Выбрать главу

Але для Беларусі ў сэрцы паэта адведзена асаблівае месца, як і ў сэрцах беларускіх прыхільнікаў ягонай музы.

Андрэй Вазнясенскі пазнаваў Беларусь не ў час дэкад, не ў аброчных наездах па лініі бюро прапаганды (часта гэтая прапаганда выклікае сваю супрацьлегласць) літаратуры. З міцкевічаўскай Свіцязі і першароднай Белавежы ішоў паэт да нашага чытача, да слухача Беларусі. Ішоў не ўлегцы — з усхваляванымі радкамі пра пашу рэспубліку, з вачыма, закаханымі і ўлюбёнымі ў нашы краявіды, нашых людзей.

Беларускія вершы Андрэя Вазнясенскага ўражваюць сваёй адкрытай шчырасцю, сваёй гордай павагай да зямлі, якая зведала ўсе жахі вайны, якая ніколі ні перад кім не гнулася да зямлі, якая на любоў адказвае любоўю, на прызнанне — прызнаннем.

Гэта не паездачныя вершы, дзе ёсць крыху падсіропленай экзотыкі, крыху цялячага замілавання, крыху зняважлівай, па-руску кажучы, «снисходи-тельности». Радкі пра Беларусь прадыктаваныя дапытнасцю, пашанай, смуткам і захапленнем. У кожнай новай кнізе, у кожным томе «Выбранага» Андрэя Вазнясенскага прысутнічае Беларусь, як часціна шчодрай душы майстра і грамадзяніна.

Нават традыцыйныя буслы, ад якіх апошнім часам пачынае калаціць перакладчыкаў нашай паэзіі, у Андрэя Вазнясенскага свае.

Яшчэ ўсё Беларусь замроена: не адрадзіла сем'і згіблыя. Без іх і птушкі абяззброены. А раптам і яны без цыбліка?..
...Аднойчы неяк спадарожніца з дарогі ў дождж глухі саб'ецца, ад ласкі неба, асцярожнае, пад сэрцам дзіва ў ёй заб'ецца.
Сваё абмацваючы цела,— нібы запалкі ўсё шукае — світальна скажа: «Заляцела. Вам прынясу, буслы, сынка я».

Гэта не шлягерны «белый аист», што ляціць нібыта над ціхім Палессем. Бо і нешматлікія ўжо буслы бадай што забыліся на цішыню ў гэтым краі. У прынцыпе белыя, яны на сваіх выпасах ходзяць перапэцканыя нафтай, мазутам. Нібыта пачаўшы забывацца на спрадвечны клопат — насіць малых палешукоў, прыахвоціліся да камінарскай справы. Гэта ўжо да слова прыйшлося.

А, наогул, паэзія не любіць доўгіх размоў пра яе, бо яна дзяўчына, дама, і, значыць, трэба яе слухаць, бачыць, разумець.

Мне хацелася падзяліцца радасцю знаёмства з выдатнай паэзіяй Андрэя Вазнясенскага, радасцю, якая не праходзіць з кожнай новай і новай сустрэчай! I яшчэ захацелася мне перагукнуцца сваімі радкамі з рускім сябрам.

1980

На палях вечнасці

Ён любіў жыццё апантана, да самазабыцця. Любіў, нібы наганяючы той час, які забралі ў яго вайна і суровыя дарогі лёсу. Любіў, нібы адчуваючы, што шлях да роднага парога не бясконцы. Любіў жыццё і за тых сяброў і таварышаў сваіх, якія не дасталіся дадому.

Ён быў дасціпны і непаўторны і ў вясёлым застоллі, і на афіцыйным пасяджэнні, і ў сваіх артыкулах, сваіх выступленнях, сваіх рэпліках і заўвагах.

Ён валодаў амаль забытым у апошні час у нашым літаратурным асяроддзі ўменнем радавацца ўдачай калегі, паплечніка, рабіць чужы поспех уласнай радасцю. Адзін радок, слова, нечаканая рыфма маглі зрабіць пагодным настрой яго, найтанчэйшага знаўцы і, я сказаў бы, дэгустатара паэзіі. У ім арганічна, па законах таленту спалучаліся прызнаны мэтр і захоплены юнак, эрудыт і вастраслоў, даследчык і публіцыст. Ён увесь час быў апанаваны нецярпеннем адкрываць, нават газету, часопіс, зборнік паэзіі раскрываў па-асабліваму нервова, па-ранішняму, з чаканнем шчаслівага адкрыцця. I ён умеў адкрываць новыя таленты, новыя імёны. У яго была лёгкая рука на гэта, а галоўнае — душа. Умеў і наноў прачытаць паэта, драматурга, празаіка.

Менавіта ён адкрыў Аляксея Пысіна і для чытачоў і для самога ж паэта, адкрыў як самабытнага майстра, як непадобную асобу.

Помніцца, з якім непрыхаваным гонарам паказваў ён ліст ад Міхайлы Грамыкі. у якім старэйшына нашай літаратуры дзякаваў крытыку за шчырыя словы, за тое, што прыўзняў века над ягонай труной, труной забыцця і маўчання.

Калі выйшла пасмяротна кніга Уладзіміра Лісіцына, які нарадзіўся ў канцлагеры ў 1944 годзе,— не чакаючы, пакуль нашая крытыка прымерыцца да непрывычнай паэзіі, у «Литературной газете» быў надрукаваны ўзнёслы і дасведчаны артыкул прызнанага крытыка.

Рыгор Бярозкін. Ён першы парушыў тыя каноны і тую традыцыю, па якіх на крытыка пазіралі як на чалавека, што недалюблівае паэзію, слабавата ў ёй разбіраецца, а павучаць любіць, бо прафесія вымагае. Артыкулы Рыгора Бярозкіна гучалі як паэтычныя старонкі, напоўненыя гневам і спагадай, мудрасцю і віртуознай дасканаласцю кожнага слова.