А вельмі простая сувязь. Навука патрабуе сумленных адносін. У прасторы навуковай культуры нельга купіць ісціну за грошы, атрымаць прызнанне вучоных па блату. У часы Савецкага Саюза наша навука, у тым ліку і фундаментальная, была вернай дачкой усеабдымнай камуністычнай сістэмы і камуністычнай ідэялогіі. Колькі таленавітых людзей паглынула гэтая пачварная сістэма. Колькі іх было зломлена, як духоўна, так і фізічна, колькі апынулася за мяжой....? Тыя гады, якія цяпер завуцца эпохай стагнацыі, для мяне, як і для многіх іншых былі існаваннем у нейкім ірэальным свеце, у свеце кэрролаўскіх крывых люстэрак.
Канец 80-х галоў прынёс нам пачатак збаўлення ад гэтага грамадства ілжы. Я кажу пачатак, бо шлях да нацыянальнага, дэмакратычнага і сумленнага грамадства толькі пачынаецца. Умовы для заняткаў навукамі ў цяперашні постсавецкі час, канешне, не сталі лепшымі. Але гэта зразумела – спачатку трэба пабудаваць вольную незалежную Беларусь, стварыць усе ўмовы, як у матэрыяльным, так і ў маральным планах, – толькі тады можна гаварыць аб эфектыўнай навуковай творчасці.
Ня дзіва, што разам з ветрам перамен акцэнты ў сферы палітыкі пачалі мяняцца. Камуністычная наменклатура, як выявілася, аказалася не такой ужо і страшнай, хаця і не слабай. У палітыку прыйшлі новыя людзі і сярод іх нямала вучоных. Узнік Беларускі народны фронт. З самага пачатку я быў у яго шэрагах. Удзельнічаў у знакамітым мітынгу на Дзяды 30-га кастрычніка 1988 года. Да БНФ мяне прывёў нацыянальны дух, які ўсталявалі яго лідэры начале з апантаным Зянонам Пазьняком. Гэта атрымалася не выпадкова. Яшчэ з пачатку 70-х гадоў я захварэў адмысловай хваробай – беларускасцю. Вельмі балюча было глядзець на паўсюдны нацыянальны нігілізм і дэградацыю беларускай нацыі. І толькі беларускія кнігі, ды магчымасць бавіць нямногія гадзіны з аднадумцамі – свядомымі беларусамі, сярод якіх былі галоўным чынам паэты, пісьменнікі ды вучоныя-гуманітарыі былі той крыніцай, якую бальшавікі ў мяне ўжо адабраць не маглі.
Развал былога СССР і крах камуністычнай сістэмы даў надзею на выратаванне беларусаў ад асіміляцыі з рускімі. І з самага пачатку я зразумеў, што каб стварыць незалежную нацыянальную дзяржаву Беларусь трэба прынімаць больш актыўны ўдзел у палітычных працэсах. Гісторыя дала нам такі, магчыма апошні, шанц.
25 чэрвеня 1989 г. па дарозе дадому з устаноўчага з’езду БНФ, што адбываўся ў Вільні, у салоне нашага “Жыгулёнка” ўзнікла нязвыклая для тых часоў гаворка аб стварэнні не такога шырокога руху як БНФ, а партыі – арганізацыі, дзе б аб’ядноўваліся людзі па агульных інтарэсах і больш канкрэтна – па адданасці беларускай нацыянальнай ідэі.
На з’ездзе ў Вільні і яшчэ раней на розных сходах у Мінску добра было бачна, што Фронт аб’ядноўвае людзей самых розных поглядаў, часам процілеглых. Найбольш буйнымі былі дзве групоўкі. Адна аб’ядноўвала тых, хто ставіў на першы план нацыянальнае адраджэнне, другія ж ставіліся да нацыянальных праблем абыякава, а высоўвалі на першы план дэмакратычныя пераўтварэнні. У будучым так і атрымалася – кожная з плыняў утварыла сваю арганізаваную структуру. Былі створаны партыі “па інтарэсах”, і іх цяпер нават больш, чым уяўлялася нам тады.
Праз пэўны час пасля першага з’езду БНФ мы стварылі аргкамітэт новай партыі – калі так можна сказаць , бо ў гэтым аргкамітэце было ўсяго тры чалавекі. Мы напісалі “Дэклярацыю” новай партыі з рабочай назвай – “Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі”. Як не дзіўна, гэтая назва і засталася потым. І вось з гэтай “Дэклярацыяй” я паехаў на канферэнцыю МАДА (Міжнародная асацыяцыя дэмакратычных арганізацый), што праходзіла ў той жа Вільні 2-4 лютага 1990 года. Гэтая асацыяцыя ўяўляла сабой стракаты букет, які складаўся як з сур’ёзных, так і даволі экзатычных арганізацый: ад Народнага франту г. Варонежа – да асацыяцыі горскіх народаў Каўказа. Па ўмовах МАДА нашай “Дэклярацыі” хапіла для ўступлення і будучая партыя была зафіксавана ў выніковых дакументах канферэнцыі. Праўда, потым большасць з арганізацый, удзельнікаў МАДА, знікла, як сама МАДА. Але з НДПБ атрымалася інакш. У весну таго ж 1990 года аргкамітэт быў пашыраны, пайшла сур’ёзная праца над статутам і праграмай – і ў рэшце рэшт 24 – 25 чэрвеня 1990 г. у Мінску адбылася ўстаноўчая канферэнцыя НДПБ – першай партыі на Беларусі (калі не лічыць наддзяржаўнай стуктуры КПСС), пасля ўсталявання таталітарнага рэжыму ў СССР у 30-я гады ХХ стагоддзя.
Потым мне прышлося працаваць на пасадзе старшыні партыі, удзельнічаць у розных палітычных канферэнцыях і, у сувязі з адсутнасцю адпаведнай ідэалагічнай платформы, распрацоўваць галоўныя прынцыпы нацыянальнай дэмакратыі, высвят-ляць сутнасць такіх паняццяў, як нацыяналізм, дэмакратыя, і іншых паліталагічных катэгорый. Уся гэтая дзейнасць адлюстроўвалася ў шэрагу артыкулаў, інтэрв’ю, розных дакументах, змешчаных у перыядычным друку і выступленнях па радыё, на тэлебачанні. Аднак, з-за дзяржаўнай манаполіі на інфармацыю, большасці жыхароў Беларусі мала што вядома аб цяперашнім стане нацыянальна-дэмакратычнага руху на Беларусі.