Што ж, няхай у шматгалосым на мовы і нацыі Баку растуць шчаслівымі і парасткі Мінска!
А леташняй восенню ў размове з намеспікам старшыні Ушацкага райвыканкома даведаўся, што родны раён мой нават перавыканаў пастаўкі бульбы ў самыя далёкія краі нашага Саюза. У Азербайджан паехала 920 тон ушацкай сопкай бульбы. Няхай яна трапіць на стол да сяброў маіх. Няхай і Акрамавы дзеці, як у гасцях у мінскай бабулі, пагрэюць далоні гарачай ушацкай бульбай!
Пасля кожных адведзін Азербайджана думаў, што больш зведаў край гэты. А зараз стаў прыкідваць усё ў памяці і зразумеў, што толькі пачынаецца знаёмства з ім, краем вечных агнёў, што, як нашчадка паганцаў, цягне мяне да зыркага полымя. Гавораць звычайна пра самых дарагіх людзей — браты па крыві, пра азербайджанцаў трэба казаць браты па агню! Быў і ёсць наш агульны агонь паэзіі, песні!
Салдацкія і партызанскія агні, агні памяці не гаснуць!
Аэрабусел набірае вышыню, каб перанесці з пагасцін дадому.
А мне, ушацкаму мальцу, нафтавыя вышкі бачацца друкамі, на якіх прасыхае прапахлы нафтаю вецер Баку. Так на Ушаччыне некалі сушыліся снапы ўтуманелай восенню...
Азербайджан. Імя гэтае гучыць у сэрцы горача і ўрачыста.
1982
Жаноцкасць вечная красы...
Юзэф Пучынскі — мастак, што называецца, ад бога. Якое ўжо дзесяцігоддзе не стамляецца ён здзіўляцца жыццю, красе ягонай і не перастае здзіўляць гледачоў, спажыўцоў прыгожага, прыхільнікаў свайго мастакоўскага таленту творамі, у якіх люструецца свет чалавечай душы. Позірк мастака бачыць глыбока, глыбінна, абвострана.
З маленства будучы мастак адчуў першародную красу прыроды, пазнаў нялёгкую, але адухоўленую прыгажосць працы. У родным пасёлку, сталіцы цэлага літаратурнага раёна нашай рэспублікі, ва Уздзе бачыў малы Юзэф, як вечар апускае ў Нёманец распаленае сонца, якраз як бацька-каваль — абцугамі гарачы лямеш у ваду. З малых гадоў краса і праца зліліся ў адно ва ўяўленні мастака. Трэба яшчэ зазначыць, што жыццё гартавала яго так, як сталь гартуюць. У бітве пад Сталінградам быў цяжка паранены. I былі гады вучобы, гады працы настойлівай, самаадданай, упартай.
Ад Нёмана, ад нашай непаўторнай беларускай прыроды ў Юзэфа Пучынскага любоў да беларускага мастацкага слова, да літаратуры, якую ён плённа і таленавіта ілюстраваў з першых сваіх крокаў у мастацтве. Ён вырас у майстра кніжнай графікі.
Ад бацькі-каваля — любоў да працы, уменне, набытае цярплівасцю і акрыленасцю, рабіць паслухмяна-гнуткім жалеза вобраза і сюжэта.
Ад маці, ад сялянак беларускіх, ад кабет вясковых — улюбёнасць у вобраз жанчыны, матулі, нарачонкі, каханай.
Жаночыя вобразы ў творчасці Юзэфа Пучынскага займаюць асобнае, можа, галоўнае месца. Першай працай, якая ў 1951 годзе звярнула ўвагу на мастака, на ягоны талент пранікнення ў характар, у духоўны свет героя, была карціна «Партызаны каля параненай Рымы Шаршнёвай». Хвалюе, прымушае задумацца і згадаць, якой цаной дасталася нам вялікая перамога, палатно «Памяць» (знаходзіцца на сталым месцажыхарстве ў музеі легендарнай крэпасці-героі над Бугам).
Цеплынёй, сыноўскай шчырасцю вее ад карціны «Жыццё пражыць». Гэта пра тых вясковых жанчын, што нібыта тыя яблынькі, якія ніяк не могуць прыжыцца на асфальце, не чуючы роднай глебы свайго агародчыка, свайго поля, не чуючы пад нагой сцяжынкі, што ўцякае ў лес. Іх яшчэ называюць добрымі духамі пад'ездаў.
Самі назвы карцін гавораць за сябе: «Партрэт дзяўчыны», «Сялянская дзяўчына», «Ядзя». Кожны вобраз раз і назаўсёды знойдзены, кожнаму мастак аддаў частку душы сваёй, чуласці сваёй і замілаванай пяшчоты.
А колькі роднай, беларускай шчырасці ў «Вечары»! На падаконніку дзяўчына ловіць апошнія ўсмешкі сонца, каб дачытаць цікавую кніжку. Ловіць святло вечнасці, святло ведаў, святло радасці быць чалавекам.