Выбрать главу

— Казаць пра свае творчыя задачы заўсягды не зусім этычна і заўсягды рызыкоўна. Паэт у першую чаргу піша для сучаснікаў, асноўных спажыўцоў ягонай паэтычнай прадукцыі. Паэт будзе зразумелы сучаснікам, зразуметы імі, калі ён сапраўдны паэт, які глыбока пранікае ў сутнасць, у існасць свайго часу, будзе зразуметы і па мажлівасці не забыты тымі, што ідуць услед,— паэтамі і чытачамі заўтрашняга, наступнага дня. Культура чалавецтва складаецца з паасобных творчых намаганняў мастакоў канкрэтнай эпохі. Вялікія мастакі заўсягды валодаюць дарам прадбачання, які якраз і дае мажлівасць перакінуць масток са свайго сённяшняга ў будучыню. Усе апоры гэтага сутарэння ў самім чалавеку, у ягонай псіхіцы, што цяжка паддаецца зменам, у ягонай на ўсе вякі чыстай і вечна маладой душы. Як ні стараецца, не пнецца зло ў розных абліччах разбурыць гэтае сутарэнне, як ні хоча час не заўважаць яго, яно ёсць і будзе, пакуль чалавек застаецца чалавекам.

— Чалавецтва і ягоная духоўная культура ўдасканальваецца, удасканальваецца і майстэрства мастака. Цяпер цяжка знайсці між літаратараў-пачаткоўцаў малапісьменных, неспакушаных у тэхніцы пісьма. Але, па дужа распаўсюджаным меркаванні, у паэзіі не такія частыя цяпер самабытныя, моцныя выступленні. Ці так гэта?

— У наш час якасць тавараў народнага спажывання бывае даволі высокая, але вырабы народных умельцаў цэняцца вышэй, бо яны індывідуальныя, непаўторныя і непаўтораныя, бо яны несерыйныя, не паточныя. I ў творчай справе, калі так разгарнулася і развілася мастацкая самадзейнасць, калі амаль усім літаратарам адкрыты вялікія таямніцы творчасці Літінстытутам, Саюзам пісьменнікаў з яго шматлікімі секцыямі і падсекцыямі, бываюць нечаканкі, з'яўляюцца самародкі (не самаробкі!), таленты рэдкія і непаўторныя. Бяда толькі ў тым, што занадта доўга прыглядаемся мы да іх, занадта старанна апякуем, стараючыся прывесці да аднае роўніцы, карацей, падагнаць пад сябе. Дзікая яблынька ў полі вабіць да сябе сваёй нечаканасцю і незвычайнасцю.

Маладыя шануюць давер, а не назойлівую апеку. Трэба маладых падтрымліваць, пакуль у іх цераз край і веры ў сябе і жадання працаваць. Пачнуць сумнявацца, па баках азірацца — канец надзеям!

— Як вы ставіцеся да крытыкі і літаратуразнаўства? Ці зрабіў на вас уплыў хто-небудзь з крытыкаў?

Вы часта самі выступаеце як крытык. Ці адчуваеце вы пэўную адаптацыю асобы, калі пішаце пра іншых? Ці суадпосіцеся з прыродай таленту мастака? Ці зыходзіце толькі са сваіх эстэтычных пазіцый, ці ўлічваеце ў першую чаргу пераконанні апанента? Ці знаходзіце нейкую раўнавагу?

— Калі не памыляюся, і ў нашым Саюзе пісьменнікаў, і ў шмат якіх іншых саюзах рэспублік, кожны трэці — крытык. Добра гэта ці блага, хай думаюць кіраўнікі саюзаў пісьменнікаў. Іх таксама багата ў пераліку на аднаго творцу. Шмат крытыкаў за кошт кандыдатаў гуманітарных навук. А вось уласна крытыкаў, даследчыкаў бягучага моманту літаратуры, літаратуразнаўцаў, што непасрэдна ўдзельнічаюць у літаратурным працэсе, мала.

Зрабілася да банальнага звычным паэтам лаяць крытыкаў за неразуменне прыроды паэзіі. А крытыка, як ні круці, усё роўна трэба, што барометр, каб літаратура, у тым ліку і паэзія, ведала, куды яе нясе, дзе яе заносіць, дзе яна пацаляе пальцам у неба, дзе ўдзячна адгукаецца ў душы чалавечай. Напрыклад, урокі самага дасведчанага знаўцы паэзіі крытыка Рыгора Бярозкіна далі мне шмат. Ён быў няшчадны і ніколі не памыляўся ў сваіх ацэнках. Ён жыў паэзіяй, дыхаў паэзіяй і дачасна згарэў, адстойваючы паэзію. Пасля Рыгора Бярозкіна ў нас быў яшчэ Варлен Бечык — тонкі і дакладны крытык, сапраўдны інтэлігент, сарамяжлівы і нязгіблівы. Такіх не стае нам. Крытычная змена расце марудна.

Назваць сябе крытыкам у адказным значэнні гэтага слова не маю смеласці і нахабства. Апошнім часам пісаў штосьці, сярэдняе паміж літаратурнымі замалёўкамі і ўласна рэцэнзіямі. Пры ацэнцы творчасці таварыша болей давяраюся свайму густу, сваёй эстэтычнай пазіцыі, улічваючы, вядома, пры гэтым і індывідуальнасць апанента, ягоныя прыёмы працы, ягоныя творчыя мажлівасці. У даважак, ці што, пішу падчас эпіграмы, пародыі — яны як звычайна ацэначныя.

— Вядома, што Пушкін на палях артыкула П. Вяземскага некалі падкрэсліў словы пра тое, што паэзія, бадай, вышэй за маральнасць, ва ўсялякім выпадку, гэтыя рэчы зусім розныя. А Леў Талстой мастацтва цаніў, паколькі яно абапіраецца на маральнасць. Праўда, вялікі паэт у іншым месцы лютасна пярэчыць супроць таго, «што і маральная пачварнасць можа быць мэтай жыцця».

Як вы разумееце гэтыя ўзаемаадносіны? I ў якой ступені яны змяняюцца з часам? Наколькі залежаць і наколькі не залежаць яны ад часу?