступаў у філармоніі на нейкім тэматычным вечары выдатны паэт нашай краіны Аркадзь Куляшоў. Хліпкая купка навучэнцаў ды колькі сапраўдных аматараў паэзіі. Паэт вяшчаў у напаўпустую залу. А гэта ж было яго апошняе, з болем у сэрцы думаем цяпер, выступленне перад чытацкай аўдыторыяй. Дык гэта ж Куляшоў! А што казаць пра астатніх? Пра маё пакаленне?

— На старонках «Литературной газеты» паэт Давід Самойлаў, а за ім крытык Сяргей Чупрынін адзначаюць у шмат каго з маладых паэтаў рэакцыю адрынання ад пастулату зразумеласці, абавязковае атаясамленне філасафічнасці з рызыкоўнымі эксперыментамі ў сэнсавых, паняццевых адносінах і спробамі нязвычнай версіфікацыі. Гэтакае паэтычнае рэтра — літаратурная псеўданавіннасць на базе такі забытай літаратурнай явы канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Ці лічыце вы, што гэты працэс закрануў і беларускую літаратуру?

— Вядомасць пэўнага паэта забяспечвае яму недапушчальную даступнасць. Ён так намагаецца быць зразумелым агромністай аўдыторыі, што збіваецца на танны эфект, на баналыіасць, на скамарошнічанне, нават на клікунства. З'яўляецца «прарок» без ніякага на тое права. Без разумення сапраўднай важнасці сваёй місіі і свайго рамяства, без жадання нястомна вучыцца, быць сціплым. Асэнсаваць заваёвы паэзіі да цябе: дзіця разбірае цацку. Вучыцца. Кола даўно выдумана, але чаляднік мусіць яго сам нанова выдумаць, каб стаць майстрам. Віно спачатку бушуе, бродзіць, а потым спакойна перамагае сваёй вытрыманай моцнасцю. Але калі малады пачынае роўна, задужа спакойна, капіруючы з маўклівай слухмянасцю старэйшых, ён ужо ў сваім пачатковым шляху зжывае сябе, не дае сабе мажлівасці расці, не сцвярджае сябе пошукамі шляху — ён гэтым самым працуе на ўчора, а не на заўтра. Калі б Алесь Разанаў не эксперыментаваў, ён не стаў бы такім ні на кога не падобным самабытным паэтам. Цікава пачынае сёння і зусім малады ў сэнсе творчасці Анатоль Сыс. Ён разумее, што маладой паэзіі нашай яшчэ трэба ўрасці ў горад, атрымаць, залыгаць свайго гарадскога чытача, беларускамоўнага, нацыянальнага. Неабходны пошук, смелы пошук. Праўда, кажуць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Няхай. Таму і забываецца, пэўна, стараецца быць забытым, каб яго ўспаміналі, шукалі, тым самым не гублялі майстэрства, вечнасць ісціны.

— Што можна лічыць найболей характэрным для сённяшняй беларускай паэзіі — у творчасці яе прызнаных майстроў і ў заяўках маладых?

— Сённяшні дзень беларускай паэзіі не такі бясхмарны, не такі акрэслена пэўны, якім быў ён у пяцідзесятыя гады. Было загадзя зразумела, хто класік, хто класікам будзе, а хто ўсё жыццё будзе проста падаваць надзеі. Сёння ўсё складаней. Індульгенцыі на неўміручасць выдаюцца неахвотна. Дый чытач як быццам перакарміўся паэзіяй, бо і сам зрыфмаваць умее, калі трэба. На гэтым і супакоіўся. Сумна, вядома. Бо існуе ж пры ўсім тым сапраўдная паэзія, у тым ліку нацыянальная. Але яна нібыта схаваная ад нашага чытача. Ёй цяжка да таго ж прабіцца да чытача. Нашай роднай паэзіі, каб выстаяць, выжыць, варта ўлічыць такі момант, як канкурэнтаздольнасць, даступнасць нашаму чытачу не толькі паэзіі беларускай. Не проста па-беларуску трэба выказваць паэту «агульнасаюзныя» ісціны, а самому, што завецца, варушыцца. Так на памяць і прыходзіць ушацкая скарга маладой жонкі: «Ці ты хвор, ці нядуж, ці якое ліха? Я кручуся, шавялюся, а ты ляжыш ціха». Хоць, вядома, жарты ўвагі варты. Пімен Панчанка і Генадзь Бураўкін, Яўгенія Янішчыц і Данута Бічэль-Загнетава, Уладзімір Някляеў і Леанід Галубовіч. А далей? Віктар Шніп і Павел Шруб і іншыя цікавыя імёны сённяшняй маладой нашай паэзіі, зарука яе дня заўтрашняга.