Выбрать главу

Сіміён Венідзіктавіч завітаў таго ж дня падвечар разам з жонкай. Ён доўга прыгладжваў рэдзенькія валасы, стараўся схаваць імі ружовую і ўжо велікаватую лысіну.

— Мне заўсёды прыемна бачыць разважлівых маладых людзей,— пачаў ён, нібы прадаўжаючы ранішнюю размову ў часе нашага знаёмства.— У той сітуацыі, што склалася на сённяшні дзень, цвярозае стаўленне да новага парадку, які прынесла нам доблесная нямецкая армія, вымагае максімум дальнабачнасці.

Ён гаварыў нудна, быццам чытаў мне лекцыю, а я слухаў і ўсё думаў: «Звездануць бы табе ў лоб!..»

3 сабою я прынёс бутэльку спірту. I хоць мне не хацелася піць з гэтым чалавекам, трэба было садзіцца за стол.

Сіміён Венідзіктавіч пасля другой чаркі пачырванеў, заліўся потам, прадаўжаючы, аднак, пахвальваць нямецкі парадак. Я больш маўчаў, баючыся свайго языка. Дзед зусім асавеў і ўсё мармытаў пад нос: «Курыцыны дзеці, ліха на вас матары».

Нарэшце мы развіталіся — Сіміён Венідзіктавіч, заглядаючы мне ў вочы, доўга ціснуў руку і непаслухмяным языком разы два паўтараў адно і тое ж:

— Спадзяюся, мы будзем сябрамі... Мы будзем, спадзяюся, сябрамі.

Дзед узабраўся на печ і адразу засоп, а мы з Марынай пачалі прыбіраць са стала.

— Ты спадабаўся Сіміёну Венідзіктавічу,— сказала Марына.

— Сволач ён,— адгукнуўея я.

Марына ўзяла мяне за лацкан пінжака, зазіраючы ў вочы, сказала:

— А як жа мне? Дзень пры дні вось так... Здаецца, у брудзе з ног да галавы. Ты ідзі, кладзіся...

Я ўжо двойчы быў на месцы спаткання, але ніхто да мяне не падышоў, і таму пачало забірацца ў душу сумненне. Днём яшчэ нічога, а ноччу не мог заснуць, усё думаючы пра адно і тое ж: ці не здарылася што-небудзь.

Марына нечага хадзіла па хаце. Я чуў яе крокі то ў залі, то на кухні. Ад выпітага спірту мяне чамусьці ліхаманіла, усё хацелася падняцца і пайсці, хоць бы на двор, у сад. Але я стрымліваў сябе. I ўжо ведаў, што цяпер не засну да самай раніцы.

Вокны ва ўсім доме былі завешаны цвёрдай чорнай паперай. У пакоі стаяла непраглядная цемра і цяжкое, духатлівае паветра. Я чуў, як Марына патушыла лямпу, пайшла ў свой пакойчык. Настала цішыня. Нават дзед перастаў сапці, і я падумаў, ці не памёр ён.

Я не пачуў, як адчыніліся дзверы, але раптам адчуў, што нехта стаіць побач. У мяне закалацілася сэрца і аж балюча засмактала пад лыжачкай. Я маўчаў, знямелы ад страху.

— Ты не спіш? — пачуўся ледзь улоўны шэпт, і Марыніны рукі слізганулі па маім плячы.— Пасунься...

Я моўчкі пасунуўся. Яна лягла побач на спіну і, мабыць, заклала рукі за галаву: яе локаць крануўся маёй скроні. Я выразна чуў, як б’ецца на скроні жылка.

Марына не ведала і не павінна была ведаць пра маё заданне. Таму я падумаў, што яна прыйшла да мяне не так сабе, а з адной мэтай — выведаць, якое мне дадзена заданне. Усё сведчыла пра гэта: і следчы крымінальнага вышуку, і яе дзед, які схлусіў мне, і наогул уся атмасфера гэтага прадажнага дома.

Я ляжаў, утаропіўшы вочы ў цемру, пакутліва чакаў, што будзе далей.

— Ты, мабыць, думаеш: во якая распусная жанчына, сама ў ложак лягла,— напаўшэпт сказала Марына.— Ты не думай... Я не такая. Я зусім не такая...

Мне адразу ж прыгадалася тая падслуханая размова за плотам, што ўразіла мяне ў першы дзень. Нават здалося, што я чую той жа голас. Я, мабыць, здрыгануўся, бо Марына павярнулася на бок, спытала:

— Табе дрэнна? Можа захварэў?..

— Я ніколі не піў спірту,— прызнаўся я.

Марына саскочыла з ложка і знікла ў цемры. Яе не было хвілін пяць.

— Дзе твая рука? — вярнуўшыся, зашаптала яна.— Выпі нашатыру. Вазьмі і выпі. Як рукой здыме.

Я выпіў. Яна паставіла чарку на тумбачку і зноў лягла побач.

— Які ты спацелы і халодны,— сказала яна, выціраючы даланёю мой твар.— Шкада мне цябе. Усіх шкада, аж сэрца баліць.

— I дзядзьку? — падкалоў я.

— I яго...

Вайна абвастрыла нашу непрымірымасць. Мы ненавідзелі не толькі здраднікаў, але і тых, хто паблажліва ставіўся да іх,— так, як Марына да свайго дзядзькі. Таму Марыніны словы нібы ўкалолі мяне.

— Ты чаму нам памагаеш? — злосна спытаў я.

— А каму ж? Я да вайны на трыкатажнай фабрыцы працавала. Бывала, на кастрычніцкія святы або на Першае мая хадзілі ў калонах на дэманстрацыю. Кожны цэх у сваіх касцюмах. Адзін — у сініх, другі — у ружовьіх, трэці — у салатавых. Летась прыйшлі кастрычніцкія святы, дык я ўвесь дзень раўла. Ну, як, ці палегчала табе?

— Здаецца, лепш,— адказаў я, сапраўды адчуўшы, што цвярозы.