Выбрать главу

Прадзіва Сьвятой Дзевы

Адкрываю канвэрт з страхам: а раптам твой ліст станецца лубянай старонкаю палімпсэсту альбо глінянай таблічкаю з вусенямі няўцямных герогліфаў, але папера разгортваецца ў тонкі лісток срэбра і зьвініць крышталёвым рэхам твайго наструнена-адданага цела, а гаўбец мякка адрываецца ад сьцяны і плыве праз грызайль імжыстага гораду ў трымклівую верасовую вусьціш, навылёт прашытую срэбнымі ніткамі, якія ты называла прадзівам Сьвятое Дзевы.

Партыя ў більярд

У тую ноч мы гулялі ў більярд. Дагаралі ў каміне рэшткі мінулага дня; дымок ня пахнуў нічым — напэўна таму, што ад раніцы да вечару мы так і не сустрэліся. Я засяродзіўся на карамболях, а ты з грацыяй марцовае коткі раптам выцягнулася на зялёным сукне ўва ўсёй раскошы юнага віялянчэльнага цела і, узмахнуўшы вейкамі, прапанавала лічыць, што гэта — поплаў з матылькамі і смолкамі. Мілавіца зазірала ў вакно, пазіруючы астраномам і не здагадваючыся, што тваё ўлоньне пахне слуцкімі бэрамі. А калі стаміўся камін, калі адсьпявала віялянчэль, і сьцішыліся ў люзах блакітныя мятлушкі, ты санліва сказала, што твая душа заначуе ў маёй... Мы прачнуліся ў розных ложках, каб здрыгануцца ад холаду, каб выпіць ранішнюю каву з тваёй срэбнай сьлязінкаю, каб праз стагодзьдзе ўспомніць наш більярд у вандроўцы па іншым часе.
Хто прыдумаў, што ўсё праходзіць, нават тое, што праходзіць праз сэрца?

У Англіі

У Англіі ёсьць каралева і ветлівыя палісмэны. У Англіі жывуць шэрыя вавёркі і гарадзкія лісіцы. У Англіі смачныя пірагі з ныркамі. У Англіі ёсьць магіла Карла Маркса, якую можна заслаць газэтай «Советская Б.» і выпіць, каб капіталісты ўсіх краінаў зьядналіся. У Англіі растуць магноліі, а на сьняданак бываюць сьвежыя суніцы.
Але ў Англіі няма цябе, і твайго зьлёгку санлівага позірку, і тэлефонаў з тваім голасам.