Выбрать главу
Гэтую гісторыю я пачуў, чакаючы астатні цягнік на канцавой станцыі мэтро, ад старога габрэя з сумнымі вачыма, які застаўся стаяць на пустым пэроне.

Азярына

Кідаю каменьчыкі ў азярыну. Кладуцца на жоўты жвір адны. Заміраюць на паўдарозе зеленаватымі рыбінкамі другія. Адплываюць лёгкімі чоўнікамі трэція.
Тыя, што леглі на дно, ператворацца па часе ў зеленаватых рыбак. Тыя, што былі рыбамі, лягуць, акамянеўшы, на дно. Узьляцяць белымі птушкамі лёгкія чоўнікі.
Кідаю каменьчыкі ў азярыну. У кожнага — сваё імя.

Бэзавы адвячорак на краі стагодзьдзя

Бэзавае сутоньне з кавай пасьля цэлага тыдня несустрэчаў на канапе паважнага веку, якой зноў трэба прывыкаць да нас, настройвае на мэтафізычны лад. На той тэрыторыі цела — нешта большае, чым цела, якое складаецца з клетак і ўсяго астатняга, паведамляю я. (Дыялёг прысьвячаецца снам.) На той тэрыторыі яно непадлеглае сьмерці, а значыць, у ім увасоблена вечнасьць. Ты ўсьміхаесься з адценьнем самазадаволенасьці. Ты не сумняесься, што прысьніцца мне магла выключна ты, і я адчуваю мурашыны ўкус сумленьня: сёньня ў сьне я любіў не цябе, а тваю сяброўку, якая ніколі ня стане маёй на гэтай высьпе. Ты ўступаеш у размову ў іншай танальнасьці, называючы сон прадмесьцем сьмерці, анклявам краіны, надзейна абароненай ад нас дзённым ratio, калегіюмам, дзе мы вучымся бясконцаму дасканаламу сну, нечытэльнымі чарнавікамі загадкавага тэксту, да якога мы рухаемся павілястымі сьцежкамі кашмараў і бяссонных начэй. З табою не бывае сноў-чарнавікоў (гэта — я, і гэта — праўда), сноў-эскізаў, сноў-навэляў, дзе ў фінале засталося колькі нявыкрасьленых фразаў, Праўда і тое, што такія сны здараюцца ў мяне ня толькі з табою, бо падараваць адчуваньне вечнасьці можа кожная жанчына. (Пра гэта лепей памаўчаць, хоць маецца на ўвазе, безумоўна, тэрыторыя сноў.) Так я гутару з табою, адважна здымаючы двукосьсі з цытатаў лацінаамэрыканскіх раманістаў, якіх мы звычайна чытаем па чарзе, пакідаючы на палях лёгкія рыскі алоўкам ці фарбаваным пазногцікам, гутару, зусім выпадкова сустракаючыся пад коўдраю з тваімі ўсходнім і заходнім паўшар’ямі, пакуль стройная лёгіка думак ня зьведае разбойнага ўварваньня твайго алягічнага цела, якое, адзінае, здольнае падараваць мне вечнасьць тут, на гэтай высьпе, у прыбоі бэзавага сутоньня, за пяць гадоў да новага тысячагодзьдзя, на вуліцы забытага правадыра, якая з гэтага адвячорка будзе называцца тваім імем.

Upupa epops

Кожны раз, як еду ў Полацак на цягніку, у прынарачанскіх лясах паміж Вялейкай і Будславам на тэлеграфным дроце чакае мяне стракатая птушка з вохрыстым чубком і сьмешным лацінскім імем Upupa epops — а ў перакладзе — проста ўдод. Калі разгарнуць энцыкляпэдыю, можна даведацца, што Upupa epops — манагам, селіцца на ўзьлесьсях, у старых садах і парках, ладзіць гнёзды ў крушнях, жаролах і пнях, а часам у пустых вульлях. Толькі энцыкляпэдыя не адказвае на галоўныя пытаньні: як ён даведваецца, што я ўзяў раніцою білет, чаму я памятаю, што самачка выседжвае птушанятаў сямнаццаць дзён, чаму ўзгадваю жаролісты дуб над полацкім возерам з сутонлівай назваю Люхава?
Вось зараз цягнік паверне, і мы з птушкай на імгненьне сустрэнемся вачыма.

У Каралевы

Твая кніжка, тонкая, як жмуток купюрак выдавецкага ганарару (ты, вядома, і не разьлічвала, што за творы пад сумнеўнай назваю «Блюз каралеўскае кухні» нешта заплацяць), натхніць мяне аднаго вечара на рызыкоўную экспэдыцыю (пара пляшак чырвонага і порцыя здаровага цынізму) на вуліцу, якая калісьці звалася Узьнясенскай, у кватэру з малюнкам карабліка і мора, дзе табе сьняцца небанальныя ідэі пра фатальныя супадзеньні паміж датамі нараджэньня і сьмерці або пра тое, што сябраваць можна толькі з памерлымі, а нашы каханкі і каханьні ніколі не сустрэнуцца ў адной іпастасі, у кватэру, гаспадыня якой, сьціпла назваўшы сябе Каралевай, ловіцца на каву і цыгарэты, а часам і на штосьці мацнейшае, сьцьвярджаючы, што ў гэтых сьценах водзіцца цэлая гурма зданяў. Ня выключана, што здані сапраўды адпавядаюць тваёй клясыфікацыі: хатнія, дарожныя і самотны genius loci, які бадзяецца сярод калегаў, бясконца мармычучы пад нос: «Я genius loci, я помню дзяцінства гэтага гораду, гэтае песьні...» Ня выключана, што пасьля некалькіх келіхаў мне заманецца аздобіць стракатую кампанію сваёй пэрсонаю — а раптам у хвалях блюзу мне пашчасьціць пераканаць цябе, што жывыя мужчыны таксама падыходзяць на ролю сяброў (хоць я ў сабе не зусім упэўнены, бо, як ты зь мілай непасрэднасьцю сьцьвярджаеш: самы ўтульны ложак у Каралевы).