Выбрать главу

13. Аднаму селяніну трэба была вяроўка, каб падняць угору камень, якім прыціскаюць патаптаны вінаград, бо старая вяроўка перацерлася, і ён употай прабраўся да мора, падышоў да карабля, якога ніхто не ахоўваў, адвязаў канат, панёс дадому і ўжыў на патрэбу. Назаўтра раніцаю метымнейскія дзецюкі пачалі шукаць канат, але ніхто ў крадзяжы не прызнаўся, і яны паплылі далей, палаяўшы трохі гаспадароў; адплыўшы на трыццаць стадый, яны прысталі ў тых мясцінах, дзе жылі Дафніс і Хлоя, бо раўніна выдалася ім прыдатнаю да лову зайцоў. Вяроўкі ў іх цяпер не было, каб ужыць яе як прычальны канат; яны скруцілі пярэвітку з доўгіх зялёных лазін і прывязалі ёю карму карабля да берага. Пасля гэтага, выпусціўшы сабак высочваць дзічыну, расставілі на найбольш прыдатных сцежках сеткі. Сабакі, разбегшыся з моцным гаўканнем, напалохалі коз, і тыя, пакінуўшы горныя схілы, прабеглі ладна-такі да мора; не знайшоўшы на марскім пяску нічога пагрызці, адважнейшыя з іх падышлі да карабля і згрызлі зялёную пярэвітку, якою быў прывязаны карабель.

14. А на моры ўзнялося лёгкае хваляванне, з гор падзьмуў вецер. Хваля, адплываючы, вельмі хутка падхапіла адвязаны карабель і панесла ў адкрытае мора. Як толькі заўважылі гэта метымнейцы, адны з іх пабеглі да мора, другія сабралі сабак; усе яны ўзнялі такі лямант, што, пачуўшы яго, збегліся ўсе людзі з наваколля. Але гэта ані не дапамагло, бо вецер падзьмуў з усяе моцы і карабель хутка і нястрымна адносіла плынню. Метымнейцы, страціўшы нямала дабра, шукалі, хто ж пасвіў коз; і, знайшоўшы Дафніса, пачалі яго біць і зрываць з яго адзетак. Адзін з іх, узяўшы сабачы павадок, загнуў Дафнісу рукі назад, каб яго звязаць. Але Дафніс крычаў, як яго білі, і маліў сялян аб паратунку, клічучы найперш Ламана і Дрыяса на дапамогу. І тыя, два дужыя дзяды з моцнымі ад сялянскай работы кулакамі, далі адпор і запатрабавалі справядліва разабрацца ў тым, што адбылося.

15. А таму, што на гэтым настойвалі і іншыя, то за суддзю прызначаюць Філета, валапаса: ён быў найстарэйшы з усіх тут і славіўся сярод вяскоўцаў надзвычайнаю справядлівасцю. Напачатку метымнейцы выклалі сваю скаргу, ясна і сцісла, бо за суддзю ж у іх быў валапас: «Мы прыехалі ў гэтыя мясціны папаляваць на зайцоў. Прывязаўшы карабель зялёнаю лазою, мы пакінулі яго на беразе, а самі пусцілі сабак шукаць дзічыну. Тым часам козы гэтага пастуха, прыйшоўшы да мора, зжыраюць лазу і адпускаюць карабель. Ты ж бачыў, як яго адносіла ў мора, і як ты думаеш, колькі на ім было дабра. Колькі адзення загінула, а колькі сабачай аздобы, а колькі грошай! Калі б хто меў гэтулькі, мог бы купіць тутэйшыя палі. У абмен за гэта мы настойваем забраць яго — паганага пастуха, які сваіх коз пасе каля мора, нібы марак».

16. Так выклалі метымнейцы сваю скаргу.

Пасля кухталёў Дафніс адчуваў сябе пагана, але як убачыў, што Хлоя тут, на ўсё забыўся і так сказаў: «Я сваіх коз пасу добра. Ніколі яшчэ ніводзін з вяскоўцаў не абвінаваціў мяне, што мая каза ў яго садзе ласавалася або вінаградны парастак паламала. А вось гэтыя — сапраўды паганыя лоўчыя, і сабакі іх кепска навучаныя: носячыся шалёна і злосна гаўкаючы, яны маіх коз з гор і пашаў да мора, як ваўкі, сагналі. А козы мае лазу ад'елі? Бо на пяску не было ні травы, ні сунічніку, ні чабору. А карабель знішчылі вецер і мора. Гэта — віна буры, а не коз. А там былі ўборы, грошы? Хто, маючы розум, дасць веры, што карабель з такім дабром быў прывязаны пярэвіткаю?»

17. Пры гэтым Дафніс заплакаў і моцна расчуліў сялян, так што Філет, суддзя, пакляўся Панам і німфамі, што Дафніс ані не вінаваты, гэтак жа як і яго козы, а вінаватыя мора і вецер, якія, аднак, падлягаюць іншым суддзям. Але не пераканаў Філет метымнейцаў гэтымі словамі, і яны, раззлаваўшыся, пацягнулі Дафніса, стараючыся яго звязаць.