Выбрать главу

− Зразумела, − адказаў Жаркоў і ўстаў. У гэты час Люся загаманіла ў трубку і перадала яе капітану.

− Слухае дваццаць другі… Дваццаць другі слухае, прыём, − сказаў Васілевіч і шчоўкнуў пераключальнікам прыёму. З паўхвіліны ён слухаў, а пасля запальчыва і крыўдліва загаманіў:

− Таварыш дваццаты! Не магу! Чым жа я выканаю задачу? Без падрыхтоўкі не магу! Дайце час! Прыём.

Ён трохі паслухаў, а пасля з нейкай зацятай рашучасцю выпаліў у трубку:

− Зразумеў, зразумеў вас: адхілены ад камандавання. Перадаю трубку дваццаць трэцяму.

Сахно буркнуў нешта ад здзіўлення, скрывіў вусны, але хуценька перахапіў трубку і далажыў, што слухае. У варонцы замерлі, насцярожыліся. Люся прыўстала на каленях і, ссунуўшы пад самую шапку тоненькія светлыя броўкі, упілася позіркам у квадратны твар намесніка камандзіра батальёна. Сахно тым часам дастаў з палявой сумкі карту, аднае рукой няспрытна разгарнуў яе і паўзіраўся ў аднае месца, трымаючы яе пад цьмяным святлом рацыі. Камбат устаў у рост і, відавочна нервуючыся, палез у кішэню за куравам.

Размова ў Сахно неўзабаве скончылася. Замкамбат далажыў, што зразумеў, кінуў: «Ёсць! Ёсць, таварыш дваццаты, ёсць» − і таксама ўстаў у варонцы, шоргаючы плашч-палаткай.

− Дакамандаваліся, − плюнуў убок камбат. − А ты што думаеш?

− Што ж падумаеш, калі загадана. Трэба атакаваць, − змрочна сказаў Сахно, зашпільваючы пад палаткай сумку. − Вайна не фунт ізюму.

− Цябе прызначыў?

− Так, − ваўкавата, без ранейшай шчырасці адказаў Сахно і гучным, сваім заўсягдашнім камандзірскім тонам аб’явіў у цемру:

− Падрыхтавацца да атакі. Ты, сяржант з шостай роты… як тваё прозвішча?

− Сяржант Жаркоў, − падказаў кулямётчык.

− Жаркоў? Камандую батальёнам я. Слухай задачу. Атрымаеш сувязістаў, яшчэ сапёраў дам, колькі будзе, ездавых, і атакуеш гэтыя праклятыя Ручайкі. Цераз балота. Чацвёртая і пятая роты − ад лесу. Сігнал атакі − чырвоная ракета. Гатоўнасць праз гадзіну. Зразумеў?

− Зразумеў, таварыш капітан.

− Шагам марш, − уладарна распарадзіўся новы камбат. − Цярэшкін, камандзіраў чацвёртай і пятай рот ка мне. Мінамётчыка таксама. Жыва!

3

Застаўшыся ў варонцы ўтраіх, яны нейкі час нялёгка і насцярожана маўчалі. Люся выключыла рацыю і развінчвала антэну, Сахно моўчкі і зацята стаяў у дне на льдзіне, Васілевіч адышоўся ўбок і сеў на краі варонкі.

Наўкола ляжаў чорны начны абшар. У небе высыпалі зоркі, з-за зубчатых верхавін хвойнікаў вылезла на небасхіл сцёртая палавінка месяца. Падмарожвала. Над хмызняком за пагоркам, недзе далёка на фланзе, міргалі, затухалі і зноў міргалі нябачныя адсюль ракеты, і шырокія размашыстыя водсветы гулялі ў небе. З вёскі − тых самых злашчасных Ручайкоў, якія не мог узяць батальён, − выпырхнула ў неба чарада трасіруючых куль, данеслася прыглушанае «тр-р-р-р-р-р-р-р».

Капітаны, зацяўшыся адзін на аднаго, маўчалі. Нешта раптоўна і нечакана здарылася між імі − нядаўнім камбатам і ягоным намеснікам, − яно нябачнаю сілай адразу раз’яднала гэтых нядаўна яшчэ, здавалася, блізкіх людзей. Недамоўленае і, можа, недадуманае тое адчувалі абое, але яны па-рознаму адносіліся да яго і таму маўчалі. Капітан Васілевіч, трохі пакрыўджаны і збянтэжаны тым, што адбылося, не ведаў, як лепей паставіцца да Сахно, каб выклікаць яго шчырасць, без якой яны ніколі б не маглі дамовіцца.

− Слухай, ты не спяшайся, − знарок супакоена сказаў Васілевіч. − Пад ранак, можа, артылерыя падыдзе, тады лягчэй будзе.

− А загад? − зашархатаў палаткай Сахно. − Загадана ж да ранка ўзяць.

− І думаеш возьмеш?

Сахно незадаволена патупаў на месцы, паварушыўся і, не адказаўшы, сеў на схіле варонкі па другі бок ад Васілевіча. Былы камбат з нейкім здзіўленнем паглядзеў у змроку на яго. Здалося капітану, што ягоны нядаўні намеснік неяк наўмысна адасобліваўся ад яго, замыкаўся і нешта таіў у сабе ад усіх. Такая няшчырасць не сказаць, каб была нечаканай у гэтым чалавеку (Васілевіч і раней прыкмячаў нешта затоена-уласнае ў Сахно, у стаўленні яго да іншых людзей − і падначаленых, і начальнікаў), але пакуль Васілевіч быў камандзірам батальёна, а ён − ягоным падначаленым, здавалася, усё між імі было добра. Праўда, цяпер вось становішча змянілася, мусіць, з ім змяніліся і іх узаемаадносіны. «Ось ты які!» − падумаў пры сабе капітан. Але тая новая рыса ў характары Сахно болей здзіўляла, чым непакоіла Васілевіча. Куды болей важна было, як дамагчыся, каб не трапіць з батальёнам у яшчэ горшую бяду з гэтай скараспешнай атакай.