Выбрать главу

У родную літаратуру ішоў ён, як на аратайнае поле, каб да зіхатлівасці выясніць цяжкі плуг пяра аб скібы крэўнага беларускага слова. Ведаў і памятаў штодзень і штоноч, што аратаямі на гонях паэзіі нашай былі ўжо і Янка Купала, і Максім Багдановіч, Аркадзь Куляшоў і Пімен Панчанка.

Ішоў ён не спяшаючыся, але дакладна, бо ведаў сваё месца, сваю дзялянку клопатаў. Ішоў паэт Узнацкім шляхам. Трэба адразу заўважыць, што непаўторнае ў сваёй ранішне-славянскай чысціні слова беларускае з маленства ўваходзіла ў свядомасць і ў сэрца будучага паэта. Нарадзіўся Васіль Зуёнак у вёсцы Мачулішча, што каля Халопеніч (для дакладнасці звестак дадаць варта, што свет вітаў ён сваім першым крыкам ці плачам 3 ліпеня 1935 года).

Мачулішча... Відаць, і пры Ярыле Ільны ў нас сеялі, Вымочвалі ў Мачыле. ...Мачулішча — блакіт палёў — Нябёс — Блакіт вачэй — блакіт туманны Слёз.

З Мачулішча хадзіў кучаравачубы (у народзе кажуць, што на гарохавінах нарадзіўся) Васіль ва Узнацкую сямігодку. Пазнаваў жыццё, глыбей пранікаў у значнасць падзей роднай гісторыі, у значнасць непераўзыдзеную чалавека працы Васіль Зуёнак і ў Барысаўскім педвучылішчы, і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. I. Леніна, і як супрацоўнік газет «Рабочае юнацтва» і «Піянер Беларусі», і як галоўны рэдактар часопісаў «Бярозка» і «Маладосць». Узнацкі шлях, шлях дапытлівасці і пошукаў, вядзе і сённяшняга сталага майстра, кандыдата філалагічных навук, сакратара СП БССР Васіля Зуёнка да поспеху, да шырокага чытацкага прызнання. А з першых крокаў сваіх у літаратуры паэт не даганяў мітусліва, як некаторыя нашыя маладзейшыя, уяўную славу, не хапаў за крыссе прызнаных мэтраў, каб заўважылі. Не кідаўся паэт на хісткія кладкі модных і ходкіх тэм, што правісаюць над ракой шуму і ўсёцытавання.

Ніхто не пачуў: Яблык упаў дасвеццем — Ля Халопеніч, на Беларусі. Ніхто пе пачуў — Ні людзі, ні травы, ні вецер... Ніхто. А шар зямны Здрыгануўся.

А калі пачуў паэт, дык пачуў і чытач і здрыганулася сэрца, адгуклівае на адкрыццё. Толькі з'явіўся верш у друку, а ўжо неўзабаве гучаў ён як эпіграф да нізкі вершаў выдатнага сербалужыцкага паэта Кіта Лоранца «3 падарожжа ў Беларусь у 1965». Пачуў сабрат па пяру з ГДР, прачыталі і тыя, хто праз вякі захаваў у нямецкамоўным моры выспачку славянскасці, прачыталі на сваёй мове лужыцкія сербы. Праславянскае Мачулішча хораша перагукваецца з балцкакарэнным словам Нача.

Помніце ў Васіля Зуёнка рыбацкі, з хітрынкай дыялог:

— На Начы? — На Начы. — З паўпуда? — Няйначай...

I ўскалыхнуў дыялог гэты, і ўзварухнулі канкрэтна-зямныя думкі акрыленыя зорамі вершы, зямляцкія ўспаміны, і ў космасе загаварыла беларускае слова, адкуль лепей відаць «залатая лінія дажджу» і чуваць «зраселы голас перапёлкі». «...Атрымаў томік вершаў на «Прагрэсе» на сваёй роднай беларускай мове... і назва «Нача» — родная. Гэта рачулка, якая цячэ непадалёк ад нас. Невялікая, але вельмі маляўнічая» — радкі з касмічнага рэпартажу Уладзіміра Кавалёнка, які ў касмічным акіяне чытаў кнігу паэзіі Васіля Зуёнка «Нача». Сябры нават жартавалі, што другі беларус у космасе так доўга лётаў, бо зачытаўся Васілёвай «Начай». Уладзімір Кавалёнак пасля ўспамінаў, што чытаў і перакладаў вершы земляка Іванчэнкаву. Успамінаў наш касманаўт, што палова роднай вёскі былі Зуёнкі. З Васілёвымі цёзкамі па прозвішчу хадзіў у школу будучы касмічны аратай. Цікава адзначыць і той факт, што з мясцін Зуёнка і Кавалёнка (нават прозвішчы рыфмуюцца!) бяруць свой пачатак і карані роду першапраходца ў космасе беларускай паэзіі Максіма Багдановіча.

Паэту не дае права спыняцца на дасягнутых вышынях «бунтоўны дух сумнення». Узнацкі шлях вядзе вочы здзіўлення, заручае з вандроўніцкімі вятрамі, вяртае да вытокаў. Паэзія Васіля Зуёнка пабыла ў космасе, бо яна непарыўна знітаваная з роднай глебай, з матчынай песняй, з днём сённяшнім і днём наступным. Адной з прывабных рыс Васілёвага слова тая, гпто жыццёвыя і паэтычньгя дарогі не разыходзяцца і не разыходзіліся ніколі. Яны адна адну дапаўняюць, адна адну падкрэсліваюць, напаўняючы новым зместам, жыццёва-трывалым сэнсам. А дарогі пралеглі ад Прьгбалтыкі да Алтая, ад Крайняй Поўначы да спякотлівых стэпаў. Убачыла вока паэта, як у Эстоніі «...стома спачыць прысела на рыбацкіх мярэжах салёных». I ў казахскім стэпе беларускі, сялянскі клопат: