Выбрать главу
Ну, што ж, і сёння ненадоўга, А толькі сэрцам акрыяць. А ўсё-ткі добра, ах, як добра Сярод сваіх палёў стаяць.

Лепей за ўсё вывяраюцца вершы на праўду і на глыбіню на мясцінах, дзе япы напісаны, на людзях, пра якіх вершы гавораць. Да гэтага не магу забыцца, як уразілі радкі, як натуральна прагучалі яны ў саўгасным клубе Глыбачкі, калі чытаў Сяргей Законнікаў сваім землякам пра іхнюю і сваю аднавяскоўку:

Над могілкамі дзень сінее, Як васілёк маёй віны. Пад крыжам цётка Паланея Сніць вечна хату ў тры акны.
Свет не заўважыў гэтай страты, Не азірнуўся па бягу... А перад кім я вінаваты, Што памяць, як страху, залатаць, Відаць, ніколі не змагу?

Адчуванне віны, абавязку перад людзьмі прысутнічае ў паэзіі Сяргея Законнікава, узвышаючы і робячы зразумелымі словы самабытнага паэта. Не дае пра сябе забыцца і адчуванне, што

Прыйшла пара вучыцца простай мове Лясоў і птушак, Ветру і травы.

Кажучы навуковападобна, героі паэзіі Сяргея Законнікава — людзі працы, спрадвечныя хлебадары. Новы час, новая тэхніка, а матулін клопат як і ў сівой даўніны. У прыпар камбайнер зазірнуў дамоў.

Заўтра зноў не будзе у адгуле, Рэха ад матора загудзе... Мые маці сынаву кашулю У пагрэтай сонейкам вадзе.

I сонца спрыяе маці, і яно клапоціцца злеціць ваду. I добра, што не традыцыйна зарыфмаваў паэт кашулю (звычайна: матуля — кашуля). У слове «адгул» пэўная адзнака часу.

Радасць і смутак, надзея і сумненне жывяць думку паэта, не даюць заспакаенню заняць покуць увагі.

Прыляці, сініца ўдачы, Сум на смак пакаштаваць,—

запрашае паэт і разам з тым жыве надзеяй:

I маю шчаслівую падкову Конь яшчэ не скінуў з капыта.

Чытаеш паэзію Сяргея Законнікава і згаджаешся з ім:

Ёсць, відаць, у зямлі на паэтаў патрэба, Бо ніхто іх не сеяў, а шчодра ўзышлі...

У жыце жыцця і паэзіі колас таленту Сяргея Законнікава буйны, поўны чыстых зярнят любові, трывогі, веры.

Я ў сілу жорсткасці не веру, Я веру ў сілу дабраты.

Сіла дабраты і робіць будзённае слова Паэзіяй!

1985

Слова на пісьменніцкім з'ездзе

Мінуліся часы, калі конная міліцыя стрымлівала натоўп ахвотнікаў паслухаць паэтаў на самых вялізных стадыёнах. Цяпер жа часцей і часцей не пашкодзіла б міліцыя, каб загнаць парадзелага слухача на вечар паэзіі ў невялікую нават аўдыторыю. Хто вінаваты? Вінаваты і паэты, і час, які змяніўся не ў карысць паэзіі. Жыццёвыя і шмат якія акалічнасці пачалі актыўна выхоўваць, і ў асноўным паспяхова з гэтым справіліся, спажыўца выгод прагрэсу, раскошы, вонкавай культуры. Мы ў свой час быццам бы не ўлічылі, што паэзія разлічана на дасведчанага чытача-субяседніка, якога трэба было мець на ўвазе, а то і выхоўваць, адначасова выхоўваючыся і ўзбагачаючыся разам з ім, а яго дрэнна выхоўвала і сама паэзія, і крытыка — і ў выніку абясцэньванне слова, самой кнігі, яе асноўнага назначэння — абуджаць пачуццё думкі і думку пачуцця, што прывяло да анекдатычнага: кніжную прадукцыю, невядома з чыёй лёгкай рукі, называюць у сферах гаспадарання, у сферах распаўсюджвання кнігі «таварам народнага спажывання» нароўні з мылам, півам, пральным парашком, чаравікамі. А мы ж да гэтага часу думалі, што кніга нешта іншае, чым мыла, піва, пральны парашок ці чаравікі.

Вусцішна ад гэтага, балюча і крыўдна — і як цяжка нават лепшым з нас не зняверыцца ў самой годнасці літаратара!

Знікла і не перастае знікаць кантактнасць з канкрэтным чытачом, супольнасць, суперажыванне. Як самотнае рэха, блукае слова нашае, не знаходзячы аб што адбіцца,— не прынятае, не ўспрынятае, не прачутае, не пачутае. Звужаецца сфера ўжывання беларускага слова. Дзякуй радыё ды тэлебачанню: хоць прыезджыя госці пачуюць, як шырока і прыгожа магла б гучаць беларуская мова! Дзякуй і нястомнаму шчыруну Генадзю Бураўкіну, які намагаецца надаць болыпае гучанне, шырэйшы абсяг нашаму слову!

Гаворым пра натуральны працэс узаемазбліжэння культур, пра інтэрнацыяналізм. Але ж само слова інтэрнацыяналізм мае на ўвазе якраз наяўнасць нацый і ўзаемаадносін паміж нацыямі, бо не можа быць моста цераз рэчку, у якой няма берагоў, бо тады гэты мост, як у жарце — уздоўж рэчкі мост. Бо калі адкінуць жывое быццё нацыянальнага, яго канкрэтную змястоўнасць, дык і ўзаемаўзбагачэнне культуры, і інтэрнацыянальная еднасць — гэта нешта падобнае на бязгучны гук ці блізка таго. Мова — душа нацыі, душа народа. Нездарма ж у нас у Беларусі кажуць пра чалавека, які анямеў — у яго адняло мову. Дык не будзем жа спяшацца адымаць мову ў сябе і ў народа, анямляць яго нематой сваёю! У пастановах XXVII з'езда КПСС, з'езда шчырага і адкрытага, прынцыповага і строгага, гаворыцца, што грамадства павінна спрыяць развіццю нацыянальных культур, партыя падкрэслівае: не трэба паскараць працэс зліцця нацый, але і не трэба кансерваваць яго.