Выбрать главу

З усіх дарог, з усіх вандраванняў Пятрусь Броўка вяртаўся сюды, на Ушаччыну, да крыніц свайго слова, песні сваёй пяшчотнай і мужнай, даверлівай і мудрай.

Ушаччына была для Петруся Усцінавіча як павелічальнае шкло, праз якое бачыцца ўся Радзіма, з яе клопатамі і поспехамі, з яе радасцю і смуткам ёміста, велічна, чыста.

1980

Паломнік у край раптоўнага слова

Імя Андрэя Вазнясенскага не мае патрэбы ні ў рэкамендацыях, ні ў тлумачэннях, ні ў гарантыйна-ахоўных эпітэтах.

Усе, хто любіць паэзію, хто цікавіцца паэзіяй, і нават тыя, каго само слова «вершы» выводзіць з раўнавагі, ведаюць гэтага самабытнага, нязвычнага і заўсёды нечаканага віртуоза, вынаходніка, паломніка ў край раптоўнага слова.

Андрэй Вазнясенскі ідзе ў нагу з часам, не падладжваючыся пад ягоную хаду, не гонячыся задыхана і захакана перад ім, не забягаючы наперад часу з вінавата-паслужлівай усмешкай.

Паэт проста чуе час, адчувае яго тым пачуццём, якое і дае яму права гаварыць з часам з узаемапавагай і ўзаемапатрабавальнасцю, а значыць, і з чытачом — паддадзеным і творцам часу.

У невялічкім слове перад выбранымі вершамі і паэмамі аднатомніка «Дубовы ліст віяланчэльны» ёсць прызнанне аўтара: «Я пішу вершы нагамі. Я не баюся двухсэнсоўнасці гэтай фразы. Я крокамі выходжваю вершы ці, дакладней, яны мяне. У часе хады рытм вуліц, сардэчнай смуты, натоўпу ці лесу адчуваецца амаль што асязаннем, перадсвядомасцю...»

Менавіта рытм як рух і як своеасаблівая кардыяграма няўлоўных зрухаў душы, як тэмы паўсядзённасці і поступу наступнасці, і рыфма, якая з надзеяй гукае сваю адпаведніцу ў шматгалоссі роднай мовы, а калі трэба, і ў іншых мовах, ствараюць непаўторнасць і запамінальнасць, а то нават і выклік паэзіі Андрэя Вазнясенскага.

Умельства, уменне падмеціць адметнае ў самым звычайным і застацца самім сабой, дзёрзкасць прымусіць чытача глядзець на рэчы і акаляючы свет так, як гэта хочацца вершатворцу, выказаць усё самае падспудна-інтымнае ў падкрэслена аголенай форме, разам з тым не абражаючы і не прыніжаючы высокай годнасці пачуцця, выгодна вылучае карэнна-рускага і ўсесаюзнага, агульначалавечага паэта Андрэя Вазнясенскага.

Зусім не выпадкова ў ліку сваіх настаўнікаў Андрэй Вазнясенскі адным з першых называе «рэвалюцыяй мабілізаванага і прызванага» Уладзіміра Уладзіміравіча Маякоўскага. (Тут дарэчы будзе прыгадаць верш «Размова з эпіграфам».)

Традыцыі трыбуннасці, напоўненай гулам эпохі і справамі сучаснікаў, традыцыі эстраднасці — непасрэднага выхаду да самай шырокай аўдыторыі чытацка-слухацкай, якую слушна паэт называе сааўтарскай, Андрэй Вазнясенскі прадаўжае на якасна новым этапе нашай паэзіі.

Мне прыходзіць на памяць нядаўняя размова з адным з дэканаў Беларускага політэхнічнага інстытута, які з радасным гонарам прызнаваўся, што зараду ад выступлення Андрэя Вазнясенскага ўсяму факультэту хапае на год навучальны.

Яшчэ раз хочацца вярнуцца да паняцця «эстраднасці» ў сувязі з паэзіяй Андрэя Вазнясенскага. Ягоная, калі так сказаць, эстраднасць, як і самі вершы, адметна розняцца ад традыцыйна прынятага ўяўлення пра гэты як бы жанр.

Возьмем для прыкладу закончаны, ці што, эталон гэтага жанру — Вярцінскага. Тэкст песні і самога выканаўцу яе, спевака. Аднолькавы як аўтар і як спявак. Канечне, застаецца экзотыка свайго часу, настрой далёкіх ужо для нас імгненняў. Невядома, хто тут каму памагае—спявак паэту ці паэт спеваку.

А Вазнясенскіх — два! Ці лепей, пэўна, сказаць — зарад ягонай паэзіі, сіла ўздзеяння ягонага радка і на паперы, і ў гучанні такія прывабна-моцныя, што пасля кнігі цікава паслухаць вершы ў выкананні самога аўтара, а пасля пачутую са сцэны паэзію ўзнікае жаданне перачытаць, удакладніць для сябе, знайсці яшчэ больш, адчуць свайго паэта.

Андрэй Вазнясенскі не ідзе на павадку ў няшчаднай публікі, не намацвае з асцярогай слізкі лядок эстраднага поспеху, ён вядзе за сабой. Ён навязвае сваё. Адным гэта падабаецца, другіх, як быка чырвонае, расцвяляе, але абыякавых не бывае, абыякавых няма. А толькі адсутнасць абыякавасці і робіць паэзію дзейснай.

Паэт не падае, не спатыкаецца ні на кілімах ухвал і кампліментаў, ні на выбоістых долах карыды. I трымае яго, робіць і недасягальным для паражэння безабароннае ахілесава сэрца вогнетрывалай паэзіі. Не выпадкова адзін са зборнікаў так і называўся — «Ахілесава сэрца».

Андрэй Вазнясснскі жаданы і дарагі госць не толькі ў кожнай рэспубліцы, але і далёка за межамі нашага Саюза.