Выбрать главу

Еўдакія Якаўлеўна.

Рыхтаваўся я казаць вясёла-каламбурны тост на тваім першым круглым юбілеі, які мусіў быць неўзабаве, а кажу сёння табе жорсткае і сумнае зямляцкае: «Бывай...»

Памяць пра цябе, нястомная падзвіжніца роднага беларускага слова, застанецца светлая, бо шмат святла ў радках тваіх, шчырых і поўных даверу да чытача. А на давер даверам адказзаюць.

Бывай, Еўдакія!

1977

Чысціня

Ён для мяне жывы — Сямён, Сымон, Аксенцій Паўлавіч, як мы з паважлівым жартам называлі яго студэнтамі.

У ім спалучыліся чыста і ўзнёсла прыгажосць унутраная з прыгажосцю юнака, маладога мужчыны.

Ён ніколі не быў апрануты, што завецца, з іголачкі, але заўсёды акуратна, з густам. Не мог першакурснік Сымон Блатун прайсці спакойна каля люстэрка, каля шкляных дзвярэй нават, каб крадком не зірнуцца, каб лёгкім рухам, нібы пасуючы мяч, не ўскінуць чарнявы мысік сваёй лагодна-даверлівай, як і характар Сымонаў, рассыпістай шавялюры.

А калі смяяўся Сымон, то неяк светла рабілася. Смяяўся ён шчыра, непасрэдна, не вымушана. Бо смех — адна з праяў натуры чалавечай, смех выдае чалавека, ягоную непасрэднасць, унутраны стан, унутранае святло.

Да яго хінуліся, да яго гарнуліся сябры, аднакурснікі, і, вядома ж, не абы-як пазіралі дзяўчаты.

Ужо ў сваіх першых вершах хацеў ён вясёлку «выкаціць цалюткім абручом», хацеў так пісаць, так ісці па жыццёвых сцежках — каб аж гай шумеў!

Жыццё, як і вясёлка, складаецца з тых жа фарбаў, з тых жа адценняў. Цалюткі абруч вясёлкі жыцця не доўга каціў Сымон Блатун. I колеры былі розныя.

Малавата было вясёлых, святочных. Пераважалі сумнавата-цьмяныя, будзённыя. Але жыццёвая проза не азмрочыла позірк жыццялюба, не прыземліла юначыя парыванні, не ачарсцвіла сэрца паэта рамантычнага складу, не зняверыла шчырага давер'я да людзей чалавека, які вышэй ад усяго цаніў таварыскасць, сяброўскасць, чалавека, які ніколі не насіў камень за пазухай, які ні на кога не таіў злосці, паэта, у слоўніку якога не было слова «зайздрасць».

Я нясу за пазухай голуба, Камень там я насіць не магу.

Як прадстаўнік пасляваеннага пакалення нашых літаратараў Сымон добра ведаў цану жыцця. I з першага курса самому даводзілася яму зарабляць на хлеб надзённы. Бо смак скарынкі з мякінай, праснака з лебяды быў не паэтычнай фігурай, не той дэталлю, якую іншыя бяруць, каб чытача расчуліць.

Калі і прыходзіла пасылка восенню з духмянымі правобразамі зямнога шара, а зімой з трывалым касцоўскім папасам у інтэрнат на Свярдлова, а пасля на Бабруйскую, гэтая жаданая вестка з палескай вёскі Кувака ў дружнай і галоднай не толькі на рыфмаванае слова кампаніі хутка знікала. Пасля такіх сябрын і пісаліся радкі:

Гады прамільгнуць... I мо ў новай кватэры, Як нейкае дзіўнае цуда, З нас кожны прыпомніць вось гэту вячэру... «А хто ж будзе мыць нам пасуду?»

На аддзяленні журналістыкі Сымон Блатун з першых дзён звярнуў на сябе ўвагу як самы здольны, баявіты, апантаны саўдзельнік падзей сучаснасці. Рана пачаліся дарогі ў самыя далёкія куткі Беларусі, нялёгкая газетная праца, што карацей называецца заданнем рэдакцыі, камандзіроўкай.

Я з першых вёрстаў палюбіў дарогі, Глухія зненавідзеў тупікі. У мітусні перонаў і вакзалаў Я адчуваў імклівы пульс жыцця...

Гэта не дэкларатыўныя радкі. Гэта хутчэй думкі ўслых. Гэта рэальнасць, якая рабіла са студэнта-першакурсніка, юнака, што з залатым медалём закончыў школу на Брагіншчыне, актыўнага летапісца часу, рашучага і прынцыповага паэта.

А Сымон Блатун як чалавек, як паэт быў асобай, у жыцці самабытнай з'явай. Здзіўлялі і выклікалі добрую зайздрасць шырокае і разнастайнае поле ягонай цікаўнасці, цяга да ведаў, упартае жаданне ў любой рэчы дапасці да сутнасці, да глыбіні, да вытокаў. Займаўся спортам, вывучаў гісторыю мастацтва, а разам з тым не грэбаваў самай што ні ёсць чарнавой працай журналіста: апрацоўваў пісьмы, пісаў рэпартажы, нататкі, замалёўкі, рэцэнзіі, узнімаў нялёгкія скібы на здзірванелым палетку праблемнага нарыса.

Сымону да ўсяго была справа. Яго ўсё цікавіла.

Запомнілася заклапочанасць і ў вышэйшай ступені адказнасць, з якой ён як прадстаўнік «Звязды», як сын партызанскага краю ўключыўся ў абмеркаванне праекта помніка абаронцам Брэсцкай крэпасці. Бываў Сымон у майстэрнях скульптараў, адстойваў у гарачых спрэчках сваю пазіцыю, сваю прыхільнасць да праекта Андрэя Ануфрыевіча Бембеля.