Такія мае заўвагі мімаходзь на палях вечнага «Слова».
Як і восем вякоў назад, «Слова» працягвае гучаць «во дни торжеств и бед народных», гучаць у кожным сэрцы, якое даражыць усім славянскім, першародным, высакародным, родным.
Некалі вялікі іспанскі паэт Сесар Вальеха, заклапочаны і абураны дэвальвацыяй паэтычнага слова, пытаўся: «А што, калі пасля гэтулькіх слоў не перажыве нас слова?» На ягонае трывожнае пытанне можна толькі адказаць: адзінае слова, якое перажыве нас, бо перажыло ўжо вякі,— гэта «Слова пра паход Ігаравы».
Дзякую лёсу, які дазволіў мне прыпасці да «Слова» і пераспяваць яго на сучасны лад у меру сваіх магчымасцей.
Дзякую Вячаславу Антонавічу Чамярыцкаму, выдатнаму знаўцу даўніны, дасведчанаму вучонаму, які дапамог мне лепей учытацца ў «Слова», па-беларуску зразумець вялікі запавет славянскага свету.
Дзякую «Слову», якое беражэ карані нашыя. З вякоў у вякі!
1986
Рыгор Семашкевіч
Няма болей сарамяжлівага інтэлектуала, глыбокага натурай Грышы, аднагодка нашай Перамогі. Смерць забрала інтэлігентна-рашучага Рыгора, якога паважалі і непрыхавана пабойваліся намнога старэйшыя за яго і ўзростам, і, калі можна так сказаць, стажам у літаратуры. Думка ягоная была пільная, прадбачлівая, руплівая, вынашаная пад сэрцам і ўзважаная розумам, а таму і непахісная, вогнетрывалая. Прысуд свой таму ці іншаму твору ці літаратару даваў спакойна, сцішаным голасам, але сурова, пераканаўча, неабразліва.
Застаўся Рыгор Міхайлавіч Семашкевіч, застаўся ў памяці, у літаратуры, у нашай культуры, на карысць якой шчырэў як мала хто ў наш час з ягоных і аднагодкаў, дый са старэйшых. Застаўся выкладчык універсітэта, які вёў семінар па паэзіі, заўсягды сумуючы, што мала чаго можна ўзяць на ўзор пры разборы сучаснай прадукцыі. Ціха гаварыў, са смуткам гаварыў, нібы баючыся спалохаць нешта вялікае ў нашай паэзіі, якое яму здавалася на падыходзе.
Застаўся дасведчаны літаратуразнаўца са сваімі працамі «Браніслаў Эпімах-Шыпіла», «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе». Застаўся ўдумлівы і дасціпны, дакладны на радок і водгульны ў часе на думку паэт, застаўся артыстычны эсэіст, празаік, тонкі гумарыст і ўедлівы сатырык Рыгор Семашкевіч.
Рыгор Семашкевіч умеў як ніхто іншы мысліць маштабна, мысліць гістарычнымі пластамі, мысліць усім комплексам культуры. Ён быў інтэлектуальнай, ён быў духоўнай адзінкай, асобай, якіх так не стае нашай літаратуры, нашай культуры. Як у свой час, у нашым пакаленні Міхась Стральцоў, так у пакаленні Яўгеніі Янішчыц, Алеся Жука, Вольгі Іпатавай, Юркі Голуба Рыгор Семашкевіч ствараў атмасферу разумення прадстаўнікамі свайго пакалення сябе ў часе, у гісторыі, разумення сваёй неабходнасці ў сучаснасці, у няспыннасці руху. Дзякуючы Рыгору Семашкевічу пакаленню памянёных паэтаў і празаікаў лягчэй было пазбыцца вучнёўства, роздумнай замаруджанасці, а паспяшацца стаць творцамі, якія нясуць адказнасць за свой час, за сваю эпоху, за пасляваенную ў год перамогі рунь.
Ён быў надзвычай скупы на пахвалу і сам рашуча не цярпеў якіх бы там ні было кампліментаў у свой адрас, не дазваляў, каб яго пахлопваў па плячы нават прыжыццёвы геній.
У нашай роднай літаратуры і культуры шмат апостальскіх фігур. Рыгор Семашкевіч з гэтай кагорты!
1986
Пад жаўруковым крылом...
Вёска Хільчыцы. Пяць кіламетраў язды да старажытнага Турава, дзе яшчэ, здаецца, у наваколлі жыве рэха прамоў Кірылы Тураўскага. Тут, мінуючы дзевяты і дзесяты класы падлетак экстэрнам здае за сярэднюю школу. Паступае ў Ленінградзе ва універсітэт. Фізічны факультэт. Спецыяльнасць — фізіка палімераў, праблема вадкага крышталю. I потым усё як у анкетах, кароткіх аўтабіяграфіях Паўла Шруба. Фізік да кончыкаў валасоў ці да завітка самых складаных формулаў. I раптам:
Бо толькі словамі матчынай песні, якая ўскрыляла і слова славутага земляка Кірылы Тураўскага, і Францыска Скарыны, у каго на радзіме працаваў малады паэт пасля заканчэння навучання ў Ленінградзе, толькі словамі матчынай песні можна выказаць і любоў да роднага краю і прызнацца ў першым пачуцці спачатку каханай, а пасля чытачу, можна адаграваць душу, адухаўляць спазнапы навукай свет,