Выбрать главу

7. З вялікаю асалодаю, нібы казку, а не праўдзівае апавяданне, слухалі яны гэта і спыталіся ў яго, што ж такое Эрас, хлопчык ці птушка, і ў чым яго сіла. І Філет на гэта сказаў: «Эрас, дзеткі, бог малады, прыгожы, крылаты; таму яго цешыць маладосць, таму за красою ганяецца і душы ўскрыляе. А сіла яго такая, якой і Дзеўс не мае. Ён пануе над стыхіямі, пануе над зоркамі, пануе над такімі, як сам, багамі; такой улады вы не маеце над сваімі козамі і авечкамі. Усе кветкі — работа Эраса; гэтыя расліны — яго стварэнне. З яго волі рэкі цякуць, вятры дзьмуць. Бачыў я быка, распаленага жадобаю, як аваднём уджалены, роў ён; бачыў і казла, поўнага імпэту да казы, за ёю ўсюды ён бегаў следам. І сам я быў малады і кахаў Амарыліс; і мне яда не была ў галаве, і я піць не піў і сон забыў. Душа мая балела, сэрца білася, цела трымцела; то я крычаў, нібы мяне білі, то я маўчаў, нібы мяне ўжо забілі, то я ў рэкі кідаўся, нібы мяне агнём палілі; я клікаў Пана на дапамогу, ён жа і сам быў у Пітыс закаханы; я праслаўляў Эхо, бо яна за мною імя Амарыліс паўтарала; я свае сірынгі разбіў, бо яны хоць кароў чаруюць, але Амарыліс не вабяць. І няма ад Эраса аніякіх лекаў — ні ў ядзенні, ні ў піценні, ні ў замоваў гаварэнні, — хіба толькі пацалункі, ды абдымкі, ды голымі адно з адным ляжаць».

8. Пасля гэтых павучанняў Філет пакідае іх, абдораны некалькімі сырамі і казляняткам, у якога пракінуліся ўжо рожкі. Астаўшыся на адзіноце і пачуўшы ўпершыню тады імя Эраса, яны адчулі ў душы нястрымнае каханне, і, вярнуўшыся ўночы ў свае падвор'і, пачалі яны параўноўваць тое, што пачулі, з тым, што самі адчулі: «Закаханыя пакутуюць, і мы таксама. Яны ні на што не зважаюць, і мы даўно таксама. Яны не спяць, і нам цяпер так цярпець даводзіцца. Ім здаецца, што іх паліць агнём, і ў нас агонь палае. Яны хацелі б заўсёды адно аднаго бачыць, і мы таксама молім, каб хутчэй вярнуўся дзень. Мабыць, гэта каханне, і мы кахаем адно аднаго, не ведаючы, ці гэта каханне і ці кахаюць мяне. Бо чаму ж мы тады пакутуем, чаму шукаем адно аднаго? Філет усю праўду сказаў. Гэты хлопчык у садзе прысніўся некалі нашым бацькам і наказаў, каб мы пасвілі статкі. А як яго злавіць? Ён малы і ўцячэ. А як ад яго ўцячы? Ён мае крылле і схопіць. У німфаў нам трэба шукаць заступніцтва і дапамогі. Але і Філету, калі ён закахаўся ў Амарыліс, Пан не дапамог. Дык, значыць, нам патрэбна звярнуцца да лекаў, якім ён вучыў нас, — пацалункі, і абдымкі, і голымі класціся на зямлі. Хоць ужо і холадна, але выцерпім, цярпеў жа і Філет».

9. Такою навукаю была для абаіх гэтая ноч. І калі на другі дзень, выгнаўшы статкі на пашу, яны ўбачылі адно аднаго, то пацалаваліся, чаго ніколі раней не рабілі, і абняліся, абвіўшы адно аднаго рукамі; а на трэція лекі — раздзеўшыся легчы — было заадважна не толькі для дзяўчыны, але і для маладога казапаса.

І зноў прыйшла ноч без сну з думкамі пра тое, што зрабілі, і з папрокамі за тое, што ўпусцілі. «Цалаваліся мы, а карысці ніякай; абдымаліся мы, а, бадай што, не лепш. І вось легчы разам — адзіныя лекі ад кахання; паспрабуйма і іх; пэўна ў гэтым будзе нешта мацнейшае за пацалунак».

10. Пры такіх думках, як гэта бывае, сніліся ім і каханне, і пацалункі, і абдымкі; і што яны ўдзень не рабілі, тое рабілі ўночы: голыя ляжалі адно каля аднаго. І яшчэ больш натхнёныя падымаліся яны з надыходам дня і са свістам гналі свае статкі, спяшаючыся да пацалункаў: і, убачыўшы адно аднаго, беглі, усміхаючыся, насустрач. І, вядома, былі пацалункі, а тады і абдымкі, толькі з трэцімі лекамі яны марудзілі, ні Дафніс не адважваўся сказаць, ні Хлоя не рашалася пачаць, але выпадак і гэта зрабіў.

11. Седзячы адно пры адным каля дубовага пня, ужываючы слодыч пацалункаў, яны прагна аддаваліся раскошы. Абвівалі адно аднаго рукамі, мацней прыціскаючыся вуснамі да вуснаў. І калі Дафніс у такім абдымку больш парывіста прыцягнуў да сябе сваю Хлою, яна падалася на бок, і ён схіляецца ўслед за ёю, не хочучы згубіць яе пацалунка. І пазнаўшы ў гэтым тое, што бачылі ў сне, яны доўгі час пакоіліся доле, нібы звязаныя. Але не ведаючы, што рабіць далей, і ўважаючы гэта за вяршыню раскошы кахання, дарэмна правёўшы большую частку дня ў абдымках, яна рассталіся і пагналі назад свае статкі, злуючыся на ноч. Можа, з часам яны і зрабілі б што трэба, калі б вось які рэзрух не ахапіў усе тыя мясціны.

12. Маладыя багатыя метымненцы, якія хацелі падчас збору вінаграду павесяліцца за горадам, падрыхтавалі маленькі карабель, слуг пасадзілі на вёслы і паплылі ўздоўж мітыленскіх палёў, што падыходзілі блізка да мора. Бо гэтае ўзбярэжжа багатае на добрыя прыстані, раскошна ўпрыгожанае будынкамі; скрозь купальні, паркі, гаі: адно стварыла прырода, другое — людское ўмельства; усё цудоўнае для весялосці. Плывучы ўздоўж берага і прыстаючы то тут, то там, яны весяліліся, нікому не чынячы ні найменшага ліха, то лавілі з надморскай скалы на кручкі, прывязаныя тонкаю лескаю да доўгіх чароцін, рыбу, што вадзілася між камянёў; то з сабакамі і сеткамі лавілі зайцоў, якія ўцякалі ад гаманы ў вінаградніках. Выпраўляліся яшчэ і на птушак, лавілі ў сіло дзікіх гусей, качак і дроф, так што апроч забавы яны мелі сеё-тое і на стол. Калі ж яшчэ ў чым была патрэба, бралі ў сялян, плоцячы ім большыя грошы, чым таго цана вымагала. Але трэба былі ім толькі хлеб, віно ды начлег, бо яны ўважалі неасцярожным з прыходам восені аставацца на ноч у адкрытым моры; таму, баючыся буры ўначы, яны выцягвалі карабель на бераг.