Выбрать главу

− Пойдзеш на левым фланзе. Ад ляска. Так паспрабуем.

− Пайшлі яны да д’ябла. Усе на роце аўтаматчыкаў выязджаюць. У мяне галава не затычка. Як-ніяк жыць хочацца.

Ён ускочыў, адышоўся вышай і сеў на накапаную зямлю тварам да вёскі. Пэўна, з вышыні заўважылі нейкі рух тут, і кароткая кулямётная чарга пранізала паветра над самымі іх галовамі; на тым баку рова з кручы пасыпалася жарства. Грэчка, спахапіўшыся, упаў на бок, Клімаў сеў ніжай. Чарга змоўкла. Настала няёмкая для абодвух паўза. Клімаў пазіраў кудысь на пагоркі па той бок рова. Яршыстая ўпартасць Грэчкі яго не здзівіла. Гэты малодшы лейтэнант быў самы трудны з усіх узводных у роце, Клімаў ведаў яго яшчэ з фарміроўкі, пазнаёміўшыся, калі яшчэ сам быў камандзірам узвода. Стаўшы ротным і не раз сутыкнуўшыся з ім, лейтэнант адчуў, што найлепшае, што можна супрацьпаставіць яго ўпартасці, гэта неаслабная суровая цвёрдасць. Вядома, ён мог бы і проста загадваць, не дапускаючы абмеркавання, але таго не хацеў, бо ўсё ж якніяк яны былі знаёмыя, свае хлопцы, і думалася, што можна абысціся без гэтага, па-сяброўску.

− Паспрабуем ад лесу, − сказаў ён, коратка зірнуўшы на ўзводнага. − Там шпокаўка не дастане. Ад вёскі ёй не відно. Праўда, так будзе далей. За адзін брасок не адолееш. Але паспрабуем.

Грэчка стаў на калені і рэзкімі нярвовымі рухамі ўздзеў у рукавы ватоўку. Твар яго гарэў ад абурэння і нязгоды, светлыя вочы пад белымі брывамі зыркалі халодным агнём.

− Так даспрабуешся, што ў роце нікога не застанецца. Людзей па-дурному нішчыць. Брухамі глыжы церці. Да дурыкаў надакучыла гэта. Ісці дык ісці. А то туды, як чарвякі, а адтуль, як зайцы, − бурчэў ён, не пазіраючы на камандзіра. І раптам загаварыў гучна і рэзка:

− Зноў жа патронаў няма. З чым ісці? Па тры абоймы на вінтоўку. Аўтаматных па жмені.

− У Сахно вунь па адной засталося.

− Мне Сахно не ўказ. Хай аб тым у самога галава баліць. І што ты не растлумачыш капэ? − так ён зваў камандзіра палка.

− Ты кулямёт зберажы, − казаў Клімаў сваё. − Апошні застаўся. Дыскі з чатыры збяры для яго.

− Што ты яму не ўтлумачыш, кажу? Дрэйфіш? Ты яшчэ яго не ведаеш: паддасіся, дык ён цябе заганяе. Дай я з ім пагавару. Я ў яго артпадрыхтоўкі патрабую…

Грэчка раптам ускочыў з гліны і [падаўся] да бруствера за аўтаматам. Клімаў крыва ўсміхнуўся аднымі вуснамі.

− Што тлумачыць? Усё растлумачыў.

Грэчка спыніўся на схіле.

− Ну?

− Ну і ну. Загадаў атакаваць.

Малодшы лейтэнант плюнуў і вяла апусціўся на зямлю. Памаўчалі. Пасля ўзводны насцярожана зірнуў убок цераз голаў Клімава.

− Сібірачка чэша, − зусім другім тонам − сцішана і без следу злосці сказаў ён. Клімаў таксама азірнуўся і паспешліва захінуў падраныя полы паўшубка. Унізе ўздоўж ручая торапка ішла сюды Паша.

Абодва камандзіры некалькі часу глядзелі ўніз на кароценькую дзявочую постаць у падрэзаным і туга падпярэзаным дзягай шынялі, касцы, непамерна вялікай на яе галаве. Паша была тоўсценькая, з празмерна поўнымі сцёгнамі; пераскокваючы рытвіны і камяні, яна няспрытна закідвала ў бакі ногі і размахвала аднае рукой, прытрымліваючы другой на баку сваю таўшчэзную санінструктарскую сумку. Лейтэнанты змоўклі, назіраючы, як дзяўчына ўскарабкваецца па крутым адхоне, як, узлезшы, папраўляе споўзлую на лоб каску і расслабленым змораным крокам падыходзіць да іх. Яе шырокі, быццам расплюснуты твар, як заўжды ззяў здаровай маладой чырванню, адзінай адзнакай дзявочага хараства, якім так скупа надзяліла прырода гэту дзяўчыну.

Яна падышла да Клімава.

− Вы мяне шукалі?

Клімаў, зірнуўшы на яе, апатычна адвёў позірк.

− Я не шукаў.

Паша ссунула наперад сумку і стомлена апусцілася побач.

− А я з раненымі завазілася. Пакуль пасцягвала… Ой, і вы паранены! − спахапілася яна, убачыўшы яго парваныя полы.

− Не паранены, − няласкава адказаў Клімаў.

− Кроў жа…

− Кроў чужая. Тэлефаніста з роты сувязі…

Паша адкінулася на каленях і нахмурыла рэдкія броўкі.

− Што, памочнік смерці, многа мілёнкаў забінтавала? − грубавата запытаў у яе Грэчка. Паша ўздыхнула.

− Дванаццаць чалавек. Трое ляжаць: цяжкія. Ноччу трэба эвакуіраваць. Хайрудзінаў памёр. Толькі перавязала, гляджу, ужо ўсё. А Сокалаў на дарозе застаўся. Спачатку поўз яшчэ. Я − да яго, а яны з кулямёта. Дапаўзла − ужо гатовы.

− Сволачы, такую іх!.. − не зважаючы на прысутнасць жанчыны, салёна вылаяўся Грэчка. Паша заламала бровы і пачала скубсці з долу сухую леташнюю траву. Вецер падхопліваў яе з апэцканых ёдам пальцаў і кружыў над ровам. На Клімавым твары пульсавалі жаўлакі.