Выбрать главу
Пастка для рэха
Паплаўскі Алесь

Аповесці

Пастка для рэха

1

Я не Дыяген, але і мне іншы раз хочацца пажыць у бочцы. Некалькі дзён… Каб зразумець сябе, каб упэўніцца, што адзінота, якой баюся больш за ўсё на свеце і якая вымушае мяне знацца нават з тымі людзьмі, якія раздражняюць мяне, насамрэч вялікі падарунак, і ад яе можна атрымліваць асалоду. Напэўна, гэты вар’яцкі ўчынак, калі б я на яго адважыўся, і стаў бы тым выратавальным пратэстам супраць майго мінулага, бо так блізка да сябе я яшчэ ніколі не набліжаўся.

Памяць… Скрынку з яе прахам я старанна захоўваю ў старэнькім шыфаньеры, сярод рознай «непатрэбшчыны», побач з зачытаным да дзірак томікам Дастаеўскага. І калі мне робіцца сумна, а такое са мною здараецца часта, я выцягваю з яе пажоўклыя ад даўніны лісты і пачынаю іх прагна чытаць. Чытаць уголас… І тады да мяне вяртаецца яна — жанчына, знявераная чаканнем…

Я — эгаіст… Так лічаць усе. І я звыкся з гэтым. Бо калі табе кожны дзень нагадваюць, што ты дурань, дык міжволі пачынаеш сумнявацца ў сваіх сапраўдных здольнасцях.

«Ку-ку!.. — хочацца мне падражніць гэтых самаўпэўненых задавак. — Высякайце лясы! Помсціце прыродзе! Але памятайце, я — гэта вы, вы — гэта я. І падабенства наша неаспрэчнае. Нас яднаюць дзве рэчы: імкненне адваяваць сваё месца за абедзенным сталом і імкненне аддаваць сябе цалкам, усяго, тым, хто аднойчы нам здрадзіць…»

— Гэй!.. — вытужваю я. — Добры дзень, сабачыя дзеці!..

Недзе на донцы маёй свабодалюбнай душы, у самым яе куточку, варухнуўшыся ад спакуслівай злараднасці, скаліцца самаўпэўненасць — абараняць годнасць, аказваецца, таксама нялёгка. Словы застраюць у горле. Словы скажаюць сапраўднасць. Наваколле абрастае рэхам. І жанчына ва ўзросце — тая, што пляцецца паперадзе з вялікімі гаспадарчымі торбамі, — збянтэжана азіраецца. На яе твары стомленасць і раздражненне.

— Вар’ят!.. — чытаю я ў яе палахлівых блакітных вачах.

Пад прыцэлам з’едлівага, пакрыўджанага позірку адчуваю як ніколі сваю нікчэмнасць. І мною авалодвае страх. Магчыма, у такія хвіліны я і сапраўды падобны да вар’ята. Але я — не вар’ят… Я — пасіўны спажывец уражанняў. І мне самотна ў гэтым горадзе гіпсавых статуй. Адзінока і жахліва… Бо надзея на тых нешматлікіх, якія разважаюць не так, як я, мізэрная... Ім не да мяне, тым больш не да маіх вар’яцкіх думак. Ім толькі б «нагаварыць» праблему. Памры я, і праз хвіліну ніхто з іх не заўважыць майго знікнення.

Угнуўшыся, праціскаюся праз вузкі праход паміж дзвюма дзевяціпавярхоўкамі. Пераадолеўшы гэты складаны ў псіхалагічным разуменні шлях, з палёгкаю ўздыхаю. Вось ён, мой дом — месца, непрыгоднае для жыцця. Дзверы ў пад’езд адчыненыя. За імі — самота. За імі — цішыня, да якой немагчыма прывыкнуць… Недзе там, на трэцім паверсе, у пашарпаным ад часу шыфаньеры, у суседстве з зачытаным томікам Дастаеўскага, схаваная скрынка з прахам маёй памяці… І з галасамі ніадкуль… З галасамі з майго далёкага прывіднага юнацтва — несапраўднымі, міфічнымі…

І куды толькі дзяюцца гукі?.. Гэтае пытанне я задаю сабе неаднойчы, хоць і ўпэўнены: гукі пасяляюцца ў скрынцы з прахам маёй памяці, побач з пажоўклымі ад даўніны лістамі — лістамі ад яе…

Мне за сорак. І калегі называюць мяне Адольфавічам. Не з ветлівасці, вядома, а па завядзёнцы. Наўмысна прапускаюць імя. А так хочацца, каб хоць калі-нікалі мяне называлі Жэнікам.

Сям’ёй я не абзавёўся, і з-за гэтага, напэўна, усе мае нязручнасці ў жыцці... А яшчэ з-за імя бацькавага... Як толькі не дражнілі мяне ў дзяцінстве: і фашыстам, і Гітлерам, і Дольфам. Дарэчы, апошняя мянушка прыклеілася неадчэпна. Яна так і не знасілася ад частага ўжывання, як я на тое разлічваў. Памяняла некалькі літар. І набыла змяншальна-ласкальныя абрысы: Дольчык....

Адна са шматлікіх маіх кепскіх звычак — празмернае балабольства па тэлефоне. Напэўна, гэта ўсяго толькі неабходнасць выказацца, крайнасць, як любіць сцвярджаць мая суседка па лесвічнай пляцоўцы. Бадай, я з гэтым мог бы пагадзіцца, калі б не адно «але». На голад зносін з людзьмі я не пакутую. Хаця ў выбары суразмоўцаў прывярэдлівы. Мне падабаюцца разумныя і шчырыя людзі. А каму яны не падабаюцца? Магчыма, у тых, што гадзінамі вісяць на другім канцы тэлефоннага проваду, такія ж апраўдальныя прычыны сваёй празмернай балбатні. Што да мяне, дык я нічога асаблівага ў сваім занятку не бачу. Хіба што адно: датэлефанавацца да мяне ўвечары практычна немагчыма.

На гэты раз тэлефонны званок застае мяне на лесвічнай пляцоўцы — настойлівы і, здаецца, варты таго, каб паскорыць хаду. Аднак не спяшаюся — «дасталі»… Хочацца адключыцца ад усіх спраў, хочацца пабыць аднаму. Ведаў бы зараз той, хто ўпарта спрабуе датэлефанавацца да мяне, пра гэтыя мае думкі. Сто пудоў — пакрыўдзіўся б… Ну і няхай сабе не ведае… Нашто крыўдзіць людзей без прычыны?..