Выбрать главу

Некаторыя запабежлівыя чыноўнікі ад культуры зразумелі грамадска-ідэалагічнае і фразеалагічнае паняцце «савецкі народ» як адмаўленне ад усяго нацыянальнага, як нейкі «інтэрнацыяналізм без берагоў». Хоць само слова інтэрнацыяналізм падразумявае якраз наяўнасць нацыі, нацыянальнага. Інтэрнацыяналізм — мост паміж нацыямі, а ў адваротным выпадку — мост уздоўж рэчкі. Застаючыся нацыянальным па форме і стаўшы сацыялістычным па зместу, літаратура і мастацтва кожнага народа — з'ява назаўсёды непаўторная. Ды асобным гора-кіраўнікам здаецца, што дастаткова намаляваць святочны арнамент, набраць клішэ адпаведным шрыфтом — і ўсё ў парадку. Нацыя, нацыянальнае не капрыз гісторыі, а дадзенасць, што склалася вякамі, гісторыя не цярпіць, не трывае аднастайнасці, аднааблічнасці. Усе дзяржаўныя ўтварэнні, якія замахваліся на права нацыі, на яе суверэннасць, распадаліся, каб зарасці бур'яном забыцця. У Рыме непадалёк ад Калізея можна бачыць на стэндзе красамоўную карту былой велічы і заняпаду магутнай імперыі. Гэта нацыі, усвядоміўшы сябе, разбурылі халодную і панылую сцяну ўсеагульнага абезаблічвання. Дыялекты, мясцовыя гаворкі, пранікаючы «памылкамі» ў адзінаўладную латынь, далі потым пачатак самастойным мовам народаў, што ўздужалі як нацыі.

За любой нацыяй стаіць гісторыя, якая ахоўвае, беражэ яе ад забыцця і безгалосся.

Колькі было замахаў на нашу гісторыю! Хіба толькі традыцыйная наша цярплівасць дапамагла нам выстаяць, вытрываць. Не адно дзесяцігоддзе першадрукар усходнеславянскага свету Францыск Скарына то хадзіў у цемрашалах манаскага пакрою, то ледзьве не ў вучнях Івана Фёдарава (але параўнайце толькі даты жыцця абодвух вялікіх людзей — энцыклапедыі не зманяць). Дзякуй богу, што нарэшце можам пазываць яго хоць беларускім першадрукаром!

Падчас так вытлумачваецца гісторыя Беларусі, што атрымліваецца, быццам бы воз еўрапейскай культуры ехаў не па беларускіх дрогкіх дарогах, не па беларускіх ухабінах за Смаленск і далей. Іншыя «тэарэтыкі» заднім чыслом скіроўваюць гэты воз бокам. Навошта? Дадушы, часта бывае крыўдна, калі не сорамна за гэтакіх вытлумачоў нашай гісторыі. Так вырастаюць Іваны, якія радні не помняць. Ім не дарагая ні свая родная беларуская культура, ні вялікая братняя руская. Ім сёння болей пад густ касетна-магнітафонная, без часу, без усяго нацыянальнага, балдзёжная, як гавораць часта маладыя, культура — музыка, эстэтыка фірмовых этыкетак, павевы ветру часопісаў мод. Але не навучыўшыся любіць сваё, не будзеш любіць ні суседскас, ні агульначалавечае. Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Янка Купала вучаць любіць роднас, беларускае, а значыцца, і спаконнае. Хочацца мець надзею, што ў рэспубліцы ўсё будзе змяняцца на лепшае беларускай культуры, беларускай мовы. Зарукай таму — ленінскі курс нашай партыі, рашэнні XXVII яе з'езда, сапраўды рэвалюцыйныя сённяшнія здзяйсненні ў нашай шматпацыянальнай краіне, падтрымка народам палітыкі партыі.

— Вы шмат пішаце і шмат выступаецс на старонках часопісаў і газет, на тэлебачанні. У чым тут бачыце вы неабходнасць і абавязковасць для сябе — як літаратара, грамадзяніна, чалавека?

— Выступленні па тэлебачанні, на старонках часопісаў і газет неабходныя літаратару. Гэта прамы кантакт з шырокай, нябачнай табе аўдыторыяй. Гэта і важна, і адказна. Маецца рызыка надакучыць, прымільгацца, калі цябе пачнуць успрымаць як нейкага каментатара ці дыктара. Але калі літаратар выходзіць у адкрыты космас гледачоўскай увагі, ён павінен мець сваю акрэсленую чалавечую і грамадзянскую пазіцыю, разуменне, у імя чаго ён шукае непасрэдны кантакт з такой шырокай і прыдзірлівай аўдыторыяй. У адваротным выпадку гэта будзе болей ці меней удалая самарэклама ці патугі на яе.

— Мы павінны расказаць перш за ўсё пра сябе і сваю эпоху, пра людскую супольнасць, што існуе ў рэальным часе і рэальных гістарычных і сацыяльных умовах, ва ўмовах складаных і востраканфліктных. Але — сказаць сваё і пра тое, што ёсць чалавек, які сэнс ягонага існавання, якое ягонае месца ў свеце. Перакінуць тут свой масток з сучаснага (маючы на ўвазе і мінулае) у будучыню. Але — дзе апоры духоўныя, маральныя, сацыяльныя гэтага сутарэння?