Так, на шырокім шляху жыцця, развіцця роднага беларускага слова стаіць хата паэзіі Сяргея Дзяргая. Ніхто не абміне хаты гэтай, бо гаспадар яе жыў для людзей, для нашчадкаў, для прадаўжальнікаў вечнай справы служэння сумленню і Радзіме. Ёмістая канкрэтнасць вобраза таленавітага паэта Дзяргая будзе будзіць думку і слова.
1982
Зорка Шырмы
У выглядзе ягоным спалучаліся святы з беларускіх драўляных абразоў і мудры дзядок-селянін, крамяны і задуменна-ўзнёслы.
У прэзідыумах творчых саюзаў, у прэзідыумах урачыстых дат ён нязменна сядзеў у першым радзе, у цэнтры, і сваёй прысутнасцю кампазіцыйна злучаў усіх седакоў на стомленых конях крэслаў і адухаўляў часта сумнаватыя паседжанні.
Ён быў своеасаблівым сімвалам нашай роднай культуры, увасабленнем інтэлекту і дэмакратызму нацыі.
Дні літаратуры і культуры ў братняй Літве. Урачыстае адкрыццё. На імправізаванай трыбуне на Вільнюскім чыгуначным вакзале нібы плыве над натоўпам знаёмае аблічча. Пад воплескі ганаровы госць атрымлівае ключ горада. Гэта — ЁН.
Цяпер цяжка і згадаць, калі ўпершыню пачуў я тры словы, што грукаталі, як жорны ў вясновым халадку, як далёкія летнія грымоты, то ў парыве гневу, то раптоўна палагаднелыя: Рыгор Раманавіч Шырма. Яны чаравалі, яны запаўнялі душу нечым незвычайным, невыказным. За словамі гэтымі стаяла Яе Непераўзыдзенасць музыка. Мы, прагныя да ведаў і да роднай культуры студэнты, у большасці сваёй паэты-пачаткоўцы, баяліся прапусціць хоць адзін канцэрт Шырмавай капэлы (і пры жыцці кіраўніка яна звалася ягоным імем).
Многія з нас у школах спявалі ў хорах, бывалі на заезджых канцэртах у сваіх вёсках і райцэнтрах. Але нішто не магло і параўнацца нават з самім выглядам капэлы! А пасля курса па антычнай літаратуры па-асабліваму ўспрымалася і строгасць, і дакладнасць, і высокая, нячутая намі дасюль, культура выканання.
Заўсёды нецярпліва чакалі пачатку канцэрта. На сцэну выходзіць, дакладней, на ёй узнікае Рыгор Раманавіч Шырма. Няўлоўны па сваёй імгненнай дакладнасці рух — і залу, і сэрцы запаўняе музыка.
I ў кожным канцэрце, і ў кожнай новай праграме і класіка, і народныя песні. Але такія народныя, што глыбінёй сваёй, непаўторнай праславянскасцю не ўступалі класічным узорам. Народная песня ў выкананні Шырмавай капэлы спаборнічала з класікай, адцяняла яе, падкрэсліваючы па-сялянску далікатна першародную свежасць сваю і душэўную глыбіню.
«Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»— паўтараў я моўчкі ўслед за Шырмавай капэлай словы ўлюбёнага яшчэ са школы майго Максіма Багдановіча. Так любоў узбагачалася любоўю, любоўю пашанлівай, адданай.
На апошніх курсах на канцэрты капэлы, на Шырму, як між сабой казалі мы, хадзіў я з асаблівым хваляваннем, а прычынай хваляванню гэтаму стала першакурсніца, маці якой у свой час спявала ў Шырмы, калі капэла яшчэ была Беларускім дзяржаўным ансамблем песні і танца. I няхай мне дазволена будзе вольнасць назваць Рыгора Раманавіча як кіраўніка капэлы ў пэўнай ступені сватам. Першакурсніца, а потым і выпускніца асабіста ведала многіх спевакоў, самога Рыгора Раманавіча і нават дома ў яго бывала. I, натуральна, цяжка мне было хаваць зайздрасць сваю.