Выбрать главу

Што ўсяго гэтага ён, вядома, не бачыў вачыма, што чым далей, тым вастрэй i дакладней чуў носам: слiмака ў капусце, грошы за стаяком, чалавека за сцяной цi за некалькi кварталаў -- пра гэта ўсё мадам Гаяр не здагадалася б i ў сне, нават калi б яе нюх не пацярпеў ад бацькавай кацубы. Яна была пэўная, што ў гэтага хлопчыка -- слабы ён розумам цi не -- ёсць другi твар. А як што яна ведала, што двухаблiчныя прыносяць няшчасце i смерць, ёй зрабiлася вусцiшна.

Яшчэ больш вусцiшнай, аж да нясцерпу была думка, што пад адным дахам з ёю жыве нехта, хто мае дар праз сцены i бэлькi бачыць старанна схаваныя грошы, i як толькi яна выявiла ў Грануя гэтую жахлiвую здольнасць, адразу паспрабавала ад яго пазбыцца, i так яно ўсё склалася ўдала, што якраз тым часам -- Граную было восем гадоў -- кляштар Сэнт-Мэры, не ўдаючыся ў прычыны, спынiў свае штогадовыя выплаты. Мадам не нагадала кляштару пра запазычанасць. Дзеля блiзiру яна пачакала з тыдзень, i калi грошы так i не паступiлi, яна ўзяла хлопчыка за руку i выправiлася з iм у горад.

На вулiцы Мартэльры непадалёк ад ракi жыў адзiн яе знаёмы -- гарбар Грымаль, якому ўвесь час былi патрэбныя хлапчукi для працы -- не вучнямi цi чаляднiкамi, а як танныя чорнарабочыя. Бо ў ягоным рамястве даводзiлася рабiць настолькi небяспечныя для жыцця аперацыi -- мяздрыць гнiлыя звярыныя скуры, змешваць атрутлiвыя дубiльныя i фарбавальныя рошчыны, выводзiць едкiя пратравы,-- што прыстойны майстар, звычайна шкадуючы сваiх навучаных памочнiкаў, наймаў беспрацоўны i бяздомны зброд альбо беспрытульных дзяцей, чый лёс у разе якога няшчасця анiкога не зацiкавiць. Не дзiва, мадам Гаяр ведала, што ў гарбарнi Грымаля ў Грануя -- па чалавечых мерках -- не было шанцу застацца жывым. Але не такая яна была жанчына, каб тлумiць сабе галаву ўсякай лухтой. Свой святы абавязак яна выканала. Апека скончылася. Што там далей будзе з яе гадаванцам, ёй не абыходзiла. Выжыве -- добра, спражэцца -- а што ў тым благога?-- галоўнае, каб усе было законна. I таму яна папрасiла мсье Грымаля пiсьмова пацвердзiць перадачу хлопчыка, сама распiсалася за пятнаццаць франкаў камiсiйных i выправiлася дамоў на вулiцу Шарон.

Яна не адчувала нiякiх дакораў сумлення. Наадварот, лiчыла, што зрабiла не толькi ў згодзе з законам, але i справядлiва, бо ўтрыманне ў прыюце дзiцяцi, за якога нiхто не плацiць, магчымае толькi за кошт iншых дзяцей цi нават за яе асабiсты кошт, а, можа нават, пагражае будучынi iншых дзяцей цi нават яе асабiстай будучынi, iнакш кажучы, яе забяспечанай, прыватнай смерцi, адзiнаму, чаго яна яшчэ хацела ад жыцця.

З увагi на тое, што мы тут развiтваемся з мадам Гаяр i пазней ужо не сустрэнемся з ёю, акiнем колькiмi фразамi яе апошнiя днi. Хоць душою мадам сканала яшчэ ў маленстве, яна дажыла, на няшчасце, да глыбокай, глыбокай старасцi. У лета ад Нараджэння Хрыстовага 1782-е, на сямiдзесятым годзе жыцця, яна пакiнула сваё рамяство, купiла, як i мерылася, рэнту, засела ў сваiм дамку i чакала смерцi. Але смерць не спяшалася. Замест смерцi прыйшло нешта такое, на што не мог падумаць нiводзiн жывы чалавек на свеце i чаго яшчэ нiколi не было ў краiне, а то ж бо -- прыйшла спадарыня рэвалюцыя, а з ёю шалёная, стрымгаловая карэнная змена ўсiх грамадскiх, маральных i трансцэдэнтных адносiнаў. Спярша памянёная рэвалюцыя не зачапiла асабiстага лёсу мадам Гаяр. Але потым, калi ёй ужо заехала пад восемдзесят, выявiлася, што чалавек, якi плацiў ёй рэнту, застаўся без уласнасцi i вымушаны быў зэмiграваць, а ягоную маёмасць купiў з аўкцыёна фабрыкант штаноў. Некаторы час яшчэ здавалася, што i гэтая перамена не сфаталiзуе лёсу мадам Гаяр, бо фабрыкант-нагавiчнiк спраўна сплачваў рэнту. Але потым прыйшоў дзень, калi яна атрымала свае грошы не манетай, а нейкiмi маленькiмi паперкамi, i гэта запачаткавала яе матэрыяльны канец.

Праз два гады рэнты ўжо не хапала нават на аплату дроў. Мадам мусiла прадаць свой дом па смешна сказаць якой нiзкай цане, бо акрамя яе раптам павыпаўзалi тысячы iншых людзей, якiм канечне, мусова i да зарэзу прыспoчыла прадаць свае дамы. I зноў яна атрымала ўзамен толькi гэтыя iдыёцкiя паперкi, i зноў праз два гады яны амаль нiчога не каштавалi, i ў I797 годзе -- ёй тады было пад дзевяноста -- мадам страцiла ўвесь свой ашчадак да драбнiцы -- нажытую цяжкай векавой працай маёмасць,-- i тулiлася ў малюпасенькай мэбляванай каморцы на вулiцы Кокiй. I толькi цяпер, запазнiўшыся гадоў на дзесяць-дваццаць, заспела-такi смерць -- яна прыйшла да яе ў вобразе пухлiзны, хвароба схапiла мадам за горла, пазбавiла яе спачатку апетыту, потым голасу, так што яна не магла запярэчыць нi словам, калi яе адпраўлялi ў багадзельню Гатэль-Д'ё. Там яе паклалi ў тую самую залу, бiтком набатаваную сотнямi паўжывых людзей, дзе калiсьцi сканаў яе муж, сунулi на агульны ляжак да пяцёх нейкiх староннiх старэч (яны ляжалi ўпокат шчыльненька адна каля аднае) i пакiнулi там на тры тыднi прылюдна даходзiць. Потым яе зашылi ў мех, у чатыры гадзiны ранiцы разам з пяццюдзесяццю iншымi трупамi шпурнулi на падводу i пад цяненькае бомканне званочка вывезлi на новыя моглiцы ў Клямар, што за мiлю ад гарадское брамы, i там паклалi на вечны спачын у агульнай ямiне пад тоўстым пластам нягашанай вапны.