Настолькі была магутнай слава крытыка, настолькі магічнай была думка ягоная, што многія паэты за асабістую крыўду лічылі і схаваць гэтае пачуццё не маглі, калі іх не заўважаў Рыгор Бярозкін. А калі ўжо сам Бярозкін сказаў колькі станоўчых слоў, яно ўжо і з сабратам па пяру можна было здароўкацца не першаму. Ну, вядома, такое было ўласцівей маладым.
Не магу забыцца, як наш любы і не пакрыўджаны ўвагай Пятрусь Броўка ў дні свайго 70-годдзя па-юнацкаму расчулены быў і адкрыта радаваўся артыкулу Рыгора Бярозкіна, надрукаваным пра яго ў «Вячэрнім Мінску». А Рыгор Саламонавіч са звычнай яму іроніяй казаў, што пасля «Вячэрняга Мінска» на вуліцы і нават у пад'ездзе больш вітацца сталі — паславуцеў.
Ён паспеў яшчэ напісаць артыкул да двухтомніка Аляксея Пысіна і рэцэнзію для выдавецтва на выбранае Еўдакіі Лось.
Апошнія гады перад цяжкой хваробай сваёй Рыгор Бярозкін шмат пісаў, выступаў — спяшаўся выказаць хоць трохі свайго запаветнага, выпакутаванага, яшчэ развітваўся з людзьмі, з жыццём, якое да яго жорстка ставілася.
Назаўсёды застанецца жывы для мяне Рыгор Саламонавіч. Крыху закінутая назад галава. Губы, яшчэ сцятыя на момант пасля чарговай зацяжкі цыгарэтай, пасля чарговага глытка радасці ад знойдзенага ў некага слова ці вобраза. Вось рука зрабіла лёгкі рух з непагаслай цыгарэтай, і са здзіўленай пасмай пабялелай чупрыны пераплятаецца пасма дыму. Вочы крыху прыжмураныя, насмешлівыя і разгублена-даверлівыя. Зараз ён скажа нешта раптоўнае, бярозкінскае.
Тое, што паспеў сказаць Рыгор Саламонавіч, што засталося ў кнігах ягоных, і жыве і жыць будзе і ў нашчадках нашых.
1981
Яго прысутнасць
Іван Паўлавіч Мележ. Тры словы гэтыя ўвабралі ў сябе цэлы сусвет думак, вобразаў, людскіх лёсаў і характараў.
Вымаўляю іх, і перад вачыма, у памяці, удзячна-збянтэжанай, паўстае мажны, рослы, спакойна-разважлівы вонкава, а ў душы цнатліва-засяроджаны майстар, які ведае слова на вагу і славу на цяжар. Слова слухалася яго, ім ён мог выказаць самае патаемнае і самае глыбіннае пачуццё. Слава, заслужаная сумленнем і працай, абавязвала да новых высілкаў у імя роднай культуры, у імя літаратуры беларускай, дзеля якой ён жыў, паветрам якой ёп дыхаў, клапоцячыся, каб чыстым і здаровым было яно.
Яшчэ ў школе, ва Ушачах, пазнаёміўся ўпершыню я з Іванам Мележам, захоплена прачытаўшы «Мінскі напрамак». А пасля ў сталіцы рэспублікі быў сведкам упэўненага, без лішняй мітусні і шуму, росту і сталення таленту аднаго з выдатных прадстаўнікоў нашага прыгожага пісьменства.
Здараліся шчаслівыя выпадкі сумесных дарог, сустрэч, гутарак.
Іван Паўлавіч насцярожана-ўважліва ставіўся да слоў пра ягоную творчасць, пра ягоную асобу, нібыта ў думках звяраючы іх з уласнай ацэнкай. Ен радаваўся кожнаму зычліваму руху душы субяседніка.
У «Полымі» пачыналі друкавацца «Людзі на балоце». Яшчэ далёка было да ўсеагульнага прызнання, яшчэ некаторыя будучыя паслядоўнікі і зычліўцы, патрыёты Палесся насцярожана, а то і з яўным недаверам глядзелі на першыя раздзелы рамана, а Іван Паўлавіч з нервовай трывогай слухаў усё, што казалі пра ягоны твор. Ён чакаў з нецярпеннем, чакаў цярпліва спагады і падтрымкі. Так сухмень чакае навальніцы, так ралля руні чакае. Пачалі ісці лісты, яго сустракалі на вуліцы і віншавалі, яму званілі дадому. Асмеліўся пазваніць і я, каб выказаць сваю радасць. I быў нечакана здзіўлены той радасці, з якой сустрэў прызнаны майстар мой лірычны шчэбет.
У адзін з навагодніх нумароў «ЛіМа» разам з Петрусём Макалём пісалі мы так званы святочны рэпартаж, дзе былі радкі:
Сустрэў мяне неяк у Саюзе пісьменнікаў Іван Паўлавіч і спытаў з сарамлівай сваёй усмешкай: — Пісаў рэпартаж?
Ну, прыйшлося прызнацца, што за адным псеўданімам — Пятрусь Макаль, а за другім — я. Нам абодвум за добразычлівасць падзякаваў Іван Паўлавіч разлагоджана і шчыра. А мне было прыемна, што прыдалося да рыфмы ўшацкае слова «блоціць».
Як дарагая памяць у мяне захоўваецца кніга «Людзі на балоце» з ласкавым і надзвычай шчодрым аўтографам: «...з сімпатыяй, з любоўю, з верай і самымі добрымі пажаданнямі — Іван Мележ. 17.5.62 г. Мінск».
Чамусьці заўсёды, калі бачу яе, успамінаю густы і цёплы дождж, ад якога хаваў за пазуху дарагі падарунак. Пад гэты дождж мармытаў я нейкія радкі, дажджавыя кроплі адбівалі памер і агучвалі модныя тады прыглушаныя асацыятыўныя рыфмы.