Выбрать главу

24. Убачыўшы і пачуўшы гэта, Дафніс ускочыў са сну і, плачучы з радасці і з гора, укленчыў перад статуямі німфаў і паабяцаў, калі Хлоя ўратуецца, прынесці ў ахвяру найлепшую з коз. Пасля пабег пад хвойку, дзе стаяла статуя Пана, казланогага і рагатага, у адной руцэ ён трымаў сірынгу, другою рукою стрымліваў уздыбленага казла; упаў і перад Панам на калені, молячы яго за Хлою і абяцаючы ахвяраваць казла. І толькі на захадзе сонца ён ледзь прыпыніў свае слёзы і малітвы і, сабраўшы галінкі, што нарэзаў, вярнуўся дадому, разагнаўшы смутак Ламана і яго блізкіх, напоўніўшы іх радасцю, трохі падсілкаваўся і забыўся сном, хоць і ў сне плакаў, то жадаючы яшчэ раз убачыць у сне німфаў, то каб хутчэй настаў дзень, у які яму вярнуць Хлою было паабяцана. З усіх начэй гэтая падалася яму найдаўжэйшаю. А тае начы вось што здарылася.

25. Ваявода метымнейцаў, адплыўшы стадыяў з дзесятак, захацеў даць адпачыць сваім воінам, якія стаміліся ад нападу. І вось, дасягнуўшы мыса, што выступаў у мора, выгінаючыся паўмесяцам, за якім мора ўтварала бухту, зацішнейшую за ўсе іншыя, ваявода пакінуў караблі на якары ў адкрытым моры, каб з сушы ні на адзін з іх не маглі напасці сяляне, і дазволіў метымнейцам мірныя ўцехі. І тыя, нарабаваўшы ўсяго ўдосталь, пілі, забаўляліся, нібы святкавалі перамогу. Але толькі скончыўся дзень і весялосць з надыходам ночы сунялася, як раптам уся зямля нібы агнём занялася, і пачуліся шумныя ўсплёскі вёслаў, нібы падплываў вялікі флот, і адзін закрычаў: «Да зброі!», а другі клікаў ваяводу, трэцяму падалося, што ён паранены, і ляжаў там як забіты. Здавалася, што гэта начны бой, толькі ворагаў не было відаць.

26. Так прамінула для іх ноч, і надышоў дзень, яшчэ страшнейшы, чым ноч. Дафнісавы казлы і козы на рагах мелі плюшч з гронкамі ягад, а Хлоіны бараны і авечкі завылі, як ваўкі. Саму ж яе ўбачылі ў вянку з хваёвых галінак. І на моры самім дзеелася шмат незвычайнага. Калі яны паспрабавалі выцягнуць якары, тыя заселі ў глыбіні; калі метымнейцы браліся за вёслы, тыя ламаліся; дэльфіны, выскокваючы ўгару з мора, білі хвастамі караблі і расслаблялі іх змацаванні. Са стромай скалы на мысе быў чуваць голас сірынгі, але ён не цешыў, як звычайна голас дуды, а кожнага, хто слухаў, палохаў, як ваенная труба. Устрывожаныя, кінуліся яны па зброю і крычалі: «Ворагі», хоць іх не бачылі, так што малілі яны, каб хутчэй зноў ноч прыйшла, нібы з ёю будуць мець перамір'е. Кожны, хто разумна разважае, зразумеў, што гэтыя прывіды і гукі — ад Пана, які за нешта гневаецца на мараплаўцаў. Але яны не маглі разгадаць прычыны — яны ж не абрабавалі ніводнага Панавага свяцілішча, — пакуль апоўдні ваяводу не агарнуў, не без волі багоў, сон, і, з'явіўшыся яму ў сне, Пан вось што сказаў:

27. «О сама злачынныя і сама бязбожныя з людзей, як маглі вы, звар'яцелыя, адважыцца на гэта? Напоўнілі вайною ваколіцы, што любыя мне, пагналі статкі кароў, коз, авечак, што пад маёю апекаю, адарвалі ад алтароў дзяўчыну, з якое Эрас хоча стварыць міф кахання; і не пасаромеліся вы німфаў, што глядзелі на вас, ні Пана, мяне. Таму не ўбачыце вы Метымны, пакуль плывяце з такою здабычаю, і не ўцячы вам ад гэтай сірынгі, якая наганяе на вас жах; я патаплю вас, аддам на корм рыбам, калі вы як мага хутчэй не аддадзіце Хлою німфам і Хлоіны чароды, яе коз і авечак. Устань жа і высадзі дзяўчыну з усім тым, што я табе сказаў. І я сам цябе ў плаванні правяду, а ёй дарогу дадому пакажу».

28. Вельмі ўстрывожаны Брыаксіс (так звалі ваяводу) ускочыў з ложа і, склікаўшы начальнікаў караблёў, загадаў як мага хутчэй знайсці сярод палонных Хлою. Яны хутка яе знайшлі і яму на вочы прывялі: яна ж сядзела ў вянку з хваёвых галінак.

Убачыўшы яе якраз такой, як яна выглядала ў сне, ён сам адвозіць яе на сваім галоўным караблі да берага. І як толькі яна ступіла на зямлю, зноў са скалы пачуўся голас сірынгі, але ўжо не ваенны, не грозны, а пастухоўскі, нібы на пашу авечак гоняць. І авечкі зараз жа збеглі з караблёў па сходцах, не коўзаючыся на сваіх раздвоеных капытках, а яшчэ адважней збеглі козы, бо ім у звычку лазіць па скалах.

29. Яны сталі ў кола, акружыўшы Хлою, нібы хор, скакалі і бляялі, як быццам яны радаваліся; а козы, авечкі, каровы іншых пастухоў аставаліся на сваіх месцах усярэдзіне карабля, як бы голас сірынгі і не клікаў іх. Пакуль усе ў здзіўленні ўслаўлялі Пана, на сушы і на моры адбыліся яшчэ дзіўнейшыя праявы. Караблі раней, чым метымнейцы паднялі якары, паплылі, карабель жа ваяводы вёў дэльфін, які ўсё выскокваў з вады. А коз і авечак вёў найсаладзейшы голас сірынгі, але таго, хто іграў, нідзе не было відаць; так што авечкі і козы, ідучы ўперад, заадно пасвіліся, радуючыся песні.