Выбрать главу

Усё атрымалася наадварот і ў маладажонаў Асцёрскіх: іх жыццё крута перамянілася ў горшы бок, разлучыла іх — і невядома ці злучыць. Відаць, нейкаму нягодніку іх шчасце калола вочы, і ён вырашыў разбурыць яго. І, трэба сказаць, ён дабіўся свайго: мала, што Міхась стаў цяпер рабочаю жывёлінай, дык яшчэ Таіса публічна адраклася ад яго, Міхася, бацькі яе дзіцяці, як ад «ворага народа». Не, такога яшчэ свет не чуў і не бачыў! А нягоднік радуецца, смяецца... «Але нічога, прыйдзе і на яго мор, час адплаты непазбежны!» — кажа сабе Міхась, гледзячы праз маленькае акенца з кратамі на заснежаныя бязмежныя прасторы.

Так за некалькі гадзін ён прайшоў у думках праз усё сваё нядоўгае жыццё.

Міхасю хоць трошкі ды пашчасціла: ён размясціўся на вагонных нарах другога паверха, каля сцяны з маленькім акенцам, праз якое ён назіраў за ўсім, што мільгала па-за вагонам. Бачыў ён бясконцыя белыя палі і цёмна-сінія лясы, скаваныя лёдам рэкі і азёры, замеценыя снегам маленькія вёскі з саламянымі стрэхамі, вялікія і малыя гарады, якія патаналі ў электрасвятле. Калі цягнік праходзіў міма станцый, ён чытаў шыльды, якія азначалі іх шлях. Міхась стараўся запамятаць іх і называў сваім суседзям па нарах. Адным словам, гэтыя шыльды дапамагалі яму арыентавацца, дзе яны праязджаюць, дапамагалі на практыцы пашыраць веды па геаграфіі.

— Таварышы, мы ўжо прамінулі Мгу, Чарапавец і Котлас, хутка будзем у Пярмі,— паведамляў ён сябрам па няшчасці.

— Не ў Пярмі, а ў Молатаве,— хтосьці паправіў яго.

— Не ўсё роўна? Кажуць, станцыя мае старую назву,— умяшаўся трэці.

А калі пад’ехалі да гэтай Пярмі-Молатава і ім пачалі раздаваць баланду, пачуўся голас з далёкага кутка вялізнага вагона:

— Сябры, мо пачакаем з ежай, у нас нябожчык.

— Хто? — спытала адразу некалькі чалавек.

— Студэнцік Віця Чайкін.

— Гэта той, што ўвесь час сумаваў па маладой жонцы і плакаў?

— Той самы.

Так, сапраўды гэта быў той самы студэнт тэхнікума сувязі, з якім Міхась нейкі час знаходзіўся разам у камеры 889 ленінградскіх «Крыжоў». Ён і тады ўвесь час сумаваў па маладой і любімай жонцы, таксама студэнтцы тэкстыльнага тэхнікума.

Каб не вярнулі назад пайкі і порцыі баланды, згаладалыя вязні не сказалі ахове аб смерці Чайкіна, пакуль не закончылі сняданне. І толькі тады далажылі начальству. Прыйшлі ахоўнікі, труп вынеслі з вагона, нібы які мяшок, і кудысьці пацягнулі за будынак станцыі. Неўзабаве пасля гэтага цягнік крануўся з месца і пачаў набіраць хуткасць. Бывай Перм-Молатаў і сябар Віця Чайкін!.. Чыя чарга за табою, ніхто пакуль не ведае, але гэта толькі пачатак...

— Хто ведае, што прыпісвалі гэтаму бедалагу Віцю Чайкіну? — спытаў хтосьці ў суседзяў нябожчыка.

— Шпіянаж на карысць буржуазнай Латвіі ці Літвы,— пачуўся адказ з далёкага кутка.

— А яшчэ тое, што ў яго пад падушкай знайшлі томік Ясеніна,— дадаў другі голас з таго ж кутка.

Смерць Чайкіна як быццам абудзіла ад глыбокага сну незвычайных пасажыраў незвычайнага цягніка. Бо гэта была першая ластаўка з такіх трагічных здарэнняў у далёкай дарозе. А таму яна так балюча кранула сэрцы зняволеных людзей.

Праз суткі на станцыі Свярдлоўск вынеслі з вагона яшчэ адну ахвяру — калгаснага «дыверсанта», былога брыгадзіра-палявода Палкіна. Гаварылі — не перанёс пабояў, якія яму давялося выцерпець яшчэ ў «Крыжах». Ён часта плакаў і стагнаў. Ён аддаў богу душу пад раніцу. Калі яго выносілі з вагона, на двары быў люты мароз. Было так холадна, што ў байца-канваіра з вачэй цяклі слёзы і здавалася, што ён плача.

Калі раздавалі баланду, у вагон кінулі конусны кавалак цукру — да заваранага танным чаем кіпятку.

— Начальнік, а як дзяліць гэты цукар? — звярнуўся да канваіра, які быў з раздатчыкамі, стараста вагона,— У нас такіх галоў ужо назбіралася цэлых пяць.

— Як можаце, так і дзяліце,— адказаў той і зачыніў дзверы вагона.

Міхась, як нешта ўспомніўшы, раптам прапанаваў:

— Таварышы, калі вы не пагрэбуеце, я падзялю вам гэты цукар.

— Ды хто тут будзе грэбаваць, дзялі, браток,— узрадаваўся стараста, а разам з ім і ўсе вязні.— Толькі як ты гэта зробіш?

— Як зраблю — пабачыце,— адказаў Міхась.— Вы толькі папрасіце канвойнага начальніка, каб ён дазволіў разбіць гэтыя галовы на меншыя часткі, астатняе я сам усё зраблю.

— Добра, папрашу,— запэўніў стараста.

На наступным прыпынку (а цягнік гэты спыняўся часта і стаяў падоўгу) стараста звярнуўся да старшага канваіра з просьбай. Той, хоць неахвотна, але ўсё ж такі дазволіў раскалоць галоўку цукру на чатыры часткі, а ўсё астатняе, як і абяцаў, узяў на сябе Міхась. Ён, не спяшаючыся, кожны вялікі кавалак цукру раскусваў зубамі на дробныя часткі. Усё далейшае даробліваў стараста: ён кожнаму вязню ўручаў па порцыі.