Выбрать главу

3. Калі яны так весяліліся, да іх падышоў стары, апрануты ў казліную шкуру, абуты ў хадакі, на ім вісела пастушыная торба, ды і тая старая. Ён прысеў да іх і так сказаў: «Я, дзеткі, стары Філет, шмат спяваў тут німфам, шмат разоў Пану там іграў на сірынзе і толькі ігрою пасвіў вялікі статак. А прыйшоў да вас, каб тое, што бачыў я, расказаць, тое, што чуў я, перадаць вам. Я садок сваімі рукамі заклаў, даглядаю і цяпер, калі ўжо з-за старасці перастаў пасвіць; што кожная пара года прыносіць, тое я і маю там: увесну ружы і лілеі, гіяцынты і фіялкі дваякага роду; улетку мак і дзікія грушы і яблыкі ўсялякіх гатункаў; цяпер вінаград і фігі, гранаты і зялёныя мірты. Уранку ў гэтым садку збіраюцца чароды птушак — адны яды пашукаць, другія — каб паспяваць; густы, цяністы ён, тры крыніцы яго арашаюць; калі б хто агароджу прыняў, то мог бы падумаць, што бачыць гай.

4. Калі я сёння апоўдні зайшоў, убачыў пад гранатавымі і міртавымі кустамі хлопчыка з міртавымі ягадамі і гранатамі ў руках, белага, як малако, русявага, як агонь, бліскучага, як бы ён толькі што выкупаўся. Быў ён голы, адзін і гарэзаваў, зрываючы, што яму спадабалася, як быццам гэта быў яго сад. Я і кінуўся да яго злавіць, баючыся, каб ён, сваволячы, не паламаў міртаў і гранатаў; але ён спрытна і лёгка выслізнуў ад мяне, то ўцякаючы ў кусты ружаў, то хаваючыся ў макі, як маладзенькая курапатка. Я не раз зазнаваў клопату, даганяючы казлянят-сысункоў, не раз знемагаў, ганяючыся за маладымі цяляткамі; але гэтае стварэнне было надзвычай выкрутлівае і няўлоўнае. Стаміўся я, бо ўжо стары, абапёрся на кій, заадно сочачы, каб ён не ўцёк, і спытаўся ў яго, ад якіх ён суседзяў і як ён надумаўся пустошыць чужы сад. Але ён мне нічога не адказаў, а, падышоўшы бліжэй, усміхнуўся вельмі пяшчотна і пачаў кідаць у мяне міртавымі ягадамі, і, сам не ведаю як, заваражыў ён мяне, што больш я не мог гневацца. Тады я папрасіў яго, каб даўся мне ў рукі і больш не баяўся, і пакляўся я міртамі, што зноў дазволю яму заўсёды і садавіну браць, і кветкі рваць, калі ад яго хоць адзін пацалунак мне прыпадзе.

5. Тады ён вельмі звонка рассмяяўся, і голас яго быў такі, якога не мае ні ластаўка, ні салоўка, ні лебедзь, калі ён такі стары, як я ... «Мне, Філет, не цяжка цябе пацалаваць, бо я больш хачу цалавацца, чым ты зрабіцца маладым. Але паглядзі, ці пад твой узрост такі падарунак. Твая ж старасць не стрымае цябе, каб не гнацца за мною пасля аднаго пацалунка. Але не злавіць мяне ні ястрабу, ні арлу, ні якой іншай шпарчэйшай за іх птушцы. Я не хлопчык, нават калі і здаюся хлопчыкам, я старэйшы, чым Кронас і чым увесь час. Я ведаў цябе, калі ты яшчэ дзецюком пасвіў там на паплавах шырока расцягнуты статак, і я быў пры табе, як ты каля тых дубоў іграў на сірынзе, калі быў закаханы ў Амарыліс. Але ты не бачыў мяне, хоць я стаяў вельмі блізка ля дзяўчыны. Гэта я яе табе даў, і ты ўжо маеш сыноў — добрых валапасаў і земляробаў. Цяпер я пасу Дафніса і Хлою,і калі я з самага ранку звяду іх, тады іду ў твой сад, і радуюся кветкам і кустам, і мыюся вось у гэтых крыніцах. Таму такія прыгожыя кветкі і кусты, бо іх пояць воды, у якіх я купаюся. Паглядзі ж, ці хоць адзін куст у цябе зламаны, ці які плод сарваны, ці корань кветкі якой растаптаны, ці якая крыніца закаламучаная. І цешся, што сярод людзей ты адзіны ў старасці ўбачыў гэтае дзіця».

6. Сказаўшы гэта, ён узвіўся, як малады салоўка, на кусты мірту і, перебіраючыся з галінкі на галінку, дабраўся праз лісце на вяршыню. Я заўважыў крыльцы ў яго за плячыма і між крыллем і плячыма невялікі лук і стрэлы і больш не ўбачыў ні іх, ні яго самога.

«Калі я нездарма дажыў да сівых валасоў і мой розум не здзяцінеў ад старасці, то вы, дзеткі, прысвечаны Эрасу і Эрас дбае пра вас».