Еду ў Рудню, дзе жыве Міхаіл Ягораў, здаецца, вяртаюся ва ўспаміны пра перамогу, пра вайну.
Рудня — тыповы райцэнтр. Асноўную прамысловасць гарадка складае камбінат, як называюць яго тут скарочана, малако-кансервы. На ім, казалі мне, працуе Міхаіл Ягораў. Стаю ля прахадной, чакаю, пакуль клічуць майго універсітэцкага сябра Віктара Куневіча. Ён павінен павесці мяне да Ягорава. Слухаю гаворку шафёраў, рабочых. Гавораць пра паўсядзённыя сямейныя клопаты, успамінаюць знаёмых, з некага кпяць, некага хваляць. Маладзіца просіць вадзіцеля малакавоза падвезці яе ў Смаленск, а вадзіцель пярэчыць, што ён не шафёр таксі. Ідуць да начальства, узгадняюць. Гавораць усе амаль так, як па маёй Ушаччыне, лічы, па-беларуску.
I яшчэ раз успамінаецца мне паседжанне ў Крамлі, прысвечанае дваццацігоддзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якое трансліравалася па тэлебачанні.
«Закрапілі мы знамя і ўвідзілі Бярлін па ладані...» Мяне тады прыемна ўразіла гаворка героя, пра якога кожны з нас з захапленнем чытаў на старонках школьных падручнікаў. I недзе закралася думка, а ці не зямляк ён раптам... Думка гэтая і прывяла мяне, дакладней, прывезла чыгункай у Рудню.
А во, нарэшце, і мой сябра — Віктар. Просіць пачакаць яшчэ хвілінку — трэба папярэдзіць некага, што ён сёння на працы не будзе.
Ідзём да яго дамоў. Жыве сябра ў двухпавярховым доме. Цэлая вуліца набудавана ад іхняга камбіната. Па праверанай звычцы стараюся спачатку дазнацца пра Ягорава ўсё, што можна, а потым ужо і да самога пайду.
Віктар расказвае мне паволі.
Нарадзіўся Міхаіл у вёсцы Бардзіна Руднянскага раёна, што на Смаленшчыне. У вайну партызаніў, потым быў у арміі. Пасля вайны — старшыня калгаса ў Мікуліне, загадчык гандлю там жа, слухач партыйнай школы.
Дарэчы, зазначае Віктар, у Мікуліне пахавана шэсць Герояў Савецкага Саюза. Шасцёра дэсантнікаў завязалі няроўны бой з захопнікамі. Усе загінулі смерцю храбрых, але і 120 фашыстаў улажылі...
Цяпер Ягораў працуе старшым дыспетчарам чыгуначнай веткі на камбінаце.
У размову падключаецца жонка Віктара (яна таксама працуе на камбінаце).
Раней Міхаіл быў загадчыкам буртавога поля. Па старой памяці часта наведвае сушыльны цэх. Калі трэба каму знайсці яго — спачатку ў сушыльны бягуць.
Ягораў — нязменны дэпутат гарадскога Савета. Калі што каму дастаць неабходна — да Міхаіла. Заўсёды дапаможа, не адмовіць.
Мне спадабалася такая дэталь — усе называюць Ягорава ці Міхаілам, ці Мішам. Для кожнага руднянца ён свой, блізкі. Нават калі я запытаўся, як жа ўсё-такі па бацьку яго — жартам адказалі, што гэта, напэўна, ведаюць у аддзеле кадраў.
Такія-сякія падрабязнасці вызнаў. Зараз і да Міхаіла можна.
Выходжу на вуліцу. На рослай вішні, нібы на пахвалу напрошваючыся, заліваецца шпак. Першага сёлета ўбачыў недалёка ад Віцебшчыны.
Але далей мне пачынае не шанцаваць. Невялікі акуратны дамок на Ленінскай вуліцы замкнёны. Застаецца адно — ісці ў школу да жонкі Ягорава і дазнавацца, дзе муж. Сярэдніх гадоў настаўніца пачатковых класаў адказвае:
— А Міхаіл ужо даўно ў Віцебску і, відаць, не скора дома будзе.
Самы бліжэйшы прыгарадны цягнік Рудня — Віцебск адыходзіць раніцай а чацвёртай гадзіне.
Калі я спяшаўся на станцыю, непадалёку ад камбіната ў лашчынецы ў тумане раптам знаёма запахлі мне штабялі асіны. Да Віцебска вёз я гэты пах...
Няўлоўнага Міхаіла Ягорава застаю ў Віцебскім таварыстве па распаўсюджванню ведаў. Ён толькі што прыехаў з саўгаса «Паставы» ад былога партызанскага камісара палка Васіля Усцінавіча Какошына, які працуе ў саўгасе заатэхнікам.
Невысокі. Хударлявы. Па-вайсковаму падцягнуты. Здаецца, прывыклы да таго, што яго паўсюль запрашаюць, што ім цікавяцца. З нейкім унутраным спакоем і разам з тым стомлены, нават крыху раздражнёны. Вайсковыя штаны галіфэ. Вайсковая фуражка. На заламаным лацкане чорнага пінжака Зорка Героя, ордэны.
Насцярожана зірнуў на фотаапарат Мішы Мінковіча і, чамусьці прыняўшы яго за магнітафон, наадрэз запярэчыў:
— Запісвацца на магнітафон не буду. Наогул часу не маю — еду ў Рудню.
Размова яўна не клеілася. Нічога не заставалася, як задаваць нейкія пытанні, каб так-сяк разгаварыць Героя.
Пытаюся самае нейтральнае, з якога года, дзе пачынаў партызаніць.
Нарадзіўся Міхаіл Ягораў 5 мая 1925 года. Партызаніць пачаў у Чачэнскіх лясах Дзямідаўскага раёна. У дзень свайго нараджэння ў сорак другім атрымаў першае баявое хрышчэнне. Было гэта ў Блоні, партызаны трымалі льнозавод.