Выбрать главу
Галіны прыпяцкіх прытокаў Сябе ў маланках пазнаюць...

I чытач з радасцю пазнае свайго неспакойнага паэта.

Вясна ідзе... На мне чужыя боты, I я, крыху чужы, іду ў палі.

Будзённая дэталь чужых ботаў робіць верш даверлівым, паэт не становіцца ў позу перад чытачом, не клянецца, што ён носіць боты на сувязь з жыццём, з аратаем, не сумуе па аўчынным дзедаўскім кажушку, які стаў модным на плячах піжонаў і ў вершах традыцыйных паэтаў.

Будзённая дэталь у Пімена Панчанкі заўсёды асветлена вясёлай хітрынкай чалавека дужага, чалавека, які ведае цану хлебу, цану дружбе, цану мірнаму дню.

Падчас паэт наўмысна прызямляе задуму верша, каб радок гучаў больш натуральна, праўдзівей. Размоўнасць інтанацыі робіць чытача як бы субяседнікам аднаго шчырага застолля.

I новы дом, заселены дом — Вясёлая добрая тэма. I ластаўкі селі радком На тэлевізійных антэнах.

Прыглушаны знарочыста асананс добра стасуецца з агульным настроем і натуралытасцю інтанацыі.

А вось другі верш. Прыязджаюць да сваіх дачок у горад маці, наўкол высокія гмахі, чужыя балконы, і старая «па посцілцы чырвонай кватэру пазнае». I ціхім смуткам, незабытым горам трывожна вее ад заключных радкоў:

Стаю ў двары зялёным, Сумую нездарма: Няма ў мяне балкона I маці ўжо няма.

Мацярынства ў гады ліхалецця стала тэмай многіх жывапісных палоцен, драматычнымі эпізодамі кінастужак. У вершы «Цяжкое партызанскае качэўе» паэт вяртае чытача да самых найцяжкіх выпрабаванняў мацярынскага сэрца, калімаладая маці ў адчаі, «на парозе чорнага вар'яцтва» гатова была задушыць сына, каб ён сваім крыкам не выдаў карнікам месца знаходжання блакаднікаў. I цяпер яшчэ,

Гатуючы сняданкі і абеды, Перабірае ў памяці гады, I кожны раз жахаецца кабета: «А што, калі б?» — і млее ад жуды.

Зноў-такі будзённыя дэталі побыту маці, якую сын узяў у горад і даручыў ёй спрадвечны клопат гаспадыні кухарыць, гадаваць унукаў. Толькі страшэннага болю нельга заглушыць ніякімі турботамі па хаце, па сынавай сям'і. Вайна ўрываецца ў сны, у кожнадзённасць, вайна не дае сябе забыць паэту, бо яе ведае ён не па артыкулах з пажоўклых падшывак, вайна працяла нервы ягоныя, вайна яшчэ для яго ідзе. Вайна за чалавека, вайна супроць абывацеляў, супроць хапуг, прайдзісветаў. Не можа спакойна праходзіць паэт каля ўсяго гэтага жывучага, учэпістага выроддзя.

Усяму адмоўнаму, агіднаму ў жыцці паэт супрацьпастаўляе жанчыну-маці, жанчыну-працаўніцу.

I ў новай кнізе чытаем, дакладней, баімся абразіць паспешлівасцю прачытання чысціню радкоў:

Першыя раны жанчына лячыла, Травы збірала з відна да цямна, Першых звяроў прыручыла жанчына, Першай пасеяла зерне яна...

Прыглушаны асананс «жанчына — лячыла» нясе і ласкава-эмацыянальную нагрузку і сэнсавую. I зусім апраўданы ў канцы зварот да мужчын, якія сваю няўважлівасць і чэрствасць хочуць спіхнуць на занятасць: «Можа як-небудзь прыручыць і вас».

Можна спрабаваць ашукаць сябе, можна імітаваць і непасрэднасць і нібыта шчырасць, але нельга ашукаць паэзію, чытача: у вершах паэт увесь як на духу. Любая фальшывая нотка, любы фальшывы жэст не замаскіруеш ніякай тэхнікай, ніякім умельствам, ніякай віртуознай гульнёй са словам. Трэба ведаць крыху бліжэй Пімена Панчанку, трэба дазволіць сабе паназіраць за ім збоку, каб пераканацца, наколькі шчыра, без усялякай падробкі гучаць ягоныя інтанацыі ў радках, наколькі чуецца ў іх голас ягоны, крыху прыглушаны, з дабрадушнай (не дабрацкай, усёдаравальнай!) усмешкай; каб бачыць мудры прыжмур вачэй, якія пільна глядзяць на свет, якія пільнуюць людзей ад зла. (Не выпадкова Піменам Панчанкам напісаны выдатны верш пра вока снайпера ў гады вайны.) Асабіста мне натуральнасць паэта, ягонай паэзіі бачыцца ў тым, наколькі адпавядае інтанацыя, эмацыянальны зарад твора інтанацыі голасу самога паэта, актыўнаму запалу ягонай натуры, ягонай асобы. Мерка гэтая, патрабаванні гэтыя, лічу, павінны стасавацца як да сталага майстра, так і да пачаткоўца. З уяўных інтанацый, з імітацыі душэўнага неспакою пачынаецца і ўяўная паэзія, штучнае напампоўванне сябе гневам, якога не было і няма на самой справе. А гэта ў сваю чаргу выклікае ў чытача толькі ўсмешку ці, у лепшым выпадку, спачуванне паэту за дарэмную трату энергіі. Стала ледзь не традыцыяй з нейкай іроніяй, з паказным зухаўством пісаць пра жонак, падрабляючыся пад гэткіх маладзёнаў.