...Дагарае агонь... Папялінкі сівяць скроні паэта. На валуне сядзіць, як вядун-чарадзей. На досвітку — на рыбу. Пакуль пойдуць грыбы, трэба адчуць у руцэ натугу вудаўя, трывожнае біццё рыбацкага шчасця. Пры гэтым згадвае паэт выслоўе Хемінгуэя: «Пры кожнай паклёўцы стронгі я адчуваю мускулатуру свету».
...Ідзём ляском. ён пытаецца, як ехалася. Зазначае між іншым, што ў аўтобусе добра калыхаць верш. А якраз я толькі пачаў калыхаць свае першыя вершы і прыехаў да свайго настаўніка, да хроснага бацькі, каб паглядзеў ён, ці забыўся я, нашчадак рыбакоў ушацкіх, як чарвяка на кручок запрашаюць, як туманам юшка пахне.
Лясок гусцее. Гусцее змрок. Недзе недалёка ляноціцца Мінскае мора. А мне шэпча бор над ушацкім возерам Вечалле. Самі прыходзяць на памяць вялюгінскія радкі:
Толькі перад гэтым забягаўся я ў. «Полымя», дзе ў карэктуры чытаў радкі «Спелага бору», што пахлі яшчэ свежай фарбай.
...На сене спіцца соладка. Ды сорамна нашчаднаму рыбаку праспаць досвітак, калі рыба бярэцца. Апошнім часам забрыў у нашыя газеты і часопісы немаведама адкуль выраз «ісці на рыбалку», А мне з малых гадоў гучыць наш — «ісці на рыбу». Як у даўніну хадзілі на звера. Ісці на рыбу — значыць рыбы шмат і яна не дробная!
Непраспанае мора. Сонца яшчэ спіць. Анатолю Вялюгіну шанцуе, мне — не. Праўда, шанцаванне гэтае адноснае. На нашай Віцебшчыне пра такі ўлоў кажуць: ад ката абараніцца... Зацяты рыбак, выцягваючы чарговы ўлоў, падміргвае: «Стары... у лісці лілей як голуб лапоча...» Гэтае хітравата-вясёлае вока, гэты «стары» помню заўсягды пазней, калі што падабаецца Анатолю Вялюгіну,— калі вычытаў у некага цікавы верш, калі адкрыў маладога паэта, калі сам закончыў пільную работу і яна самому яўна даспадобы.
Пазней, падпісваючы свайму настаўніку зборнік, што выйшаў у мяне ў Маскве, ужыў ягонае ўлюбёнае слоўца:
Анатоль Вялюгін валодае да зайздрасці рэдкім у наш час сярод літаратараў дарам радавацца чужой удачы, чужой знаходцы, чужому поспеху болей, чым сваім. Відаць, не зусім дакладна азначэнне «чужы» ў дачыненні да такой адкрытай душы, як у Анатоля Вялюгіна. Лепей, бадай што, сказаць: сябравай удачы, сябраваму поспеху. Бо паэт надзіва багаты на сяброў!
Гэта хіба што пад сілу даследчыкам, аснашчаным электронна-вылічальнай тэхнікай, падлічыць, колькі заўважыў Анатоль Вялюгін, колькі падтрымаў талентаў, блаславіўшы на нялёгкую дарогу ў літаратуры!
«Полымя» — часопіс, што называецца, паважны, нават крыху акадэмічны, па свайму ўзросту (нядаўна 60-годдзе адзначыў), па свайму памеру, па абсягу і ахопу тэм. Але ў аддзел паэзіі, які з 1946 года з невялікімі перапынкамі ўзначальвае Анатоль Вялюгін, заўсёды ідуць маладыя, у «Полымі» завозна з паэзіяй. Ды па добрай традыцыі, якой вымагаюць перш за ўсё клопат аб роднай паэзіі, уважлівасць да новага імя, у аддзеле не запісваюць на чаргу, як некалі ў местачковым млыне. Пэўная чарговасць ёсць, улічваюцца розныя «але», ды ў першую чаргу — друкуецца лепшае, свежае, новае.
За вонкавай паважнасцю, самавітасцю прызнанага барда хаваюцца задзірыстасць і даверлівасць, апантанасць і чуласць сенненскага мальца, унука дзеда Цярэшкі Вялюгі. I за ўсім гэтым стаяць дасведчанасць, дапытлівасць, віртуозная лёгкасць у абыходжанні са словам.
Майстра паяднаў у сабе кнігу і зямлю, з яе летнікамі і снягамі, з яе разнатраўем і разнаптаствам. Пазвоніш амаль на досвітку, не спіць, працуе, ды не праміне запытацца: «Чаго рана ўстаў, ці малаціць сабраўся?» Малацьбітны самы дарагі час у селяніна. Альбо раптам 23 верасня павіншуе з астранамічнай восенню.
Ён помніць даты, вершы, паэмы энцыклапедычна, грунтоўна. I па-дзіцячы шчыра любіць дарыць блакноты і аўтаручкі, каб добра пісалася, гальштукі самыя ультрасучасныя — бо паэт малады не павінен адставаць ад часу нават вонкава.
Любіць дарыць рыфмы, радкі і строфы, каб верш маладзейшага ці аднагодка загучаў, крылы адчуў. I самы ўлюбёны, я казаў бы, сталы занятак Анатоля Вялюгіна быць хросным бацькам першых зборнікаў. Здзіўляе ўмельства, з якім спрактыкаваны віртуоз адбірае вершы, ставіць іх у кнізе так, каб не забівалі паўторамі адзін другога, каб не выглушалі, а каб падкрэслівалі, выцягвалі, што называецца, агульную думку. Нялёгкі клопат і даць кнізе імя. I калі перагледзець тэматычныя планы выдавецтва, то па аддзелу паэзіі вялікі працэнт будзе вялюгінскіх найменняў, тых найменняў, што ён даў новым кнігам аўтараў як маладога, так і сталага веку.