Выбрать главу
Зямля ў сукенцы беленькай Бяжыць на выпускны.

Бацька Іван Васільевіч на фронце быў зенітчыкам, а пасля вайны нязменны дырэктар: пабудуе адну школу, будуе наступную. Як той цыган, вандраваў па Віцебшчыне, пакуль не давандраваў да Глыбачкі. Тут, у Глыбачцы, блізкай суседкі Ушач, дырэктар стварае альманах «Узлёт», дзе багата матэрыялаў краязнаўства, вершаў, апавяданняў. Аж трое Законнікавых — Сяргей, Валеры, Вольга змяшчаюць ва «Узлёце» свае творы. Трос з пяцёх дзяцей Івана Васільевіча. Але літаратурныя заняткі ў вольны час, а асноўнае — сямейная політэхнізацыя. Самі валілі лес, самі тралявалі, самі па мазалях на руках навучыліся адрозніваць шархебель ад фуганка, гэблік ад барана. Самі будавалі бацькоўскую хату. Задоўга да ўсіх пастаноў дырэктар Глыбачанскай школы Іван Васільевіч Законнікаў ведаў, што трэба рабіць, каб маладая змена любіла зямлю, ведала цану хлеба, каб каранілася ў роднай глебе, а не перакаці-полем кулялася ад вярбоўкі да вярбоўкі. Доўгі час вучоныя шукалі магілу Фелікса Тапчэўскага, а знайшоў надмагільны камень і дату нараджэння пісьменніка гэтым удакладніў Іван Васільевіч Законнікаў.

Чаму так даволі падрабязна спыняюся я ў сваім слове пра маладзейшага сябра і земляка на фактах біяграфіі, на не дужа пакручастай, як ва ўсіх беларусаў, радаслоўнай. Паэзія Сяргея Законнікава трываецца сваімі каранямі, сваімі вытокамі. Факты біяграфіі, факты жыцця паэт імкнецца абагуліць, узняць да вышынь паэзіі праўдзівай. I ён мае пра што сказаць і ўмее як сказаць. Памяццю суровых дзён паэт заклікае:

Павагу і добрае слова У нашыя мірныя дні Давайце вучыцца нанова, Як хлеб у блакаду, цаніць!

Сам паэт умее цаніць і добрае слова, і павагу. Паэзія Сяргея Законнікава даверліва-спавядальная, яна спавядаецца Айчыне, родным нябёсам, землякам. Па-высокаму перагукваюцца, напрыклад, радкі беларускага паэта з класічнай японскай паэзіяй (помніце: «У краі маім любым цвіце чароўнай кветкай і дзікая трава»):

I таму здаецца дзіўнай краскай Лебяда ля сцежкі палявой.

Кожны радок Сяргея Законнікава напоўнены пахамі, вятрамі, сіверамі Ушаччыны.

I добра мне ісці сцяжынкай Ці каляінай палявой, Крывінкай кожнага і жылкай Злівацца з роднаю зямлёй.

(Толькі ўслухайцеся ў багата-асацыятыўнае гучанне рыфмоўкі: ісці сцяжынкай-крывінкай кожнаю і жылкай!)

I нават бусел на Ушаччыне не зусім традыцыйны. Паэт, які шмат павандраваў па свеце, па дарогах і сцежках свайго краю, добра адчувае радасць крылатага вестуна вясны, прымярае дарогі ягоныя да сваіх:

Прынёс у дзюбе бусел сонца I пыл заморскі з крыл абтрос.

(Так і адчуваеш, як лёгкае «л» у слове «пыл» спадае з навярэджанага, цвярдога «р» «крыл».)

Імгненні замілавання засланяюць хмары трывог нашага свету, бо

У кулаку, як жаўранка-падлётка, Заціснуў сэрца неспакойны век.

У партызанскім краі мірныя дні не могуць ніяк звыкнуць да цішыні.

Знасіліся вайсковыя мундзіры, I ў бацькі зарубцована спіна. А тут яшчэ не падпісалі міру, А тут ідзе маўклівая вайна.

I партызаны, і салдаты надзвычай чуйна адчуваюць кожны рух небяспекі, неспакою:

Бліскавіцамі успыхне неба — I адчуе сейбіт — ён салдат.

Паэт сказаў гэта і пра бацьку, і пра суседзяў, пра мужчын, якіх нягуста адшкадавала вайна.

Прыгадваецца, як чытаў па памяці вершы Сяргея Законнікава сакратар парткома саўгаса «Глыбачаны» Леанід Жаўранак ля возера Лінец (ліні некалі вяліся, да павалыіай хімізацыі). Гэтае ж беларускае прозвішча з чыста ўшацкай агаласоўкай і на пліце мемарыяла «Прарыў», дзе партызаны прабіліся праз смяротныя абцугі блакады. I адна з паэм Сяргея Законнікава так і называецца «Прарыў». Жыццё мае працяг, адолеўшы скон. I ў хвіліны роздуму над імгненнасцю нашага зямнога гасцявання паэт хоча:

Хай радок узаўецца над полем Жаўранкам, як не стане мяне...

Глыбачка. Роднае гнездзішча паэта. I глыбіня азёр, адно з якіх так і завецца Бяздэннае, і часцінка ад вялікай глыбы скупога ворыва, шчырых бароў, глыбы неба, якое паўсюль з табой, тваё, бацькоўскае, прадонна-бясхмарнае. Сюды дарогі павагі, захаплення прыводзілі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Генадзя Бураўкіна, многіх нашых паэтаў, пабрацімаў Сяргея Законнікава. А ў бацькі паэта клопат пра лясы, якія каранямі ўсыхаюць, пра возера, якое не шчадзяць браканьеры, успаміны пра брата, паэта паслярэвалюцыйнага закліку Сяргея Ракіту. Здаецца, што чуеш тут і голас Петруся Броўкі, які высока цапіў паэтычны і чалавечы талент Сяргея. Добрая броўкаўская шырокая інтанацыя гучыць у радках маладзейшага таварыша: