Выбрать главу

30. Быў, бадай, час другой пашы, калі Дафніс з высокай вартоўні ўбачыў статкі і Хлою; моцна ўскрыкнуўшы: «О німфы і Пан!», пабег ён уніз на раўніну і абняў Хлою; і тут жа асунуўся, страціўшы прытомнасць. Ледзь ачуняў ён ад Хлоіных пацалункаў і абдымкаў, якімі яна яго сагравала, тады падышоў да знаёмага бука і, сеўшы пад ім, пачаў распытвацца ў Хлоі, як яна змагла ўцячы ад гэтулькіх ворагаў. Яна яму ўсё расказала: пра плюшч на козах, пра выццё авечак, пра хваёвыя галінкі, што паявіліся ў яе на галаве, пра агонь на сушы, шум на моры, пра дваякія галасы сірынгі — ваенны і мірны, пра жахлівую ноч і пра тое, як ёй музыка паказала дарогу, якое яна не ведала. Тут Дафніс зразумеў і сон, спасланы на яго німфамі, і Панаву дапамогу, і сам расказаў усё, што бачыў, усё, што чуў, і як яму німфы, калі ён ужо збіраўся памерці, жыццё ўратавалі. Пасля ён паслаў, каб яна прывяла Дрыяса, Ламана і іх сямейнікаў і прынесла ўсё, што трэба пры ахвяраванні; а тым часам злавіў найлепшую з коз, прыбраў яе вянком з плюшчу, так, як яны паўсталі перад вачыма ворагаў, узліў малака між яе рагоў і зарэзаў яе ў ахвяру німфам, пасля, падвесіўшы, абадраў і прысвяціў ім шкуру.

31. Як толькі прыйшла ўжо Хлоя са сваімі, ён распаліў агонь і, частку мяса зварыўшы, а другую — спёкшы, першыя кавалачкі прынёс у ахвяру німфам, узліў ім кубак маладога віна, а пасля, зрабіўшы з зялёнага лісця ложа, зазнаў слодычы ў пітве і гульнях, заадно паглядваючы на статкі, каб і воўк не напаў і не зрабіў таго, што меліся зрабіць ворагі. Спявалі ў гонар німфаў нямала песняў, складзеных даўнейшымі пастухамі.

Калі ж надышла ноч, яны ляглі спаць там жа, на полі, а на другі дзень згадалі Пана і, прыбраўшы вянкамі з хваёвых галінак важака казінай чарады, павялі яго да хвойкі; тут, узліўшы віна, уславіўшы бога, зарэзалі таго казла, падвесілі і знялі шкуру. Мяса, спёкшы і зварыўшы, яны паклалі непадалёк на лузе на лісці; шкуру ж разам з рагамі прымацавалі да хвойкі каля статуі — пастушыны дар пастушынаму богу. Яшчэ прынеслі яму ў ахвяру мяса і ўзлілі з большага кубка віна. Хлоя спявала, а Дафніс іграў на сірынзе.

32. Пасля яны ляглі і пачалі баляваць; выпадкова падышоў да іх валапас Філет, які якраз прынёс Пану некалькі вянкоў і вінаградных гронак яшчэ на лазе з лісцем. З ім ішоў яго найменшы сын Тытыр, хлопчык з залацістымі валасамі, сінявокі, беленькі і жвавенькі: ідучы, ён лёгка падскокваў, як казлянятка. Усе падняліся, дапамаглі прыбраць вянкамі Пана і павесілі гронкі на голле хвойкі; тады запрасілі Філета прылегчы побач з сабою для балявання.

І як гэта водзіцца ў старых людзей, калі яны трошкі падпілі, пачалі доўга расказваць адзін аднаму: як яны пасвілі, калі маладыя былі, як ім удавалася ўратавацца ад шмат якіх разбойніцкіх нападаў. Адзін хваліўся, што забіў ваўка, другі, што ігрою на сірынзе толькі Пану ўступае, — то быў Філет, які пахваляўся гэтым.

33. І вось Дафніс і Хлоя пачалі яго настойліва прасіць, каб ён і з імі падзяліўся сваім умельствам і пайграў на сірынзе на свяце бога, які і сам вяселіцца сірынгаю. Філет паабяцаў, хоць паскардзіўся на старасць, — не той ужо дых, і ўзяў Дафнісаву сірынгу. Але яна была замалою для яго вялікага майстэрства, бо зроблена была на вусны хлопчыка. Тады ён паслаў Тытыра па сваю сірынгу, бо яго падвор'е было адсюль толькі стадыяў за дзесяць. І вось хлопчык, скінуўшы плашч, голы пусціўся бегчы, як алянятка; а Ламан паабяцаў ім расказаць пра сірынгу паданне, якое прапяяў яму адзін сіцылійскі казапас, атрымаўшы ва ўзнагароду казла і сірынгу.

34. «Сірынга, гэтая дудка, колісь не дудкаю была, а дзяўчынаю, прыгожаю, з пяшчотным голасам. Яна пасвіла коз, гуляла з німфамі, а пяяла, як і цяпер. Калі яна так пасвіла, гуляла, пяяла, падышоў Пан і пачаў яе схіляць на тое, чаго яму хацелася, і абяцаць ёй за гэта, што ўсе яе козы будуць прыводзіць двайнятак. Яна пасмяялася з яго кахання і сказала, што не хоча такога каханка, які не казёл і не цалкам мужчына.

Пан кінуўся ў пагоню за ёю, каб узяць яе сілаю. Сірынга ўцякла ад Пана і яго гвалту; уцякаючы, яна, зняможаная, хаваецца ў чароце, знікае ў балоце. Пан у злосці вырэзвае чарот, але дзяўчыны не знаходзіць і, зразумеўшы бяду, гэтую дудку вынаходзіць, злучае воскам няроўныя трубкі, бо ў іх каханне было няроўнае; і былая прыгожая дзяўчына цяпер пяшчотная сірынга».

35. Толькі што скончыў Ламан сваё апавяданне і Філет пахваліў, што расказаная казка саладзейшая за песню, як ужо стаіць зноў Тытыр, падаючы бацьку сірынгу, вялікую, з доўгімі трубкамі; і там, дзе яны звычайна змацоўваюцца воскам, яна аздоблена меддзю. Можна было б падумаць, што гэта была тая сірынга, якую Пан першую зрабіў. Філет падняўся, сеў на сядзенні прама і напачатку праверыў трубкі, ці праходзіць паветра; а пасля, пераканаўшыся, што нічога не замінае подыху, ён моцна, па-маладому падзьмуў. Можна было падумаць, што чуваць некалькі дудак разам, такая магутная была яго ігра. Патрошку зменшваючы сілу, ён перайшоў да больш пяшчотных напеваў, а каб паказаць усё майстэрства добрай пастухоўскай музыкі, ён зайграў, як належыць для статка кароў, як трэба для коз і якія напевы любяць авечкі. Пяшчотна для авечак, моцна для кароў, высока для коз.