Выбрать главу

Бо страшна ператварыцца ў робата, які кажа: «Я думаю толькі ў межах сістэм...» Бо не хочацца быць блудным сынам, якому

У светлую зорку даўно ўжо зліліся маці ля хаты і белая вішня.

Звычайна паэты філалагічнай школы, ці філалагічнага пакрою, ідуць ад слова да гукапісу, да асэнсавання з'яў жыцця.

Павел Шруб імкнецца пранікнуць у сутнасць з'явы, у сутнасць, у самую сарцавіну рэчыва, шукаючы слова для выказвання, для пераказу. Ён навуковец і чаляднік роднага слова, гараджанін і інтэлігент у першым калене і нашчадны аратай, чые карані глыбока ў роднай глебе. Думка ягоная сваім клопатам заўсягды дома, там, дзе ў працавітай калгаснай сям'і Марыі і Міхала Шрубаў узгадавалася чацвёра сыноў. Паэт Павел Шруб не традыцыйна плача па вёсцы, збегшы з яе, як многія маладзейшыя і старэйшыя ягоныя калегі па пяру, ён услых думае пра тое, што турбуе яго, што не дае спакою нідзе:

Рукі мае ў гарадах, сэрца маё на вёсцы — гэта яно штовосень жураўлямі галосіць.

Чытач шматзначна ўсміхнецца, ага, зноў журавы, зноў восень традыцыйна-«рыдалістая» па выразу Сяргея Ясеніна. Не спяшайся ўсміхацца, дарагі чытач, паслухай лепей самога паэта ўважлівей:

Часу няма сказаць «люблю», не тое што пакахаць, а ў пісьмах бацькавых працякае страха — 25 ёй гадкоў на Іллю.

Толькі той, хто сам будаваў сабе хату, а не браў ключы ад паказушных сельскіх катэджаў, дзе ўсё болей разлічана на тэлекамеры, чым на жыццё, дзе селянін штучна адрываецца ад зямлі, толькі гаспадар помніць, калі ён крыў страху. I заўважце, гэта памяць сялянская, якая мысліць часінамі года яшчэ з паганскай даўніны. Прыроджаны селянін, ён і ў горадзе імкнецца да спагадлівага суседства, да жадання ўсім сялом вырашаць праблемы, радавацца, сумаваць. I дапытліваму, непаседнаму, субяседліваму ніякавата ў горадзе, дзе зачастую яшчэ людзі адасоблены адзін ад аднаго клеткамі гарадскіх кватэр:

Хто мой сусед, чым жыве — я ые знаю: ў цэнтры кватэра і ўсё ж такі з краю.

Паэт Павел Шруб ведае жыццё і на смак, і на колер, і на радасць, і на бяду, ведае думкай відушчай, сэрцам узрушаным, потам салёным, бо

пабудаваны дамы з поту і дзён шурпатых.

Толькі ходзячы па мулкіх дарогах, па хітраватых сцяжынках, а не па адным паркеце, можна адчуць, што дні шурпатыя, шурпатыя сваімі турботамі, надзеямі, стратамі.

Паэт Павел Шруб не спяшаўся выдаваць свой першы зборнік, якому даў сучасна-рабочае імя «Лабараторыя». Калі абеларусіць латынь, дык можна было б сказаць «працоўня». Працаваць паэт любіць і словам, і над словам, працаваць думкай навуковай, працаваць канкрэтна з сякерай, з рыдлёўкай. I таму так апраўдана-задзірыста гучаць ягоныя радкі:

Стала модна пісаць пра малаткі і зубілы... I гэтак старанна ў паэме паэт размазвае соплі, што верыш: праз хвілю ён возьме хамут і сам запражэцца ў аглоблі...

Прыслухайцеся, як тут добра гучыць сэнсава-адносінная рыфма «паэт — хамут». Не ў лоб, а здалёку, з намёку.

Веды навуковыя, веды літаратурныя, як сапраўдныя веды, не даюць паэту права на самазаспакаенне, на самазадаволенасць, на самаўлюбёнасць. У свае сталыя гады паэт помніць пра блакітны ўзрост:

Хвароба блакітнага ўзросту: ёсць мара, жаданне, сілы, і крыламі ўзмахваць проста, і цяжка паверыць у крылы.

Глыбока перакананы, што чытач першы паверыць у крылы — і неслабыя! — Паўла Шруба, прачытаўшы ягоную першую кнігу паэзіі «Лабараторыя», і надасць гэтую веру самому паэту, каб ляцеў вышэй, далей у небе беларускай паэзіі, і ля зор помнячы пра клопат нівы:

Няма анічога лепей калючых калоссяў жыта і ціхай вузкай сцежкі пад жаўруковым крылом.

Жаўрукова крыло ацяняе чало паэзіі Паўла Шруба, чало думнае і заклапочанае!

«Ідзі — і ў неба выйдзеш гаем»,— чытачу і самому сабе раіць паэт. Толькі глыбока любячы зямлю, можна зразумець сум Сусвету як свайго блізкага суседа.

1986

Валянцін Тарас

Зіма І954 года. Паседжанне літаб'яднання пры універсітэцкай шматтыражцы «За сталінскія кадры». Мы, маладыя, аблавухія, у несамавітых і па раённых мерках не модных гарнітурчыках, упершыню прысутнічаем на такім важным форуме. Мы — гэта Васіль Зуёнак, Міхась Стральцоў, Генадзь Бураўкін, Сымон Блатун, я. Старшынствуе рэдактар шмат-тыражкі, галоўны ацэншчык і шчодры бласлаўляльшчык усіх нашых добрых намераў у паэзіі Юзік Хаўратовіч.