Выбрать главу

Да агню Азербайджана вялі караванныя шляхі сівых вякоў. Да агню Азербайджана цягнуліся дапытлівыя сэрцы.

Ясенінскія «Персідскія матывы» хрэстаматыйна вядомыя ўсім аматарам паэзіі. I хоць Сяргей Аляксандравіч у некалькіх сваіх кароткіх аўтабіяграфіях у ліку замежных краін, якія наведаў ён, падкрэслена называе Персію, гэтая экзатычная краіна знаходзіцца ў Азербайджане. У былым асабняку багатага нафтапрамыслоўца П. I. Чагін імітаваў свайму любімаму паэту Персію. Цяпер у Мардакянах адкрыты філіял музея Сяргея Ясеніна. Яны на сумнай хвалі перагукаюцца, два ясенінскія вершы: «Бывай, Баку!» і «Да спаткання, дружа, да спаткання». Музей асвечаны тым настроем, калі самі шапталіся радкі для чароўнай бакінкі: «Шаганэ ты мая, Шаганэ». I не памузейнаму гучаць на стэндзе словы пра вялікага сына Расіі «адзін з самых шчырых паэтаў свету»—словы Назыма Хікмета. Свае першыя крокі на вольнай савецкай зямлі выгнаннік з Турцыі зрабіў менавіта ў Азербайджане. Гэтаму краю няўрымслівы турэцкі паэт прысвяціў полымныя радкі. Азербайджан і сёння сярод сваіх дарагіх паэтаў Назыма Хікмета ставіць на першае месца пашаны і любові.

Наш Пімен Панчанка ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны адкрываў для сябе і для беларускай паэзіі край Нізамі і Фізулі.

Славуты «Іранскі сшытак» гартаўся гарачымі вятрамі Апшэрона. Трывогай граніцы і субтрапічнай сакавітасцю дыхае панчанкаўскі верш «Астара» яшчэ з тых часоў. Былі ў Азербайджане і на ўрачыстых святах юбілеяў, і на сустрэчах па пытаннях канкрэтнай працы ўзаемапавагі, узаемазнаёмства, а значыць, узаемаперакладаў у розныя гады Максім Танк і Васіль Быкаў, Анатоль Вялюгін і Мікола Аўрамчык, Еўдакія Лось і Ніл Гілевіч, Яўгенія Янішчыц і Васіль Зуёнак. Нашыя паэты і празаікі знаёмілі і знаёмяць сваіх чытачоў з творамі азербайджанскіх сяброў, азербайджанскія майстры мастацкага слова перакладаюць беларускую прозу і паэзію. Агонь дружбы, агонь радасці агульнай справы ніколі не пагаспе!

Калі ў цемнаватых лясах каля старажытнага слаўнага Полацка пачынаў расці нафтагігант, каб стаць потым сучасным і светлым горадам Наваполацкам, людзі вогненнай прафесіі — нафтавікі Азербайджана прыехалі ў беларускую старапу. Іхняя дапамога была дарагой і неабходнай. Гэта заслуга і сяброў-азербайджанцаў, што вёсачкі Ахотніца, Слабада, якія спакон веку ведалі хімічны працэс хіба па куродыму газы ў газоўцы, сталі сведкамі і ўдзельнікамі барацьбы за вялікую хімію, каб зрабіцца пасля прыгарадамі і вуліцамі новага горада.

Да агню Азербайджана цягнуліся і прагныя рукі захопнікаў. Але ў сэрцы народа ніколі не гас агонь любові да спаконнага краю, да волі. Як хвалі Каспія змываюць сляды на пяску, народны гнеў змываў з роднай зямлі ўсіх хціўцаў, усіх рабаўнікоў. Шматвяковая гісторыя Азербайджана — сведка мужнай барацьбы за святло праўды, за мову роўнасці. Сялянскае паўстанне 816-838 гадоў пад кіраўніцтвам Бабека супроць арабскіх і мясцовых феадалаў расхістала ўладу Арабскага халіфата. I даўнюю гісторыю маюць сувязі Азербайджапа са славянскім светам, (яшчэ ў IX-X стагоддзях Азербайджан гандляваў з Кіеўскай Руссю), з рускім народам, які быў заўсёды надзённай апорай у барацьбе за лепшую долю. У 1903 годзе ініцыятарамі ўсеагульных стачак на поўдні Расіі выступілі бакінскія рабочыя. I ў 1904 годзе бакінскія рабочыя дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. 13 лістапада 1917 года ў Азербайджане была абвешчана Савецкая ўлада. За кожнай датай гэтай стаяць і гарт духу, і талент рэвалюцыянераў, памножаныя на вернасць вячыстай мэце, на самаахвярнасць.

На адной з прыгажэйшых плошчаў Баку велічны і ўзнёслы помнік 26 бакінскім камісарам. З балюча-белага мармуру праступаюць не пакутніцкія, а нязломныя абліччы і постаці, нібы выходзяць з жахлівага савану пяскоў Закаспія, нібы з вечнасці выступаюць. Б'ецца незаціханае полымя Вечнага агню, агню павагі і ўдзячнасці нашчадкаў.

Адразу з вакзала вядуць праз увесь горад дзве цэнтральныя вуліцы. Гэта вуліцы нашых землякоў, ураджэнцаў Беларусі — Я. Д. Зевіна і М. В. Басіна, двух бакінскіх камісараў.

Русыя вербы Беларусі хораша адцянялі і мякка падкрэслівалі задзірыста-чорныя чупрыны азербайджанцаў у лірычныя вечары, калі неба было шчодра вышыта зорамі. Схіляліся сёстрамі міласэрнымі над параненымі бакінцамі і кіравабадцамі, калі неба было прастрэлена «трасіркамі». I цяпер штовясны шумяць над магіламі герояў неадасланымі лістамі і штозімы дрыжаць несуцешнымі ўдовамі і вернымі нарачонкамі. Вызваляючы Беларусь ад фашыстоўскай нечысці, высокае званне Героя Савецкага Саюза здабылі ў баях смелыя сыны Азербайджана і не ўсе дайшлі да жаданага Дня Перамогі.