Пра сённяшняга стырнавога «Маладосці» нават заўвагу сказаць язык не павернецца, бо гэта мой і даўні сябра, і зямляк, і аднакурснік.
Здаецца, зусім нядаўна паказваў Генадзь, як разводзіць рукамі загадчык аддзела паэзіі, любімы ўсімі маладымі і тады, і зараз Мікола Аўрамчык: «Я вазьму, а Пімен...»
Шкада, што ў пагодныя дні юбілею няма з намі Івана Юльянавіча Раманоўскага, першага мастацкага рэдактара часопіса, таго, хто гуртаваў вакол сябе мастакоў, хто штодзённа дбаў пра афармленне «Маладосці», пра таленавітую змену майстроў пэндзля. Пляменнік вялікага паэта славянскага свету Янкі Купалы, Янка Раманоўскі шмат зрабіў, але, на жаль, болей яшчэ не паспеў. Гэта ён ездзіў і ствараў галерэю партрэтаў лепшых людзей рэспублікі разам з Верай Палтаран, з Уладзіславам Нядзведскім, са Сцяпанам Кухаравым. Была ў Янку Раманоўскім купалаўская шчодрасць, шчырасць, шырыня натуры.
Не буду пералічваць усіх, хто выйшаў у літаратуру са старонак «Маладосці», хто кім стаў, хто кім стаць мае намер. Тут ёсць пагроза некага не ўпамянуць, некага паставіць не ў тым парадку, у якім ён бачыць сябе ў спісе амаль што класікам. Нагадваю толькі аднаго пісьменніка, які са старонак «Маладосці» пайшоў у вялікую літаратуру, чыё імя добра вядома ва ўсім свеце — гэта Васіль Быкаў.
Прыгадваю паездку з таленавітым фотамайстрам Аляксандрам Сяргеевічам Дзітлавым на будаўніцтва Бярозаўскай ДРЭС. Гэта было заданне рэдакцыі, яго я па маладосці год і выканаў у вершаванай форме, у жанры рэпартажу.
Пачынаў я свае ўспаміны з рэдактараў, каб падкрэсліць, што толькі ў добрым, дружным калектыве добрыя рэдактары. I, адпаведна, пры добрым рэдактары калектыў адменны. Так, калектыў, ці каштарысна,— канкрэтна — штат у «Маладосці» з першых дзён на зайздрасць зладжаны.
Згадаю некаторых.
Не страціў камсамольскага настрою і творчай актыўнасці Сцяпан Іванавіч Кухараў — загадчык самага актуальнага аддзела нарыса і нубліцыстыкі, сам напісаў аповесць, піша новую.
Былы малады аўтар «Маладосці» Янка Сіпакоў памагае чытачу праз аддзел крытыкі разабрацца, што добра, што не зусім у кніжным моры.
Намеснікам галоўнага стаў Алесь Жук — малады ўзростам, але сталы сваім самабытным талентам празаік.
Дый рост у былых загадчыкаў аддзела прозы дай бог кожнаму: Іван Пташнікаў узначальвае прозу ў «Полымі» (сам як празаік характарыстык не патрабуе), Іван Навуменка — дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.
Намеснік галоўнага Васіль Зуёнак сам стаў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка».
З лёгкай рукі Міхася Стральцова ў родную літаратуру прыйшоў багаты атрад празаікаў.
А Леанід Дайнека з аўтара «Маладосці», добрага паэта зрабіў смелую вылазку ў прозу. Некалі сам думаў, як завярстаюць ягоныя вершы, а зараз ён адказна сакратарыць.
Калі Валянцін Ждановіч у бліжэйшых нумарах дасць фотарэпартаж з космасу, з нейкай новаадкрытай планеты — не здзіўлюся.
Баючыся зацягнуць свае згадкі і меркаванні, хачу пажадаць «Маладосці» і калектыву яе ў першы напаўкруглы юбілей да стогадовай даты пісаць, бачыць, думаць па-маладому!
1978
Паэзія дарог і сустрэч
У светлым гарнітурчыку, адпаведна са святочным настроем, ён ішоў з пяцікурснікамі ў першамайскай калоне універсітэта. Раней бачыў яго на фотаздымках у літстаронках, здалёку каля інтэрната па Бабруйскай вуліцы, якая на памяць ведала, дзякуючы прарэзліваму голасу вакзальнай дыктаркі, расклад прыгарадных цягнікоў да станцыі Уша.
Першае наша блізкае знаёмства адбылося ва ўрачыстых абставінах.
Пасля былі будні, як чорна-белае кіно. I дагэтуль памяць выхоплівае паасобныя кадры з імклівай стужкі часу.
З вёскі, дзе настаўітічае, прывозіць Ул. Нядзведскі сваю цікавую, дынамічную паэму «Вясновыя барозны». Паэма друкуецца ў «Маладосці», яна ж і дае імя першай кніжцы, што выходзіць неўзабаве. З традыцыйнага Ул. Нядзведскага паэт робіцца Уладзіславам. Потым ён не раз упікаў рэдактуру часопіса і выдавецтва, што з шэрых барознаў зрабіла найбольш абкатана-традыцыйныя. Усміхаючыся, казаў: барозны вясной шэрыя, з туманковым дымам, з крыламі жаўрукоў. Толькі для тых, хто заседзеўся за рэдакцыйным сталом, барозны безаблічна вясновыя.