А Максім Багдановіч за чвэрць веку жыцця зрабіў для літаратуры столькі, што, пакуль будзе гучаць беларускае слова, ён будзе па неаспрэчнаму праву лічыцца правафланговым нашай паэзіі разам з Янкам Купалам і Якубам Коласам.
Геній роднага слова, Максім Багдановіч любіў крэўнае слова да самазабыцця, да самаахвярнасці. А неба лёсу вельмі скупое было для паэта на тыя сонечныя дні, калі мог ён пачуць беларускае слова жывое, калі мог ён напіцца з народнай крыніцы непасрэдна.
Ля калыскі Максіма Багдановіча-паэта стаялі беларускія народныя калыханкі, песні, казкі, ашчадна сабраныя клопатам ягонага бацькі Адама Ягоравіча. Шчасліва пасеяныя зерні роднай мовы на ўдзячнай глебе ўражлівай юнай душы далі добры ўраджай. I ўраджай гэты даў хлеб надзённы ўсім, каму дорага Беларусь, яе культура, яе паэзія
Матчына песня, роднае слова... Гэта яны могуць зрабіць невераемнае вераемным.
Расул Гамзатаў у прадмове да зборніка аварскіх казак прыводзіць надзвычай цікавы прыклад Малалетні сын Шаміля — Джэмалутдзін, узяты ў заложнікі, праз дваццаць год «па літасці» цара вярнуўся на Радзіму. Юнак забыўся ўсё: і малітвы, і родную мову, і Дагестан з яго суровымі звычаямі. Горац у шынялі царскага афіцэра рваўся ў Пецярбург. Але маці праспявала яму песню аб Аварыі, тую самую, што чуў ён у калысцы, і ў ім прачнулася душа горца, ён успомніў Радзіму. Юнак скінуў з плячэй чужы шынель, надзеў горскую чаркеску і папрасіў у бацькі кінжал, каб змагацца за родны край. Песня маці вярнула яму Радзіму.
Максім Багдановіч быў адным з першых жаўрукоў, што звінеў у блакіце высокай паэзіі і песняй сваёй вяртаў родную мову, родную Беларусь усім тым, хто забыўся яе.
Болем за мову бацькоў і прадзедаў, гневам да тых, хто адабраў у народа мову, гучаць радкі:
Паэт пасылае «ваякаў на грозных канях» наўздагон за тымі сынамі Беларусі, што яе «...забылі... адракліся, прадалі і аддалі ў палон...». Ён бязлітасна загадвае ім:
Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Сэрца Максіма Багдановіча балела за родны край, за народ, які стагнаў пад двума ўціскамі — сацыяльным і нацыянальным. Ён верыў:
Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Народ дачакаўся гэтага дня. Толькі няўмольная смерць не дала Максіму Багдановічу ўбачыць яго, убачыць свой народ свабодным і шчаслівым, роўным сярод роўных.
Паэт любіў народнае слова, народную песню, народ аддзячыў яму ўзаемнасцю. Лёс паэзіі Максіма Багдановіча — лёс сапраўднай паэзіі. Чым больш праходзіць часу, тым яна глыбей, па-новаму асэнсоўваецца. Сапраўды, «вялікае відней здалёку стане». З маленства да старасці ідзе з намі слова Максіма Багдановіча. Паэт згарэў, як зорка, пакінуўшы назаўсёды ў сэрцах светлы след —
Светлы ж след будзе вечна жывым...
1966
Зялёны цягнік маленства
Ён павінен быў нарадзіцца ў лясной спакойнай старане на Віцебшчыне. Але лясная старана забылася на спакой, яна стала партызанскім краем... Бацька будучага паэта звязаў свой лёс з народнымі мсціўцамі.
Нарадзіўся Уладзімір Лісіцын у фашысцкім канцлагеры. Бацька не пабачыў свайго сына, сын не пабачыў бацькі. Фашыстовец ірвануў тым-сім звязаныя ручаняты і з прысутным цынізмам заявіў: «Хай прывыкае да волі!..»
Пра гэта да болю дакладна пазней паэт раскажа ў паэме «Дзірваны».
Пішу пра свайго харошага друга, пішу не ліст у далёкі Джанкой, дзе апошнія гады жыў Уладзімір, дзе смерць застала яго за пісьмовым сталом, бо працаваў апошні час днямі і начамі, прыйшоўшы дадому са школы, дзе ён «вёў працу».
Вёў працу. Так, яму змалку знаёма гэтае слова. Праца і фізічная і праца творчая. Сякера ў марозным лесе і на ўдовіным дварышчы, адбойны малаток на шахтах Данбаса, аўтаручка журналіста былі яму заўсёды блізкімі, звычайнымі, будзённа-святочнымі...