Выбрать главу

— Асцёрскаму, які раздрабляе цукар, трэба даваць дзве порцыі,— пачуўся з глыбіні вагона голас.

— Тры, а не дзве! — падтрымаў другі голас.— Без яго мы наогул гэты цукар толькі бачылі б.

— Таварышы, не спрачайцеся,— адказаў Міхась,— я ўсё роўна больш як адной порцыі не вазьму. Што ўсім, тое і мне.

— А можа, возьмеш? — з недаверам у голасе спытаўся стараста.

— Сказаў не, значыць, не! — адрэзаў Міхась.— А калоць абяцаю да канца маршрута.

І ён кожны дзень старанна калоў сваімі моцнымі зубамі конусныя галоўкі цукру. І так усе трыццаць дзён гэтай цяжкай невясёлай дарогі.

Калі вязні пераканаліся, што Міхась не хітруе, яму пачалі давяраць дзяліць і ўсё астатняе, што трапляла ім у вагоне — прадукты, тытунь, халву, якой часам замянялі цукар, і іншае — старасту так не верылі, як яму.

Чым далей ехалі на ўсход, а затым і на паўночны ўсход, тым часцей і больш стаяў цягнік на розных станцыях — як на вялікіх, так і малых. Ён доўга стаяў у Цюмені, Омску, Барабінску, Новасібірску, Юрзе, Тайзе, Яі, Ачынску, Краснаярску, Канску, Зіме, Іркуцку. І амаль на кожнай станцыі выносілі з вагона нябожчыкаў. У іншых вагонах гэтага цягніка рабілася тое ж самае. Спачатку гэта палохала і неяк прыгнятала людзей, а потым паступова яны прывыкалі — страшная з’ява рабілася будзённай.

Байкал аб’язджалі ноччу, яго нельга было ўбачыць у акенца вагона. Міхась вельмі шкадаваў, што не давялося паглядзець на гэтае унікальнае тварэнне прыроды. Калі ж ён сказаў пра гэта суседу, той з усмешкаю супакоіў яго:

— Не бядуй, Асцёрскі, яшчэ пабачыш,і, можа, не адзін раз. Мо нават яшчэ ўсё гэта табе абрыдне.

— Усё можа быць,— згадзіўся Міхась.— Але ж цікава было б і цяпер зірнуць на гэтае «слаўнае мора».

На трыццатыя суткі прыехалі ва Улан-Удэ, адкуль пасля нядоўгай стаянкі, замены паравоза і яго брыгады адправіліся на канцавую сваю станцыю — Заудзінск.

У Заудзінску ўсіх зняволеных высадзілі з вагонаў і размясцілі ў палатках, нягледзячы на тое, што ўжо стаялі лютыя маразы. За трое сутак усё немалое зборышча народу рассартавалі, падзялілі на групы і пачалі рыхтаваць да адпраўкі на ўчасткі трасы будучай чыгункі. Траса гэтая пралягала праз усю Бурацкую (тады Бурат-Мангольскую) АССР — ад Заудзінска да Навушак. Даўжыня яе складала 250 кіламетраў.

Дабірацца да месца прызначэння трэба было пехатой. А таму начальства будучага лагера (Южлага) разам з камандаваннем аховы прапанавала зняволеным пакінуць пад распіску свае лішнія і цяжкія рэчы, якія абяцалі адразу ж прывезці на машынах услед за імі. Шмат хто паддаўся на спакусу палёгкі і здаў свой набытак з надзеяй, што ён не прападзе. А Міхась, навучаны горкім вопытам — яму не вярнулі яго 25 рублёў ні ў Ленінградзе, ні ў Заудзенску,— рашыў, што хай усё будзе пры сабе — хоць цяжкае, ды сваё. Той, хто паверыў слову энкавэдыстаў, рэчаў сваіх больш не ўбачыў: іх падзяліла паміж сабой канвойнае і лагернае начальства, а ўсякія лахматы даставілі на месца. Калі ж людзі пачалі пытацца пра свае рэчы, пачулі ў адказ:

— Мы нічога не ведаем. Чакайце. Прывязе той, хто прымаў.

Ішоў час, шмат каго завезлі на могілкі, а рэчы і па сённяшні дзень усё вязуць.

  Цяжкі пераход

Якраз у сярэдзіне лютага калоны нявольнікаў рушылі ў паход. Ад марозу трэскалася зямля і скалы голых сопак. Хацеў хто ці не хацеў, а трэба ісці: сам мароз падганяў. Калі хто стамляўся і ад слабасці ці ад хваробы падаў, падбіралі машыны. Але гэта не ратунак: ад холаду на адкрытай машыне можна было хутчэй развітацца з жыццём, чым ідучы пехатой. Ішлі не па намечанай трасе будучай будоўлі, а больш трымаліся рэчышча ракі Селенгі, хоць гэта і павялічвала адлегласць.

Трэба было прайсці 190 кіламетраў, калі прытрымлівацца трасы, а пры рэчышчы то прайшлі ўсіх 200, а можа, і болей. Ішлі дзесяць сутак да населенага пункта Білютай, дзе павінна была будавацца станцыя будучай чыгункі. Гэта непадалёку ад вялікай вёскі Селендум. Хутка ісці не маглі, але вызначаных 20—25 кіламетраў у дзень праходзілі, спыняліся і рабілі прывал на цэлую ноч. Адразу ж нацягвалі палаткі, у якіх рыхтавалі ежу і начавалі.

Гарачая страва — адзін раз у суткі, а астатняе — сухія прадукты: хлеб і салёная камбала ці гарбуша. Для таго, каб зварыць баланду, растаплялі снег у катле. А што датычыць чаю, дык яго спрабавалі гатаваць самі зняволеныя ў якіх-небудзь праржавелых бляшанках, знойдзеных па дарозе. Пасля салёнай камбалы нап’ецца чалавек такога «чаю» — і адразу ж панос. А лазарэта ў дарозе няма. І вось чалавек пакутуе сам і прыносіць пакуты і турботы іншым: з-за яго затрымліваецца рух калоны. Для такіх бедакоў не хапала машын. І ім даводзілася ісці разам з усімі. А з-за іх трэба было рабіць лішнія прыпынкі. Шмат хто з такіх хворых не дайшоў да прызначанага месца — у дарозе злажыў свае крылы...