Выбрать главу

Сёньня

Дзень пры дні глядзяць мне зьдзіўлёна ўсьлед збуцьвелыя манэкены: хіба яны не адзіныя жыхары ў гэтым горадзе? Блукаю па вуліцах, зацярушаных тонкім пылам, на якім бачу толькі свае ўчарашнія сьляды. Блукаю па гэтым горадзе, бо калісьці сустрэў у пакручастым завулку маленькія сьляды босых ног.
Сёньня на утравелым пляцы каля помніку, дзе жыве мая сяброўка-яшчарка, я распалю вогнішча, і ты выйдзеш на пах дыму, каб сагрэцца. Сёньня горад ажыве і напоўніцца людзьмі.

Божая кароўка зь Пятай авэню

На спатканьне з табой мяне прывяла бэтонная сьпіраль нью-ёрскага музэю Гугэнхайма і 2-я вэрсія Імправізацыі № 28 Васіля Кандзінскага разам з «Парыжам» Марка Шагала, чый зеленавокі кот з чалавечым тварам глянуў на мяне так выразна, што я даў зарок убачыць Эйфэлеву вежу з вакна раней, чым за свае грахі вярнуся на зямлю ў іпастасі ката — якраз тады ты апусьцілася на маю руку, каб упэўнена залезьці ў левую кішэню. Кім была ў сваім мінулым увасабленьні ты? Паслушкай Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра? Першаклясьніцай зь Серабранкі, замучанай у ліфце сэксуальным маньякам? А можа, у цябе перасялілася душа маёй сучасьніцы, якая жыве зараз паводле менскага часу і якой апошні тралейбус вязе зь дзяцінства сон пра старую Нямігу і пра Татарскія Агароды? У душным сабвэі я даю табе беларускае імя, а на беразе Іст-Рывэр мы разам глядзім на лёгкія самалёцікі, што цягаюць па небе рэкляму конкурсу фотамадэляў. Магчыма, ты хочаш палётаць зь імі? Не, табе яўна цікавей абмеркаваць са мною модныя сёньня беларуска-ірляндзкія аналёгіі, абвінавачаньні прэзыдэнта Клінтана ў адультэры, а таксама фантасмагарычны помнік Леніну, што, ратуючыся ад настальгіі, усьцягнулі на дах суседняга дому эмігранты з СССР. Менавіта тут я нарэшце разумею: я — ня тая расьліна, што прымецца на гэтай глебе, нават калі перавезьці сюды ўсіх ленінаў Беларусі і зладзіць на кожным па бусьлянцы. Пасадзіўшы цябе на далонь, я паўтараю гэтае адкрыцьцё ўголас, і ты, паважна выслухаўшы, супакоена раскрываеш крылцы.

Тое лета

Тое лета зь першым пацалункам у духмяную макаўку, з уважлівым позіркам сьмерці, з адзінокаю срэбнай кудзеркаю, з ласанькай, што любіла цалавацца, з зацьвілаю азярынай, якая памятае тваё цела з тых часоў, калі вада ў ёй была празрыстая, як твае сны...
Тое лета будзе доўжыцца даўжэй за нас.

Першая жанчына

Мая першая жанчына выйдзе з сутоньня і прысядзе да майго стала.
Таннае віно пальецца ў кантовыя шклянкі. Сьпелы сланечнік зазірне ў цёплыя шыбы. Сьвежай пабелкай запахнуць сьцены мазанкі. Ты мая першая жанчына, і таму ты ўмееш вяртаць час. Ты мая першая жанчына, і таму час ня ўладны над табою. Ты — мая першая жанчына.