Калі першы раз наведаў я Петруся Усцінавіча ў майстэрні ягонай, паказаў ён мне па-зямляцку расчулена, што каля веснічак у сілу бяруцца таполькі з Ушаччыны. Заадно праверыў, ці помню, як па-ўшацку таполя звалася. Помню. Тофлінка — заўсёды чуў я ад мамы.
А дарожка ягоных прагулак да Мінскага мора (дача размешчана ў раёне Ждановіч) пракладзена па мясцінах дужа ж падобных, надта ж блізкіх да ўшацкіх. Здавалася, дома ходзіць ён, чуючы галасы знаёмых, чуючы ўшацкія вятры і турботы небагатай на ўраджаі зямлі стараны нашай...
Прыгадваецца шмат.
Закончыў сваю работу Усесаюзны з'езд пісьменнікаў. Якраз 25 чэрвеня быў прыём у Крамлі. Я павіншаваў Петруся Усцінавіча з днём нараджэння... Ішлі па двары Крамля. Не ўцярпелася мне запытаць:
— Ці думалі Вы, Пятрусь Усцінавіч, што ў Георгіеўскай зале будзеце адзначаць дзень свайго нараджэння па-царску?
Пятрусь Усцінавіч адказаў, што Вялікі Кастрычнік зрабіў былому пуцілкаўскаму гарапашніку такі падарунак...
Званне акадэміка не любіў падкрэсліваць, але па любых праблемах літаратуры, мастацтва, гісторыі мог многа якіх вучоных на шлях ісціны паставіць.
Здзіўляла заўсёды трапнасць характарыстык. Лірычная ўзнёсласць і дакладнасць арганічна спалучалася і ў вершах, і ў натуры паэта. Гэта ішло ад зямлі, ад адчування народнага характару. Пра родныя мясціны, пра землякоў Пятрусь Усцінавіч не ўспамінаў з нейкай вышыні, з нейкай далёкай далі, проста расказваў, гаварыў.
Пуцілкаўцы былі вострыя на язык. Мянушкі клеілі з ходу. Дзядзька, што ў нядзелю дровы пілаваў (за грэх лічылася), быў Стаўбун Пілюта, шапялявы — Шчамель, а кабета невялікага росту — Кузурка.
Для малых жа самай сур'ёзнай справай было хадзіць у валачобнікі. Дзядзька Міхалка (з вайны сляпы на адно вока) за месяц перад вялікаднем рэпетыцыі наладжваў лепш, чым у тэатры якім. Адным спявалі па-беларуску валачобныя песні, а так званым палякам — католікам стараліся па-польску. Усе гэтыя ўражанні маленства непаўторна леглі ў ткапіну дасціпнай, іскрыстай аповесці «Донька-Даніэль».
У Астэр-Бэі, пад Нью-Йоркам, члену беларускай дэлегацыі на чарговай сесіі ААН, народнаму паэту Беларусі праз дзесяткі год успомніцца сцяжынка між узмежкаў, якую пакідаў ён у маладосці:
Там жа пачуецца яму шоргат камянёў і напішуцца вершы «Жорны», «Чорны хлеб». Праз акіян Ушаччына прыйдзе ўспамінамі.
Да Ушаччыны Пятрусь Усцінавіч імкнуўся і словам, і думкай. А здаралася вольная хвіліна ў паэта, загружанага і літаратурнымі, і дзяржаўнымі клопатамі,— спяшаўся на сляды маленства.
Едзем у Пуцілкавічы па яшчэ партызанскіх дарогах. Гразкіх. Нагадваю Петрусю Усцінавічу важкі аргумент некаторых лянотных дарожнікаў: на нашых дарогах і Напалеон засеў, і гітлераўцы не маглі выбрацца, і любы злыдзень загразне. Але чалавек, надзвычай верны свайму слову, хмурыцца: у Мінску кожны раз запэўнівалі паэта, што дарогу на ягоную радзіму наладзяць.
Лета ў самай сіле. Пасля дажджоў усё пайшло ў рост. Лапушыцца зеляніна. Травы ходзяць. Там-сям значацца камяні ад былых падмуровак. Пятрусь Усцінавіч помніць наперад, які хутар будзем праязджаць, хто дзе жыў. Адзін слыў вясёлымі дзяўчатамі, у другім вечарынкі грымелі да першых пеўняў.
Як раздзелы кнігі маленства, гучаць назвы ўрочышчаў: Прыштонскі, Усохі, Асецішча. Народны паэт па памяці чытае кожную старонку раздзелаў гэтых, чытае па радках сцяжынак і паглушэлых баравін, па кропках валатовак, па косках ростанькаў і выгінах перасохлых раўчавін.
За сталом у стрыечнай сястры Анастассі Юльянаўны расказвае потым, як засынае ён, калі раптам бяссонніца падкрадзецца: у думках ідзе ў Пуцілкавічы, мінае Усохі, заходзіць у Асецішча. Пакуль на кожнай мясціне ўсё агледзіць, усё успомніць (Усохі — у суш усыхала балацявіна, Асецішча — асець некалі стаяла),— тут і сон спяшаецца дагнаць яго. Бо ўсялякія сонныя таблеткі, па-ўшацку кажучы — гэта балмач.
Займаецца летні адвячорак над Стракоцкім возерам (Строкты недалёка ад Ушач). Прамяні сонца крыжуюцца з прамянямі сосен. Нібы лінуюць у косую лінейку пасляваеішы сшытак для чыстапісання, каб запісваць нам, вучням Ушацкай сярэдняй школы, сказы з вершаў Петруся Броўкі.
На агні хляхоча юшка. Не ад асалоды і не ад сарамлівасці чырванеюць ракі. Генадзь Бураўкін паказвае: