Выбрать главу

Тут сяляне, узбунтаваўшыся, самі накінуліся на іх, як шпакі ці галкі; і хутка адбіваюць Дафніса, які і сам ужо біўся; яны лупяць палкамі метымнейцаў, і неўзабаве тыя кідаюцца ўцякаць. Яны не адставалі ад іх, аж пакуль не прагналі са сваіх на чужыя землі.

18. Пакуль тыя гналі метымнейцаў, Хлоя ціхенька адводзіць Дафніса да німфаў і асцярожна яму абмывае твар, што ўвесь быў заліты крывёю з расквашанага кухталём носа, і дае з'есці з пастухоўскай торбы лусту хлеба і кавалак сыру. Тады — што найбольш павінна было яго падмацаваць — яна абдорвае яго сваіх пяшчотных вуснаў падарункам — мядова-салодкім пацалункам.

19. Вось з якой бяды выбавіўся тады Дафніс. Але ўсё тым не скончылася, бо, калі метымнейцы з цяжкасцю дабраліся да сваіх — пешкі замест прыплысці на караблі, параненыя замест веселуноў, — яны склікалі грамадзян на сход і паклалі аліўную галінку, молячы абароны і просячы адплаты; яны не сказалі ні слова праўды, каб з іх не смяяліся з-за таго, якое ганьбы зазналі яны ад пастухоў, а мітыленцаў абвінавацілі, што тыя іх карабель забралі і іх дабро, як на полі бітвы, абрабавалі.

Метымнейцы, убачыўшы раны, далі ім веры і палічылі справядлівым папомсціцца за гэтых маладых людзей з сама знатных іх дамоў, і таму пастанавілі, не аб'яўляючы вайны, напасці на мітыленцаў; і загадалі свайму ваяводзе выправіць дзесяць караблёў, каб спустошыць іх узбярэжжа; блізка была зіма, і давяраць мору большы флот было ненадзейна.

20. Адразу ж на другі дзень ваявода з воінамі, якія заадно былі і веслярамі, выйшаў у адкрытае мора і напаў на прыбярэжныя палі мітыленцаў. І нарабаваў шмат жывёлы, збожжа, віна (бо якраз толькі што закончыўся збор вінаграду); а да таго і нямала людзей, што там працавалі. Падплыў ён і ў мясціны, дзе былі Хлоя і Дафніс; хутка высадзіўшыся, цягаў здабычу, якая там толькі траплялася.

Дафніс якраз не пасвіў коз, а ў лесе зразаў зялёныя галінкі, каб узімку карміць казлянят; убачыўшы згары напад, ён схаваўся ў дупле сухога бука; Хлоя ж была каля статкаў; ратуючыся ад пагоні, яна, шукаючы прытулку, бяжыць да німфаў, молячы імем багіняў пашкадаваць яе і тых, каго яна пасе. Але гэта было дарэмна; метымнейцы, удосталь паздзекаваўшыся са статуй, занялі статкі і пацягнулі яе, б'ючы, як казу ці авечку, лазіною.

21. Напоўніўшы караблі нарабаванаю рознаю здабычаю, яны пастанавілі далей не плыць, а вярнуцца дадому, баючыся зімы і ворагаў. І вось паплылі яны, цяжка налягаючы на вёслы, бо не было ветру; Дафніс жа, калі ўсё суцішылася, спусціўся ў даліну, дзе яны заўсёды пасвілі, і ні коз не ўбачыў, ні на авечак не натрапіў, ні Хлоі не знайшоў, а толькі поўнае разбурэнне ды кінутую сірынгу, якою звычайна Хлоя цешылася; з моцным крыкам і жаласным енкам пачаў ён бегаць то да бука, дзе яны звычайна сядзелі, то да мора, спадзеючыся яе ўбачыць, то да німфаў, да якіх яна бегла, калі за ёю гналіся. Там ён кінуўся на зямлю, вінавацячы німфаў, што здрадзілі ёй:

22. «У вас забралі Хлою, і вы маглі спакойна глядзець на гэта? Тую, якая вянкі вам пляла, першага малака ўзлівала, якая вам сірынгу ў дар ахвяравала? Ніводнай казы ў мяне воўк не сцягнуў, а ворагі ўсю чараду пагналі і тую, што пасвіла са мною. З коз яны шкуру здзіраюць, авечак у ахвяру прыносяць; Хлоя ж з гэтага часу будзе ў горадзе жыць. Як мне вярнуцца да бацькі і мацеры без коз, без Хлоі, чым мне тады заняцца? Мне ж няма ўжо чаго пасвіць. Тут хачу ляжаць і чакаць смерці або новага нападу. Ці ж і ты, Хлоя, гэтак тужыш? Ці ж успамінаеш гэтую раўніну, гэтых німфаў і мяне? А ці суцяшаюць цябе авечкі і козы, узятыя ў палон разам з табою?»

23. Пакуль ён бедаваў так, ад слёз і болю яго агарнуў глыбокі сон; і з'явіліся яму тры німфы, высокія і прыгожыя жанчыны, напаўадзетыя, босыя, з распушчанымі валасамі, якраз як на статуях. Напачатку, як яму здалося, яны спагадліва паглядзелі на Дафніса; пасля старэйшая з іх, падбадзёрваючы, кажа: «Не наракай на нас, Дафніс; мы больш, чым ты, рупімся пра Хлою. Мы зжаліліся над ёю, калі яна яшчэ дзіцём была, тут у пячоры ляжала, кармілі яе. Яна не мае нічога супольнага ні з гэтымі лугамі, ні Ламанавымі авечкамі. І цяпер мы пра яе паклапаціліся, так што не будзе яна адвезена ў Метымну на рабскую долю і не будзе яна часткаю ваеннай здабычы. Вось таго Пана, што пад хвойкаю стаіць, якога вы ніколі, ні разу вянком не ўшаноўвалі, мы ўпрасілі дапамагчы Хлоі; ён звык больш, чым мы, да ваенных паходаў і ўжо нямала паваяваў, пакідаючы гэтыя палі; і ён вырушыць, як люты вораг, на метымнейцаў. Не тужы ні па чым, а ўставай і пакажыся на вочы Ламану і Міртале; яны ж таксама ляжаць доле, думаючы, што і ты зрабіўся часткаю здабычы; Хлоя ж заўтра вернецца да цябе з козамі, з авечкамі, і будзеце вы разам пасвіць і разам іграць на сірынзе; а далей Эрас пра вас паклапоціцца».