Выбрать главу

Гэты смутак, высыпаны з паштальёнавых ранцаў у сэрцы аднагодкаў, шчымеў паэту, рабіў ягоны духоўны зрок чулым да чужой бяды, адчувальным да радасці сябра.

Ён быў паэтам у штодзённым жыцці, ён быў рамантыкам, акрыленым, захопленым, які «ўмываўся з лісцяў ліўнем рос», бо верыў —

Не аслабнуць у песні крылы, Калі ёсць у яе сябры.

А сябры былі паўсюль, бо душой гарнуўся паэт да людзей і яны ўзаемна адказвалі любоўю і павагай.

Паэтам ён быў па прызванню і па складу душы, бо адкрыта ішоў насустрач аўдыторыі, не баючыся яе няшчаднасці і прадузятасці, і сваім непасрэдным даверам скараў яе бязлітаснасць. Чытаў заўсёды крыху спяшаючыся, за паспешлівасцю гэтай хаваў і хваляванне і разгубленасць. I, па традыцыі 50-х гадоў, абавязкова выдзяляў канцоўку, як бы падкрэсліваючы галоўную думку, а слухачам даваў магчымасць настроіцца на ўспрыняцце наступнага верша. Як сёння чуюцца мне гэтыя мілыя канцоўкі:

Я ціха, пяшчотна сказаў: — Суніцы, суніцы паспелі!..

Альбо:

На маладзік не хочаш наглядзецца. А вокала мяне — такая ціш! Ажно чуваць, як сэрца б'ецца. Няўжо ты спіш?..

Наогул трэба зазначыць, што сама манера адчування, само паэтычнае светаўспрыманне канца 50-х гадоў наклалі значны адбітак на вершы паэта. Адсюль ідзе і пэўпая стрыманасць у выказванні пачуццяў, і вызначанае кола тэм, і арыентыроўка на класічныя памеры. Гэта з аднаго боку засцерагала ад пэўнай расхлябанасці 60-х гадоў. I ўсё ж шчырасць і непасрэднасць разрывалі тыя ўмоўнасці, і паэзія гучала натуральна, і ў стрыманым радку ёй не было цесна.

Я наўмысна не адразу называю імя паэта, бо ўсё яшчэ не верыцца, што ўжо не пачую болей ягонага ледзь прыглушанага, заўсёды ўзрушанага і паважлівага да субяседніка голасу.

Іван Калеснік. Яго часта называлі Іван Іванавіч. I маладзейшыя, і нават аднагодкі падкрэслівалі гэтым павагу да яго чуласці і адгуклівай спагадлівасці, што складалі асноўную рысу яго асобы, яго характару.

Яшчэ слова настаўнік не мела свайго сёння распаўсюджанага новага значэння, а ён рупліва, штодзённа выхоўваў літаратурную моладзь, новую змену нашай беларускай паэзіі. Не ўзростам быў ён старэйшы за тых, каго прывячаў словам падтрымкі, абнадзейваў парадай і спагадай, а рэдакцыйным вопытам, пасадай літаратурнага супрацоўніка і кансультанта «Чырвонай змены», газеты, якая ў часы Івана Калесніка па-сапраўднаму дбала пра літаратурную памаладзь. I калі казаць больш дакладна, дык асновай усёй ягонай настаўпіцкай дзейнасці была бязмежная адданасць паэзіі, улюбёнасць у кожны чысты гук роднага беларускага слова. Відаць, мела нейкае значэнне і тая акалічнасць, што хлопец з сялянскай сям'і, з Фаніпальшчыны, скончыў на пачатку жыццёвай дарогі педагагічнае вучылішча.

Проста цяжка пералічыць усе імёны, каго на першай сцяжыне, першым раздарожжы заўважыў Іван Калеснік, каму дапамог убачыць надрукаванымі свае няўпэўненыя радкі, смелыя хіба што сваёй бездапаможнасцю. Тут будуць Генадзь Бураўкін і Юрась Свірка, Васіль Зуёнак і Уладзімір Паўлаў, Сымон Блатун і Анатоль Сербантовіч, Яўген Крупенька і Васіль Макарэвіч.

Сам Іван Калеснік пачынаў па-маладому звонка і радасна свой спеў — і на роўных правах — са Сцяпанам Гаўрусёвым і Нілам Гілевічам, Уладзіславам Нядзведскім і Петрусём Макалём. З яго імем найцесна і ўдзячна звязана паэзія 50-60-х гадоў.

Пасля «Чырвонкі» Іван Калеснік шмат энергіі і вопыту, душэўнай дабрыні і шчодрай шчырасці аддаў маладзейшым і сталейшым паэтам на пасадзе рэдактара аддзела паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». Цяжкі спіс складуць кнігі, пад якімі стаіць подпіс рэдактара I. I. Калесніка. Чвэртку стагоддзя прабыў ён на перадавой у арміі паэзіі.

Слова дружба для яго было святым і азначала ўзаемную павагу, якая мацуецца штодзённай працай. Гэтае слова і кіравала творчыя планы паэта, калі перакладаў ён чыста і плённа сваіх паплечнікаў па паэтычным цэху з нашай шматмоўнай сябрыны, класікаў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі.

Шмат творчага запалу аддаў Іван Калеснік чыста газетнай працы. Бясконцыя камандзіроўкі былі для яго жаданымі дарогамі да чытачоў, да сваіх герояў, калі казаць па-газетнаму. Заўсёды вяртаўся ў рэдакцыю з патрэбнымі матэрыяламі, з выкананым заданнем і абавязкова з новымі вершамі. I такая ўжо была асаблівасць характару паэта, што ўсё незвычайным бачылася яму — і цесная раённая гасцініца, і дрогкая, гразкая дарога.