I тут жа ставіць у адзін радок:
Як сёння помню: Пімен Панчанка сваім даверліва-сцішаным голасам чытае гэты верш студэнтам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, у якой ён напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны правучыўся адзін семестр. Аўдыторыя, яшчэ не канчаткова аглушаная наездчыкамі па лініі Бюро прапаганды, слухала вусцішна-ўважліва. Народны паэт не дэкламаваў, не крычаў, не выступаў, ён нават не чытаў, ён проста думаў услых вершамі пра тое, пра што не мог маўчаць.
Паэт не выстаўляецца перад чытачом усёзнайным докай, прыручаным маралізатарам, павучальнікам, заканадаўцам поглядаў і мод. Ён з вялікім, я сказаў бы, безабаронным даверам ідзе да чытача, ідзе такім, як ёсць, ідзе са сваімі сумненнямі і перакананасцю, з радасцямі і пакутамі. Гэтак у свой час ішоў да чытача свайго — і зараз ідзе! — Сяргей Ясенін. На шчырасць чытач адказвае шчырасцю. Іншы наўмысна каструбаваты радок больш закране, больш зварухне душу, чым паркетна адглянцаваны абзац у рыфму з правілаў ветлівага абыходжання, толькі не з паэзіі. Без жадання патрафіць крыху запознена модзе верлібранчання, у рэчышчы класічнага памеру, напоўненага і зместам, і дыханнем часу, па-панчанкаўску дзёрзка гучаць і клопат нашага дня, і сарамліва-шчымлівы боль таго пачуцця, якое ніяк не ўжываецца са словам «старасць».
Толькі гарачае сэрца, дапытлівая думка, неспакой за чалавека, які падчас абрастае звычкамі ўтульнасці, толькі непрымірымасць могуць прадыктаваць душэўна юны заклік:
Не старэйце, людзі, дачасна, Нараджайцеся кожны дзень!
Сам паэт узяў сабе за аснову гэты жыццёвы прынцып. Ён не паўтараецца, ён нараджаецца ў кожным новым вершы, у кожным амаль радку. Нібы жартам Пімен Панчанка заўважае: «Я штодня мяняю гнеў на літасць,— то маё прызванне і прафесія».
Цікавая асаблівасць сапраўднай паэзіі, у дадзеным выпадку паэзіі Пімена Панчанкі,— тое, што на выручку хочацца прыцягнуць цытаты, хай іх сам паэт і не дужа любіць. Проста сама просіцца ў цытату раскутая плынь лірыкі...
Зараз, калі паэзія набыла небывала шырокі рэзананс, небывала шырокую аўдыторыю, адказнасць паэта за кожнае ягонае слова вырасла непамерна. А небяспека, што радкі забіваюць паэзію, расце з кожным днём. Адышлі ў даўнасць часы, калі вартасць верша вызначалася яго надзённасцю (у сэнсе — на адзін дзень жыцця на газетнай паласе), ягонай тэматыкай. Няма кепскіх тэм, як няма старых і новых.
Але ёсць тры вечныя тэмы, на якіх правяраюцца адначасова талент, майстэрства і няўтойнае ў паэзіі —шчырасць паэта, яго асоба як чалавека, як грамадзяніна, без чаго не можа быць паэзіі, без чаго не можа быць перадачы сваіх пачуццяў, свайго настрою чытачу.
Тэмы гэтыя — маці, радзіма, каханая. Словы гэтыя сапраўдныя паэты пішуць, калі не на паперы, то ў душы — толькі з вялікай літары. Тут не можа быць дваістасці, расплывістасці, бенгальскіх агнёў замест існага пачуцця.
Радзіма ў вершах Пімена Панчанкі канкрэтная, жывая, як жывы ягоны боль за тых, каму не суджана было прыйсці з поля бою, боль за лясітую вёску Казулічы, дзе юнаком настаўнічаў паэт.
Некалі паэт прызнаваўся, што з юначых год піша «кнігу вандраванняў і любові». З чырвонай літары ў кнізе гэтай напісана імя Радзімы. А ці не прытаміўся паэт у вандраваннях, ці не пацішэў ен у сваім парыванні да ўсяго новага, да ўсяго чалавечнага, ці ў ранішніх фарбах бачыцца яму краявід роднай беларускай зямлі пасля падарожжаў у экзатычныя краі, ці восень паклала на ягонае гарачае чало халаднаватую пяцярню жаўталісту, і гады падказваюць сваю векавую мудрасць: цішэй едзеш, далей будзеш (будзеш — у сэнсе прабудзеш староннім саглядатаем падзей).