Выбрать главу
А хацеў бы я збіраць натоўпы Дружных, але стомленых людзей Толькі Для вялікай справы, Толькі У тыя дні, калі набат гудзе.

Пімен Панчанка ішоў франтавымі дарогамі разам са сваімі героямі. Вайна праверыла на трываласць наш народ, наш лад, вайна праверыла на трываласць і слова паэзіі. I сёння, прайшоўшы баявую паверку часам, паверку няўмольную і суровую, паэзія Пімена Панчанкі гадоў ліхалецця стаіць на правым фланзе ўсесаюзнай паэзіі. Цяжка ўтрымацца ад спакусы працытаваць хоць некалькі радкоў з такіх хрэстаматыйных вершаў, як: «Сінія касачы», «Коні», «Вока снайпера», «Герой». Адзін толькі пералік такіх вершаў заняў бы некалькі старонак.

Хочацца адно зноўтакі падкрэсліць бескампра-міснасць характару паэта. У часы вайны і асабліва пасля ходкім быў прыём, калі амаль кожны паэт пераўвасабляўся, гаварыў ад імя сваіх герояў так, як абставіны вымагалі. I колькі пасля нападак ад крытыкі выцерпеў Пімен Панчанка, які заўсёды звык казаць ад свайго ўласнага імя, пісаць біяграфію сваёй душы. У 1943 годзе ён пісаў:

У мяне не забілі нікога — ні маці, ні жонкі, ні брата. Я не плакаў бяссоннаю ноччу ад горкае страты. Ад чаго ж тады сэрца так хоча, так прагне расплаты?

Ад свайго імя напісаны і славуты «Іранскі дзённік». Пімен Панчанка, бунтоўны наватар па натуры сваёй, ніколі не спакушаўся таннымі прыёмамі, хоць і надзейнымі сваёй даўніной. Пра гэтыя ўмоўнасці ў паэзіі, якімі прыкрываюцца бяздушша і падзёншчына, з панчанкаўскай усмешкай хораша сказана ўтранёным паэтам:

Там, дзе ўмоўная конская сіла, Умоўная шклянка віна I ўмоўнае паліва, Хоць бухгалтарам гэта міла I не лічбаў у тым віна,— Там паэзіі ані каліва.

Непасрэднасць і споведны давер да чытача выклікаюць узаемнасць. I ў сваёй нядаўняй кнізе паэзіі «Маўклівая малітва» паэт застаецца верны сабе самому:

Адным зразумела і проста, Як трэба для славы служыць. А я па-салдацку сяброўствам Умею яшчэ даражыць.
Адзін за другога нам легчы Не страшна было на вайне. I зараз мне б толькі дабегчы Да тых, хто пакліча мяне.

Слава, а пад ёй слсд разумець прызнанііе і любоў народа, сама бачыць, каго ўпадабаць ёй. Славу ашукаць немагчыма.

Слава Пімена Панчанкі заслужаная працай таленту і непадкупнай чысцінёй сумлення. Слава мае абавязкі — пачэсныя і канкрэтныя. Пімен Панчанка — народны паэт Беларусі, дэпутат Вярхоўнага

Савета БССР, старшыня рэспубліканскага Камітэта абароны міру. Да Літаратурнай прэміі і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы ў 1981 годзе хораша дадалася і Дзяржаўная прэмія СССР за кнігу вершаў «Дзе начуе жаўранак».

Як ніколі паэзія Пімена Панчанкі не ведала спакою, ідучы з баямі, у паходах, у вандроўках заўсёдашніх, так і сам паэт не любіць доўга заседжвацца ў кабінеце. Па абавязку старшыні рэспубліканскага Камітэта абароны міру, па абавязку сваёй неўтаймаванай душы ён шмат ездзіць, шмат вандруе. Услед за Уладзімірам Маякоўскім наш Пімен Панчанка мог бы паўтарыць: «Я шар зямны як не ўвесь абышоў». I абышоў, і аб'ехаў, і думкай паэтычнай абляцеў. Сам сабе паэт у свае сорак год даваў наказ:

Ясна ўсё. I сам сабе кажу я: Працаваць пакуль хапае сіл, Тут, дзе перашытыя кашулі З бацькавых плячэй малым насіў.
Салавей пяе ў маёй дуброве, Растрывожыў песняю душу... Кнігу вандраванняў і любові Між лясоў я родных дапішу.

У панчанкаўскі месяц жнівень хочацца пажадаць прызнанаму майстру новых і па-панчанкаўску непаўторных старонак у кнізе вандраванняў і любові!

Ды і ў дні юбілеяў, небяспечныя знішчальнай сілай віншаванняў і славаслоўя, Пімен Панчанка ўмее выстаяць, застацца самім сабою, умее з іроніяй паставіць усё на сваё месца.

Сягоння не засну... Мяне так шчыра хваляць, Як спелую сасну, Якую хутка зваляць.

Будні па душы паэту. Будні рабочыя, творчыя. А дарогі дарагія сэрцу «яздой у незнаёмасць» і сваімі вяртаннямі.

Гэта пачалося ўжо Вяртанне Праз жыццё, Удачы і няўдачы. Да палёў, Духмяных і гарачых.
Праз вайны Задымленыя росы Да гадоў Даверлівых і босых.
Не засумаваў, Не зажурыўся — У дзіцячы пах травы Зарыўся.