Не адрываючыся ад зямлі, паэт у той жа час не любіў прыземленасць думкі, бяскрыласць слова.
Голас Сымона Блатуна «на вечы людзей» гучаў праўдзіва, без фальшу, без лірычнага сюсюкання. На людское веча ідзе паэт, які быў багаты і дужы «шчасцем надзей».
Сурова патрабавальны да слова свайго, сам зняў з выдавецкага плана свой першы зборнік, хаця ў рукапісе былі вершы друкаваныя, станоўча ацэненыя і чытачом, і крытыкай. Няшчадны да сябе, Сымон Блатун быў вельмі чулы і шчодры на падтрымку маладзейшых калег па пяру, калі кансультаваў у «Чырвонай змене», рыхтаваў літаратурныя старонкі маладой беларускай паэзіі.
У шэрай папцы на «маланцы», у якой звычайна Сымон насіў дадому па вуліцы Друкарскай рэдакцыйныя матэрыялы, зараз захоўваецца своеасаблівы архіў паэта: рукапісы, выразкі, адказы пачаткоўцам, бланкі газеты «Звязда».
Трэба бачыць, колькі варыянтаў, колькі рэдакцый мае амаль кожны верш, кожны радок. Пераклады белых вершаў Яна Судрабкална толькі ад рукі перапісаны тры разы — і кожны раз па-новаму.
Паэзія Сымона Блатуна яшчэ чакае свайго даследчыка, свайго крытыка, чакае свайго зорнага часу. I яны будуць! Толькі сапраўдная сціпласць майстра магла сказаць пра сябе:
Выток узнёслага слова Сымона Блатуна па-ранішняму празрысты і крынічна-жывучы. Без яго не зразумець усёй шырокай плыні сённяшняй нашай паэзіі. А выток называецца адным словам — чысціня.
Вяртаючыся да радасных дзён нашых сустрэч, нашай дружбы і да сумных часін заўчаснай смерці майго дарагога сябра, зноў не веру, што яго няма.
1978
Чвэртка веку
Часопісу «Маладосць» — 25. Амаль столькі ж гадоў было пасляваеннаму пакаленню беларускіх літаратараў, якія ў такім узросце атрымалі вышэйшую адукацыю і, не шкадуючы ні сябе, а часам і чытача свайго, узяліся за пяро. Дваццаціпяцігадовых называюць яшчэ людзьмі маладога веку. Наша «Маладосць» маладая не толькі сваім аўтарскім актывам, але і сваім дапытлівым і ўчэпістым позіркам у сённяшні дзень, сваімі клопатамі пра маладое пакаленне, пра маладую змену грамадства, літаратуры, мастацтва.
Падкрэсліваю слова наша. Бо з гэтым самым папулярным у самага патрабавальнага маладога чытача часопісам сапраўды звязана наша маладосць, нашыя маладыя творчыя парывы.
Сённяшні сталы юбіляр у поўным росквіце сіл, у добрай спартыўнай форме. А яго я помню ценькім, танненькім часопісам, які бралі мы, пачаткоўцы, аблогай далікатна, але ўпарта. У першым ягоным рэдактары Аляксеі Кулакоўскім уражвала нас падкрэсленая акуратнасць на ягоным рабочым стале — у строгім парадку ляжалі стосікі паперы, акуратненька завостраныя аловачкі. Дый сам ён быў, нібы для прыкладу нам, акуратным, пунктуальным. Гарнуўся ён да маладых, заходзіў нават у інтэрнат універсітэта на Бабруйскай вуліцы, і нам, каму пашанцавала надрукаваць па адным ці два вершы ў «Маладосці», крыху нязвычна было бачыць яго ў галёшах і — тады яшчэ не ў модзе — з парасонам.
Шчаслівымі лічылі сябе тыя, каму выпадаў светлы лёс паехаць на канферэнцыю «Маладосці», на сустрэчу з чытачамі. У такіх паездках душой калектыву быў заўсёды Алесь Асіпенка. Гомельшчына, Магілёўшчына, Брэстчына, Віцебшчына і, вядома, Мінск і яго блізкія і далёкія ваколіцы — вясёлыя дарогі, цікавыя гутаркі, прыгоды. Новыя радкі, вершы, задумы прыязджалі з намі з такіх незабыўных, афіцыйна кажучы, мерапрыемстваў. Асабліва ўразілі ў адзін з першых прыездаў у Віцебск вуліцы і ўцалелыя з вайны завулкі, пра якія расказваў, якімі вадзіў нас Алесь Асіпенка, прыроджаны віцяблянін, якому ў грозныя гады давялося асабліва добра вывучыць горды горад Віцебск як падпольшчыку, як партызанскаму разведчыку.
Трэба адразу зазначыць, што «Маладосці» на рэдактараў, увогуле, шанцавала. Ды гэта і натуральна. Чалавек, які не любіць маладых, не цікавіцца іхнімі справамі і запатрабаваннямі, наўрад ці ўзваліць сабе на плечы нялёгкі клопат рэдагавання неспакойнага часопіса.
Усім, каму са школьных год запалі ў душу радкі аднаго з найцікавейшых і рэдкіх па самабытнасці паэтаў, прыемна было ўсведамляць, што твае вершы будзе чытаць, ухваляць ці адхіляць сам Пімен Панчанка! Сапраўдным святам і добрым урокам была кожная гутарка з прызнаным і любімым паэтам. Мне нават выпала правесці з ім ледзь не ноч на вакзале ў Віцебску, чакаючы цягнік,— Пімен Емяльянавіч па дэпутацкіх справах ехаў з Наваполацка (тады яшчэ ён называўся то Нафтабуд, то пісаўся Нова-Полацкам).