Выбрать главу

Малому Граную ўстанова мадам Гаяр была чыстым дабраславеннем. Мабыць, ён не мог выжыць больш нiдзе. А тут, у гэтай бяздушнай кабеты, ён расцвiў. Складу ён быў моцнага i на рэдкасць жывучы.

Той, хто як ён, перажыў сваё нараджэнне сярод адкiдаў, ужо не так проста дазволiць звесцi сябе са свету. Ён мог дзень у дзень хлябтаць вадзянiстыя крупнiкi, абыходзiцца разведзеным малаком, есцi самую гнiлую гароднiну i пратухлае мяса. За дзяцiнства ён перахварэў на адзёр, крываўку, вятранку, халеру, падаў у калодзеж на шасцiметровую глыбiню, абварваўся кiпенем, як гэта было, калi апарыў сабе грудзi.

Хоць у яго i засталiся ад гэтага шнары, i воспiны, i струпы, i прыкалечаная нага, на якую накульгваў, ён жыў. Бо быў жывучы, як бактэрыя-прыстасаванка, i незажывушчы, непераборлiвы, як клешч, якi сядзiць на дрэве i жыве малюпасенькай кроплiнкай крывi, раздабытай некалькi гадоў назад.

Ягонаму целу хапала мiнiмальнага харчу i вопраткi. А душа не заўжывала нiчога. Бяспека, увага, пяшчотнасць, любоў i ўсякае такое астатняе, што патрэбна дзiцяцi, былi поўнай лiшнiцай Граную. Больш за тое, нам здаецца, што ён сам сябе пазбаўляў гэтага, каб выжыць-- ад самага пачатку.

Крык, якiм ён абвясцiў пра сваё нараджэнне, крык з-пад разборнага стала, што прывёў на эшафот ягоную мацi, не быў iнстынктыўным крыкам за спагаду i любоў. Гэта быў узважаны, мы ледзь былi не сказалi, стала ўзважаны крык, якiм дзiця рашуча галасавала супроць любовi i ўсё-такi за жыццё. Зрэшты, пры такiх акалiчнасцях адно было магчымае толькi без другога, i калi б дзiця пачало дамагацца ўсяго, яно несумненна адразу загiнула б самым нiкчэмным чынам. Хоць... ён мог бы тады скарыстацца з iншай дадзенай яму магчымасцi -- маўчаць i выбраць дарогу да смерцi без бакавых сцежак цераз жыццё, i тым самым пазбавiць свет i сябе ад вялiкага лiха. Аднак, каб так сцiпла адысцi ў нябыт, яму спатрэбiўся б мiнiмум прыроджанай прыязнасцi, а гэтага ў яго не было. Ён быў ад пачатку -- пачвара. Ён прагаласаваў за жыццё з чыстай упартасцi i з чыстай злосцi.

Ясна, ён адважыўся на гэта не так, як адважваецца дарослы, якi карыстаецца сваiм больш-менш сталым i ўжо моцным розумам i вопытам, каб выбраць памiж дзвюма рознымi пераспектывамi. Але ўсё ж ён зрабiў выбар -- вегетатыўна, як робiць выбар зерне: цi трэба яму выпускаць парасткi цi лепей не прарастаць. Альбо як клешч на дрэве, якому жыццё таксама не прапануе iншага, апрача перманентнага зiмавання. Маленькi выродлiвы клешч сцiскае сваё свiнцова-шэрае цела ў камячок, каб выставiць на свет мiнiмум сваёй паверхнi, ён робiць сваю скуру гладкай, i шчыльнай, каб не выпускаць вонкi нiчога лiшняга -- анiякага выпраменьвання, анiякусенькага выпарэння. Клешч спецыяльна робiць сябе маленькiм i непрыкметным, каб нiхто не змецiў i не растаптаў яго. Адзiнокi клешч, замкнуўшыся ў сабе, сядзiць на сваiм дрэве, сляпы, глухi i нямы, i толькi вынюхвае, гадамi вынюхвае на цэлыя мiлi навокал кроў жывых, якiя праходзяць мiма, якiх ён нiколi не дагонiць. Клешч мог бы дазволiць сабе ўпасцi. Ён мог бы дазволiць сабе ўпасцi на лясную зямлю, прапаўзцi на сваiх малюпасенькiх лапках некалькi мiлiметраў туды цi сюды i зашыцца ў сухую лiстоту -- памiраць, i нiхто б яго не пашкадаваў. Богу вядома, што нiхто. Але клешч, упарты, зацяты i мярзотны, затоiўся i жыве, i чакае. Чакае, калi неверагодна якi рэдкi выпадак падгонiць проста да яго пад дрэва кроў у выглядзе якой-небудзь жывёлы. I толькi тады ён заняхаiць сваю патаемнасць, сарвецца, i ўчэпiцца, i ўвiнцiцца, i ўвап'ецца ў чужую плоць.